Старонка:Замоцін Багдановіч.pdf/14

Гэта старонка была вычытаная

Як і трэба было чакаць, пераважны ухіл у бок беларусазнаўства павінен был падказаць Максіму Багдановічу неабходнасьць выбару менавіта філёлёгічнай адукацыі. Па пытаньні аб гэтым выбары А. Ю. робіць наступныя заўвагі ў сваіх "Матар'ялах": "яшчэ перад паездкаю ў Вільню (г. зн. вясною 1911 г.) Максім меў са мной гутарку пра выбар факультэту. Ён сказаў мне, што хоча паступіць у Пецярбурскі Унівэрсытэт на філёлёгічны факультэт. Справа была ясная: да славеснасьці ён меў найбольшы нахіл. Апрача таго ён дадаў, што проф. Шахматаў зьвяртаўся ў Вільню ў рэдакцыю „Нашай Нівы з просьбаю раіць яму маладога чалавека, які б, пад яго кіраўніцтвам, прысьвяціў сябе вывучэньню мовы, этнографіі і гісторыі Беларусі, для падрыхтоўкі да заняцьця спэцыяльнае катэдры па беларусазнаўству; далей ён заявіў, што раілі менавіта яго і што ён гэтага хоча, да гэтага імкнецца". Такім чынам перад Максімам Багдановічам вызначалася простая дарога да навуковага беларусазнаўства, якая найбольш адпавядала ўсім яго нахілам і ўсім найбольш трывалым фактарам яго дзіцячага і юнацкага разьвіцьця. Ён павінен быў, застаючыся беларускім поэтам, стаць разам з тым і высокакваліфікаваным навуковым беларусазнаўцам, і трэба пашкадаваць, што лёс і ў гэтым выпадку быў да яго бязьлітасны і прымусіў яго сайсьці з гэтага шляху. Перашкод на гэтым шляху было дзьве: папершае, яго хвароба, якая ўсё больш і больш абвастралася і не дазваляла яму перасяліцца ў Пецярбург з яго няспрыяючым для сухотнага кліматам, і падругое, матар'яльныя магчымасьці яго бацькі, які ня мог адразу двух сыноў утрымоўваць па-за Яраслаўлем, у якім-небудзь унівэрсытэцкім горадзе (малодшы брат Максіма, матэматык, абавязкова павінен быў вучыцца дзе-небудзь ва ўнівэрсытэце дзеля таго, што ў Яраслаўлі матэматычнага факультэту ня было). Пры гэтых умовах Максіму заставалася толькі паступіць у Яраслаўскі Юрыдычны ліцэй, каб працягваць паранейшаму жыць у хатняй абстаноўцы, але Ліцэй, вядома, не адпавядаў яго навуковым інтарэсам. Адносіны яго да ліцэю, як вышэйшае навучальнае ўстановы, А. Ю. характарызуе ў нямногіх словах так: "Ліцэй ён наведвай досыць акуратна, залікі здаваў на "весьма“, але лекцыі слухаў ня часта: больш займаўся ў вялікай ліцэйскай бібліотэцы і ў чытальні". Ліцэйскі кругабег ахапляе 1911-1916 г.г.; апошнія залікі па Ліцэю М. А. здаў у 1916 годзе,―мусіць, увосень, таму што у скорасьці-ж пасьля гэтага паехаў на службу ў Менск, што здарылася ў верасьні 1916 году.

Студэнцкія гады Максіма Б-ча (1911―1916) цікавы, такім чынам, нястолькі непасрэднай яго сувязьзю з навучальнаю ўстановаю і яе навуковаю програмай, колькі тым ростам яго разумовага, грамадзкага і літаратурнага разьвіцьця, якое прыпадае якраз на гэты час.

Зварочваемся да яго разумовых запатрабаваньняў гэтага кругабегу. Характарызуючы жыцьце свайго сына ў студэнцкія гады, А. Ю. кажа, што Максім Адамавіч "жыцьцё веў сіратлівае, ціхае, адданае навуцы і літаратуры". У цэнтры гэтага ціхага, габінэтнага жыцьця заўсёды знаходзіліся кнігі. Той літаратурны вобраз,―"Максім Кніжнік",― якому ён умоўна прыпісвае, як аўтару, свой „Апокрыф“, вельмі добра сымболізуе захапленьне кнігамі Максіма Багдановіча.

Ён, вядома, сам быў гэтым , Максімаи Кніжнікам". У сябе ў пакоі ён заўсёды сядзеў за сталом, скрозь заваленым кнігамі, якія ляжалі літаральна грудамі; прыводзіць іх у парадак, як відаць, было некалі да і непатрэбна, дзеля таго што імі пастаянна прыходзілася карыстацца. На гэта кніжнае абкружэньне паказвае ня толькі А. Ю., але і інш. асобы ў сваіх успамінах, напр., Н. Г. Агурцоў. Так-жа сама аўтары ўспамінаў некалькі разоў азначаюць, як характэрную рысу Максіма,