Старонка:Замоцін Багдановіч.pdf/13

Гэта старонка была вычытаная

таксама і самыя адносіны яго да вучэньня ў школе. Першыя часы ён вучыўся добра, тым больш, што сыстэматычная хатняя падрыхтоўка палягчала яму школьную работу. Але ў 1905-1906 гадох, калі вучэбныя заняткі наогул вышлі з каляны пад уплывам політычных падзей, Максім, нараўне з іншымі сябрамі, значна астыў у адносінах да школы, і ў апошнія гады свайго вучэньня ў гімназіі, г. зн. у 1908―1911, аддаваў ужо досыць мала энэргіі і часу гімназічнай рабоце. Адгэтуль робіцца зразумелым, што ён скончыў курс з сярэднім атэстатам, у якім адметкаю "отлично" ацэнены толькі расійская мова з славеснасьцю і законазнаўства, адметкаю "чатыры"―філëзофская пропэдэўтыка, фізыка, гісторыя і географія, адметкаю "тры"―усе іншыя прадметы. Самыя адносіны яго да наведваньня гімназіі і да лекцый былі таксама сярэднія: клясныя журналы адзначаюць (па даведках А. Ю-ча) частыя яго спазьненьні, пропускі лекцый, уход з лекцый, заняткі на лекцыях пабочнай справай і г. д.

Жвавы і рухавы, рана―чуць ня з трэцяе і чацьвертае клясы―захоплены па-заклясавымі інтарэсамі школы, Максім Багдановіч натуральна ня мог цалкам аддацца звычайнай школьнай рабоце і дзяліў сваю ўвагу і час паміж школьнымі і па-зашкольнымі заняткамі, асяродзьдзем хатнім і асяродзьдзем сяброўскім, рэвалюцыйным рухам і захапленьнем беларусазнаўствам або беларусікаю", паводле выразу А. Ю-ча. Прыходзіцца аднак констатаваць, як бязумоўны факт, што "беларусіка" ўжо ў гімназічныя гады, асабліва ў сярэдніх і старэйшых клясах, стаяла ў цэнтры ўсіх іншых інтарэсаў і захапленьняў Максіма Багдановіча і у ëй, як у фокусе, сходзіліся і пераламляліся ўсе тыя інтэлектуальныя, эстэтычныя і соцыяльна-політычныя перажываньні, якія прыпадаюць на гады школьнага вучэньня; да яе менавіта, да гэтай „беларусікі“, ён адносіў іх цалкам, як другарадны, дапаможны матар'ял, які павінен быў увайсьці ў склад яго веданьня радзімы і пытаньняў, якія былі зьвязаны з ёю і яго хвалявалі. З гэтым пануючым ухілам у бок беларусазнаўства Максім Багдановіч уступіў у свае студэнцкія гады.

IV

Студэнцкія гады (1911-1916). Выбар факультэту; імкненьне да навуковага беларусазнаўства; прычыны паступленьня ў Яраслаўскі Ліцэй. Адносіны да Ліцэйскіх заняткаў. Характар разумовых інтарэсаў у студэнцкія гады. Нахіл да габінэтных заняткаў і працы над кнігаю; значэньне бібліотэкі бацькі. Кола літаратурнай начытанасьці Максіма Багдановіча і яе концэнтры: антычная і заходняэўропэйская літаратура, славянскія літаратуры, беларуская літаратура; блізкае знаёмства з сучаснай яму поэзіяй, у прыватнасьці, з сымболістамі. Беларусазнаўства, як цэнтральны пункт у разумовых інтарэсах М. Б-ча ў гэтыя гады. Заняткі яго беларускаю моваю, беларускаю гісторыяю, этнографіяю і літаратураю. Формаваньне яго поглядаў на беларускую культуру і яе гістарычнае значэньне.

______________

Студэнцтва зьяўляецца для Максіма Багдановіча апошнім кругабегам, які завяршаў яго кароткі жыцьцёвы шлях. Дзеля гэтага ўсе тыя моманты, якія асабліва важны для выяўленьня крыніц творчасьці дадзенага пісьменьніка і якія знаходзяцца, галоўным чынам, у гады дасьпяваньня яго таленту, у дачыненьні да Максіма Багдановіча прыходзіцца шукаць у яго студэнцкіх гадох, за межамі якіх яго далейшае дасьпяваньне, як чалавека і пісьменьніка, было перарвана раньняю сьмерцю.