Старонка:Замоцін Багдановіч.pdf/11

Гэта старонка была вычытаная

інтарэсаў. Гэта быў В. В. Белавусаў, "тыповы гуманісты", — як яго азначае А. Ю., — "дасканалы знаўца грэцкае і латынскае мовы і клясычнай старасьветчыны", які разам з гэтым добра ведаў і новыя эўрапэйскія мовы. "Максім вельмі часта яго наведваў"—расказвае А. Ю. „Гутаркі гэтага высокаадукаванага чалавека па пытаньнях літаратуры і мастацтва, бязумоўна, мелі добры ўплыў на разьвіцьцё Максімавага густу і мастацкага чуцьця. Ён-жа кіраваў заняткамі Максіма пры вывучэньні ім мовы грэцкай, італьлянскай і Францускай, якімі Максім займаўся ня толькі ў гімназічны час, але і ў гады студэнцтва, карыстаючыся кіраўніцтвам і паказаньнямі гэтага свайго настаўніка і сябра". Пад кіраўніцтвам В. В. Белавусава, трэба думаць, канчаткова ўмацавалася тая шырокая цікавасьць да узораў антычнае і заходня-эўрапэйскай літаратуры, якая была заложана яшчэ бацькаўскаю сыстэмай першапачатковага навучаньня і па-заклясавых заняткаў; адгэтуль-жа, мусіць быць, вядзе свой пачатак нахіл Максіма Багдановіча да антычнай мэтрыкі і да перакладаў і перайманьняў з антычных і заходня- эўрапэйскіх поэтаў (гл. т. І, разьдз. ІІ, "Вянок", № № 153, 154, 169, 178 і разьдз. ІІІ―пераклады).

Другі момант у гімназічным кругабезе жыцьця М. Багдановіча, які мае сувязь з ростам яго разумовых і літаратурных інтарэсаў, трэба бачыць у яго ўдзеле ў гімназічным рэвалюцыйным руху. Гэты рух ахапіў Ніжагародзкую гімназію, як і іншыя навучальныя ўстановы ў 1905 і 1906 годзе. Звонку гэта выявілася ў вучнёўскіх мітынгах і ўсялякіх школьных непарадках аж да ўзрыву бляшанкі з порахам, вынікам якіх было часамі часовае зачыненьне некаторых клясаў. Максіма Багдановіча гэты рух застаў у 4-ай клясе, дзе ён прабыў два гады (1905-1906, 1906-1907). У адносінах да школьнага жыцьця ўдзел яго ў рэвалюцыйным руху прывёў: 1) да таго, што ён, адарваўшыся, як і некаторыя іншыя яго таварышы, ад правільнага вучэньня, прымушан быў застацца на другі год у той самай клясе; 2) да таго, што ён, пакрываючы таварыша, умяшаў сябе ў справу аб узрыве ў гімназіі і прымушан быў даваць тлумачэньне гімназічнаму начальству і 3) да таго, нарэшце, што яго ня зразу прынялі ў Яраслаўскую гімназію, як непакойнага вучня, і першы час пасьля прыёму яго (у 6-ую клясу, у сярэдзіне 1908-9 вуч. году) адносіліся да яго падазрона. Але ў дачыненьні да яго агульнага разьвіцьця і падрыхтоўкі да літаратурнай дзейнасьці гэты рух меў больш сур'ёзныя вынікі. Не бяз уплыву большага брата Вадзіма, які прымаў жывы ўдзел у гімназічных непарадках і на мітынгах выступаў, як выдатны прамоўца,—Максім прыкметна захапляўся політыкаю. Не жадаючы, аднак, проста пераймаць брата, ён, як расказвае А. Ю., з арыгінальнасьці "абвясьціў сябе анархістым". Пры гэтым—"ён ня толькі пакінуў вучэбныя заняткі, але часткова закінуў сваю ўлюбёную беларусіку. На стале ў яго зьявіліся Бакунін, Прудон, Эльцбахэр, Малатэста, Чэркэзаў і інш... Ён неўзабаве ўтварыў у сваёй клясе (4-ай!) гурток юных анархістых і нават хацеў, так сказаць, легалізаваць яго (шляхам наданьня клясе права сходаў). Гэты паварот у бок політычных і соцыяльных тэм і пытаньняў належыць, вядома, адзначыць. З маленства прывыкшы жыць у атмасфэры грамадзкасьці, якая абкружала заўсёды яго бацьку і яго бліжэйшае асяродзьдзе, Максім цяпер, пад уплывам гімназічных уражаньняў, значна паглыбляе сваю сувязь з соцыяльнай стыхіяй і, так сказаць, падрыхтоўвае яе ўступленьне побач з "беларусікаю" ў тэматыку яго поэтычнай творчасьці. Гэтым, вядома, тлумачыцца, што, пашыраючы і далей колас сваіх соцыяльных думак і нагляданьняў у студэнцкія гады, ён аб'яднаў у сваіх творах свае эстэтычныя перажываньні