Старонка:Замоцін Багдановіч.pdf/17

Гэта старонка была вычытаная

бліжэйшых сваякоў: "Агульны ухіл яго пачуцьця і цягі ў бок усяго роднага, беларускага, ёсьць справа спадчыннасьці—тае цёмнай падсьвядомай сфэры, якую мы, нараджаючыся, выносім на сьвет божы, як бясспрэчны здабытак нашых продкаў, незалежна ад таго, дрэннае яно ці добрае". У абстаноўцы раньняга выхаваньня і навучаньня гэта спадчыннасьць атрымала далейшае жыцьцё. У гэтых адносінах, паводле сьведчаньня А. Ю-ча, вялікае значэньне меу самы сямейны склад жыцьця Багдановічаў і бліжэйшае іх радні. "Мая сям'я, кажа А. Ю., і цесна з ёю зьвязаныя сем'і маіх дзьвёх сясьцёр Гапановічаў і Галаванаў—таксама чыста беларускія, якія так зрасьліся, што ў сутнасьці зьяўляліся аднэю сям'ёю у трох розных кватэрах,—былі нейкаю беларускай калёніяй у далёкім краі пры зьліцьці Окі і Волгі". Асабліва сястра А. Ю-ча, Магдалена Гапановіч, была "нашэльніцаю традыцый роду" і шанавала звычаі і абрады беларускай старасьветчыны. Максім, дзіцем і хлопчыкам, вольны час праводзіў якраз у сваіх цëтак у дачыненьні з сваімі стрэчнымі братамі і сёстрамі, і тут яму прыходзілася чуць і апавяданьні з роднай краіны, і беларускія казкі, і беларускія песьні, і беларускія пасловіцы, і "крылатыя словы" з народнае гутаркі. А. Ю. прыводзіць свой асаблівы прыклад увязкі творчасьці Максіма Адамавіча з гэтаю сямейнаю атмосфераю жыцьця яго цëтак, як аднэю з раньніх крыніц яго вершаванай поэзіі. "І я, і мая сястра Магдалена любіла напяваць улюбёную песьню нашай мацеры, якую яна пела ў доўгія зімнія вечары пры сьвятле лучыны або куравай газоўкі, седзячы на ляжанцы за шыцьцём ці за прасьніцаю: "А дзе-ж тая крынічанька, што голуб купаўся"—і бачым, што ён (М. А.) яе выкарыстаў, як мастацкі мотыў, для стварэньня пэўнага настрою ў сваёй п'есцы „Вечар" (т. І, р. ІІ, ,Вянок" № 122). Да ўплыву сямейнай сфэры досыць рана далучыліся і кніжныя ўплывы, якія таксама спрыялі ўмацаваньню сувязі будучага поэты з яго радзімай,—яе мовай і творчасьцю. Кніжныя ўплывы пачынаюцца з чытаньня беларускіх казак па запісах бацькі і па іншых зборніках; ад чытаньня казак Максім перайшоў да песень, загадак, пасловіц і іншых матар'ялаў, якія знайшоў у бібліотецы бацькі; потым ён зьвярнуўся да мастацкіх твораў Дуніна-Марцінкевіча, Бурачка і іншых пісьменьнікаў; нарэшце, з 1906 г., калі адна з сваячак выпісала для яго "Нашу долю", а потым і „Нашу Ніву", ён стаў адчуваць на сябе ўплыў бягучай беларускай журналістыкі. Роўналежна з чытаньнем беларускіх тэкстаў ішлі яго практыкаваньні ў пісьмовай беларускай мове. "Свае пробы пісаньня на беларускай мове" - кажа А. Ю.—ён пачаў вельмі рана, прыблізна з 10-11 год"... „Але гэта былі чыста вучнёўскія ці, праўдзівей, навучальныя практыкаваньні"... На жаль, А. Ю. не дае пэўных паказаньняў на тое, ці былі гэтыя практыкаваньні ў звычайнай пісьмовай мове ці ў вершаванай. Урэшце, канцовая мэта гэтых практыкаваньняў Максіма была—выпрацаваць у сябе мастацкі беларускі стыль. І ён імкнуўся да гэтай мэты з рэдкаю настойлівасьцю і ўпартасьцю. Ён, вядома, без асаблівай цяжкасьці мог-бы выкарыстаць для сваёй творчасьці расійскую мову, якою ён добра карыстаўся як у прозе, так і ў вершах, аб чым сьведчаць яго вершы, напісаныя парасійску. Але, кажа А. Ю., ён гэты лёгкі шлях яшчэ ў дзяцінстве адхіліў і сьмела рашыў перамагчы вялізарныя цяжкасьці, каб аўладаць роднаю мовай сваіх продкаў—і аўладаць так, каб пісаць прыгожыя вершы і ўзбагаціць гэту мову новымі мастацкімі формамі. Да апошняй мэты ён імкнуўся зусім сьвядома. Яму хацелася паказаць, што ніякі разьмер, ніякая форма ня чужая для беларускай мовы. Якія ён цяжкасьці перамагаў на гэтым шляху, сьведчаць яго рукапісы і сшыткі: там столькі выпісак з слоў-