Старонка:Замоцін Багдановіч.pdf/15

Гэта старонка была вычытаная

прывычку хадзіць з кнігамі пад пахай: з кнігамі ён зьяўляўся да сяброў і знаёмых, дзеля таго што звычайна заходзіў да іх ня проста для гутарак, а з прычыны кніг і дзеля кніг; з кнігамі-ж часьцей за ўсё яго можна было сустрэць на вуліцы, калі ён ішоў у баку ад грамады (асабліва калі гэта было ў сьвяточны дзень, на Яраслаўскім бульвары або на наберажнай), дзеля таго што ён хадзіў і на вуліцу не для гульні, а па тых ці іншых кніжных інтарэсах,―часьцей за ўсё ў Ліцэйскую бібліотэку. Аб гэтай яго рысе ўспамінае Н. Г. Агурцоў і Ф. Імшэнік. Галоўнай кніжнай крыніцай, у якой здавальнялася кнігалюбства Максіма Багдановіча, была бібліотэка яго бацькі, Адама Ю-ча. А. Ю. гаворыць у адным месцы "Матар'ялаў" аб сваёй бібліотецы так: "У маёй бібліотэцы было ўсё, што было лепшага ў сьвеце і нічога пошлага, значыць выбар быў вялікі і на ўсе густы". Можа, гэты зварот мовы. ―ўсе што лепшага ў сьвеце" ― належыць некалькі зьмякчыць пры ацэнцы хатняй бібліотэкі, але ўсё-ткі гэта бібліотека была, як відаць, вельмі значнаю і падборам і колькасьцю кніг. Ува ўсякім разе, у ўспамінах А. А. Залатарова аб ёй зроблена таксама заўвага: "У бацькі поэты, Адама Ягоравіча, была тады (апавяданьне адносіцца да 1909―10 году) надзвычайна добрая бібліотэка. Яна сярод вельмі каштоўных Яраслаўскіх прыватных бібліотэк вызначалася сваім выключна каштоўным падборам кніг. Бібліотэкаю бацькі Максім вельмі ганарыўся і, бязумоўна, шмат чым быў ёй абавязаным". У самым складзе гэтай бібліотэкі намечаны былі ўжо тыя асноўныя концэнтры, па якіх разьвіваліся і сьпелі разумовыя інтарэсы Максіма Багдановіча. Гэтыя концэнтры лічачы ад больш шырокіх да больш звужаных ― наступныя: сусьветная літаратура, славянства і літаратура на славянскіх мовах, беларусазнаўства. У ўспамінах Н. Г. Агурцова[1] прыводзіцца водзыў самога поэты аб складзе бацькаўскай бібліотекі, які ён раз выказаў у гутарцы з Н. Г. Агурцовым: "Мяне выхоўваў бацька. Нек я паказваў вам яго бібліотэку; у ёй усё ёсьць важнае, што зьяўлялася калі-б там ні было ў літаратуры ўсяго сьвету. Мы змалку праходзілі гэтую сусьветную школу. Бацька пачынаў, з чаго пачынае кожны народ у сваёй творчасьці, з эпосу. Мы ужо ў дзяцінстве ведалі "Рустэма і Зораба", "Іліаду", "Калевалу", быліны і інш. і інш. Потым мы прыступілі да лірыкі і драмы. Вядома, галоўная ўвага зварочвалася на славянскія літаратуры... Апрача бібліотэкі бацькі, Максім Багдановіч шырока карыстаўся і Ліцэйскаю бібліотэкаю, дзеля якой ён уласна і наведваў Ліцэй, які параўнаўча мала цікавіў яго сваёю лекцыйнай часткай. Ці даставаў кнігі Максім яшчэ і з другіх крыніц, сказаць цяжка, аднак бясспрэчна тое, што кола чытаньня ў яго было вельмі шырокае, і зусім адпавядала ўсім вышэйпаказаным концэнтрам — літаратуры сусьветнай, літаратурам славянскім, і беларускай літаратуры, якая на агульным літаратурным фоне займала асабліва значнае месца. А. Ю. дае прыблізны пералік тых літаратурных імёнаў, якія ўваходзілі ў кола інтарэсаў яго сына як у гімназічныя, так і асабліва ў студэнцкія гады яго жыцьця. „Грэцкіх поэтаў, асабліва Анакрэона і Феокрыта, чытаў у перакладах і ў арыгінале, навучаючыся самастойна грэцкай мове, а латынскую ён вывучаў у школе і ведаў яе добра. Нямецкіх поэтаў больш чытаў у перакладах; любіў асабліва Шылера". "З францускіх поэтаў ён больш за ўсё любіў Бодлера, Мюссэ, Хозэ дэ-Эрэдыя і А. дэ-Віньні. Італьлянскую мову ён вывучаў па самавучыцелю Туссэна, жадаючы чытаць у арыгінале узорных поэтаў, чытаў Дантэ роўналежна з прозаічным перакладам Чуйко і іншых аўтараў,

  1. Усе "ўспаміны" ў дадзеным нарысе цытуюцца паводле рукапісаў, якія ёсьць у Літаратурнай камісіі Інбелкульту.