Старонка:Замоцін Багдановіч.pdf/16

Гэта старонка была вычытаная

але гэта было толькі практыкаваньне: далёка ў вывучэньні гэтай мовы ён не пайшоў. У галіне славянскіх літаратур інтарэсы Максіма Багдановіча вызначаліся больш дакладна, як кажа А. Ю. "Ён лічыў, што расійцы, і асабліва беларусы, павінны быць знаёмы з усімі славянскімі мовамі", а, значыцца, і адпаведнымі літаратурамі. Сам ён "досыць грунтоўна ведаў польскую літаратуру": чытаў у арыгінале Міцкевіча (асабліва сонэты і наогул яго лірыку), Красінскага, Славацкага, Сыракомлю, Канапніцкую. Але яшчэ лепш ведаў украінскую літаратуру: у гэтай літаратуры ён ведаў ня толькі буйных, але і другарадных поэтаў. Уладаў украінскаю моваю так добра, што мог пісаць і нават, здаецца, пробаваў пісаць вершы. Наогул любіў славянскіх поэтаў, і амаль з усімі выдатнымі поэтамі чэхаў, харватаў, сэрбаў і баўгар быў знаём па "Поэзіі славян" Гэрбеля і вышукваючы пераклады ў Бэрга і ў старых і новых часопісях. Прабаваў вывучаць славянскія мовы, карыстаючыся для гэтага перакладамі эвангельля. Чытаў эвангельле на чэскай і сэрбскай мовах, але як далёка пайшло вывучэньне, заўважвае А. Ю., —я дакладна ня ведаю". "З пісьменьнікаў расійскай літаратуры больш за ўсё яму падабаўся Фет,—ён нават сваю поэзію ўпадабляў яго поэзіі. Вядома, любіў Пушкіна, любіў Лермантава, Майкова, Палонскага. Некрасава далёка ня так высока цаніў, як пакаленьне ранейшае". Да гэтых паказаньняў А. Ю-ча, толькі што працытаваных, далучаюцца і іншыя асобы, якія помняць Максіма Багдановіча, як маладога поэта з шырокім колам чытаньня. Н. Г. Агурцоў сьведчыць, што Максім Адамавіч быў вялікі знаўца расійскай літаратуры. "Здавалася, успамінае ён,—ня было колькі-небудзь значнага вершу, якога ён ня ведаў-бы напамяць". Ф. Імшэнік адзначае цікавы факт, што Максім Адамавіч спэцыяльна вывучаў нямецкую мову, каб мець магчымасьць выдатныя творы нямецкай літаратуры перакласьці на беларускую мову; пры гэтым яго ўвагу прыцягваў, як матар'ял для перакладу, галоўным чынам Гэйнэ (гл. т. І, разьдз. ІІІ, №№ 203-8). A. A. Залатароў таксама паказвае на ўласьцівае Максіму Адамавічу шырокае знаёмства з рознымі ўзорамі вершаванай поэзіі: "Ён любіў чытаць—заўсёды напамяць вершы Блока, Белага, Мараўскай, і чытаў заўсёды вельмі добра, з пачуцьцём і стрымана разам". У сваіх уласных рукапісных на татках і накідах Максім Багдановіч некалькі разоў робіць пералік кніг—мусіць, прызначаных да прачытаньня або ўжо прачытаных, і кожны раз гэтыя пералікі кажуць аб шыраце яго чытальніцкіх інтарэсаў (гл. рукапісы М. Багдановіча, п. №№ 1 і 11). Як з даведак, якія даюцца ў успамінах аб Максіме Адамовічу, так і з яго ўласных нататак можна таксама ўстанавіць, што ў сучаснай яму мастацкай літаратуры сымбалізм францускі і расійскі асабліва прыцягнуў да сябе яго ўвагу.

На гэтым агульным, даволі шырокім фоне сусьветнай і, у прыватнасьці, славянскай літаратуры,—трэці концэнтр кніжных інтарэсаў Максіма Б-ча зьяўляецца больш вузкім, але у той самы час больш паглыбленым. Гэта тое кола чытаньня, якое зьвязана з беларусазнаўствам наогул і асабліва з беларускай літаратурай.

Як асноўны момант у разумовых імкненьнях маладога поэты, цікавасьць яго да беларускай культуры ў студэнцкія гады дасягнула найбольшай паўнаты і напруджанасьці. Але цесная ўвязка поэты з радзімаю і самы характар гэтай увязкі будуць больш зразумелымі, калі мы вернемся некалькі назад і высьветлім яго генэзіс і разьвіцьцё. Сувязь Максіма Багдановіча з радзімаю ўстанавілася здаўна, яшчэ з дзіцячых гадоў. Элемэнт спадчыннасьці, як мы ўжо бачылі, адыграў у гэтай сувязі значную ролю. Сам А. Ю. настойліва гаворыць аб уплыве на свайго сына беларускай традыцыі па лініі яго продкаў і