Старонка:Замоцін Багдановіч.pdf/12

Гэта старонка была вычытаная

з перадрэвалюцыйнымі настроямі і нацыянальныя тэмы Беларусі, якая адраджалася, з яе соцыяльнымі запатрабаваньнямі.

Трэці момант з гімназічнага кругабегу жыцьця Максіма Багдановіча, які мае таксама датычэньне да крыніц яго творчасьці,―гэта яго розныя паездкі ў час канікулаў, якія абагачалі яго ўражаньнямі ад малюнкаў прыроды і побыту, якія прыходзілася яму наглядаць, а часткова і ад некаторых новых сустрэч і знаёмстваў. Шэраг гэтых паездак пачынаецца з 1900 г., г. зн. яшчэ за два гады да паступленьня Максіма ў гімназію, калі А. Ю. упяршыню павёз сваю сям'ю на кумыс,― галоўным чынам, дзеля большага сына Вадзіма, у якога ужо выявіліся адзнакі сухотаў. Дзеля адпачынку і лячэньня А. Ю. пасяліўся з сям'ёю ў аднаго башкіра ў вёсцы Караякупава Уфімскай губэрні. Тут дзеці былі заўсёды блізка да прыроды і добра азнаёміліся як са стэпам у яго летнім убраньні, так і з перадгор'ямі Уралу. Робячы з дзецьмі прагулкі, А. Ю. стараўся зрабіць з гэтых прагулак літаратурныя экскурсіі, менавіта―да малюнкаў стэпавай прыроды падбіраў мастацкія ілюстрацыі з адпаведных твораў Аксакава, якія тут-жа чытаў дзецям. Калі прыняць пад увагу, што ў Уфімскую губэрню сям'я А. Ю-ча ехала скрозь параходам―па Волзе, Каме і Белай―і толькі частку шляху, варочаючыся назад, праехала па чыгунцы, то прыходзіцца лічыць, што гэта паездка была для дзяцей, а асабліва для уражлівага Максіма, вельмі багатаю новымі малюнкамі і нагляданьнямі. Другая паездка, таксама на кумыс, была ў 1904 годзе. Гэты раз А. Ю. адправіў на кумыс толькі двух сваіх сыноў, Вадзіма і Максіма, і пасяліў іх у сям'і свайго сябра доктара і. К. Семакіна, які жыў у горадзе Белебеі Уфімскай губ. У гэту паездку, апрача ўражаньняў ад новых месц Максім атрымаў магчымасьць блізкага дачыненьня да высокаадукаванай сям'і Семакіна, жонка якога, да таго-ж, была дасканалаю сьпявачкаю, і значыцца, Максім другі раз (першы раз сям'я Шчарбаковых) апынуўся ў сфэры ня толькі разумовых, але і музычных уплываў. У гады 1905-8, калі А. Ю. асабліва быў заняты грамадзкаю работаю, ніякія далёкія паездкі не наладжваліся, і дзеці павінны былі здавольвацца ў канікулярны час звычайнаю дачаю. Але вясною 1909 году, калі праз год пасьля сьмерці старэйшага брата Вадзіма, які памёр ад сухот, у Максіма таксама выразна стаў разьвівацца сухотны процэс, зноў паўстала пытаньне аб паездцы для лячэньня. Згодна парады доктара, А. Ю. павёз сына ў Ялту і пасяліў у пансіёне на малочнай фэрме "Шалаш" блізка ад Аўткі, недалёка ад дачы А. П. Чэхава. Абстаноўка адпачынку і лячэньне сярод крымскай прыроды трохі занадта ўскладнілася тут вясёлаю кампаніяю маладых людзей—мужчын і жанчын, сярод якіх прышлося Максіму жыць. Але ўсё такі ён адпачыў, значна паправіўся і перажыў шэраг сьвежых і яскравых уражаньняў, якія ўвайшлі, як матар'ял, у яго творчасьць,—галоўным чынам за раньнія гады. Сярод гэтых уражаньняў асаблівую ўвагу спыняе яго знаёмства з аднэю маладою дзяўчынаю М. А. К-ной, якое пакінула, як мы убачым ніжэй, сваеасаблівы сьлед у яго вершах (т. І, разьдз. І. № № 6 і 18) і ў перапісцы.

Рэшту паездак—на Беларусь у 1911 годзе, на кумыс у 1913 годзе, ў Стары Крым у 1915 і, нарэшце, апошняя паездка ў Ялту ў 1917 г. адносяцца ўжо да гадоў па сканчэньні гімназіі.

Апрача трох адзначаных ужо момантаў з гімназічнага жыцьця Максіма Багдановіча, г. зн. уплыву настаўніцкага асяродзьдзя, асяродзьдзя сяброўскага—асабліва ў сувязі з рэвалюцыйным браджэньнем у гімназіі і ўплыву вонкавых, па-заклясавых перажываньняў—галоўным чынам, паездак на кумыс і ў Крым,—неабходна ўзяць пад увагу