Старонка:Замоцін Багдановіч.pdf/18

Гэта старонка была вычытаная

нікаў, зборнікаў і старадрукаваных кніг. Які з поэтаў, што ўвассаў беларускаю мову з малаком мацеры, падымаў гэту цяжкую, марудную працу? А ён—слабагруды, хваравіты—падняў. І нёс яе цярпліва, упарта і для мяне і для ўсіх, хто быў наукола, няпрыкметна". Такім чынам, настойлівую работу над разьвіцьцём свае пісьмовай беларускай мовы, асабліва мовы мастацкай, Максім пачаў яшчэ з гімназічных гадоў. Тады-ж, у канцы навучаньня ў сярэдняй школе, у яго зьявілася жаданьне ўбачыць сваю радзіму і стаць непасрэдна блізка да жывой крыніцы свайго натхненьня, — да крыніцы, з якой ён чэрпаў покуль што толькі праз кнігі. Такое пахаджэньне яго паездкі на Беларусь улетку 1911 году, зразу пасьля сканчэньня гімназіі. Аб гэтай паездцы гаворыць і А. Ю. у сваіх "Матар'ялах" і В. Ластоўскі ў "Успамінах" аб М. Багдановічу (рукапіс). В. Ластоўскі памылкова адносіць гэту паездку не да 1911, а да 1912 году, але апісвае яе куды больш падрабязна за А. Ю. Перад тым, як паехаць на радзіму, Максім Багдановіч сьпісаўся аб гэтым з рэдакцыяй "Нашай Нівы: у лісьце сваім ён выказвау жаданьне прабыць на радзіме месяц-другі, каб бліжэй пазнаёміцца з моваю і бытам Беларусі. Ад рэдакцыі яму адказаў А. Луцкевіч, які прапанаваў яму прабыць лета ў свайго дзядзькі, дробнага шляхціча, які меў сядзібу паміж Вілейкаю і Менскам. Максім Багдановіч прыехаў у Вільню ў чэрвені месяцы. Перад ад'ездам у двор дзядзькі А. Луцкевіча ён прабыў дні два ў Вільні; начаваў у рэдакцыі "Нашай Нівы" і абедзьве ночы да відна правёў у гутарцы з В. Ластоўскім, які тады быў у складзе гэтае рэдакцыі; тэмамі гутаркі былі этнографія і гісторыя Беларусі. У час гэтай пабыўкі ў Вільні Ластоўскі паказаў Максіму Адамавічу колекцыі Івана Луцкевіча, якія знаходзіліся тады пры рэдакцыі "Нашай Нівы"; сярод гэтых колекцый асабліва моцнае ўражаньне на Максіма Адамавіча зрабілі старажытныя рукапісныя славянскія кнігі і іншыя помнікі, а таксама слуцкія паясы; адгэтуль, як відаць, вядзе свой пачатак поэтычны замысел вершу "Слуцкія ткачыхі". У сядзібе дзядзькі А. Луцкевіча Максім прабыў з месяц і вярнуўся назад зноў праз Вільню, дзе зноў паўтарыліся гутаркі з Ластоўскім на беларускія тэмы. Жывучы ў вёсцы, Максім, паводле сьведчаньня Ластоўскага, напісаў некалькі вершаў, якія ўвайшлі ў цыкль „Старая Беларусь", цыкль вершаў пад агульным загалоўкам „Место" і, апрача таго, вершы "У вёсцы" і „Вэроніка" (гл. т. І, разьдзел ІІ, №№ 123-138, 183, 184). У гэтых творах адбілася ўвязка яго творчасьці з уражаньнямі ад беларускай вёскі, ад Вільні, ад беларускай старасьветчыны і ад гутарак з В. Ластоўскім.

Такая была падрыхтоўка Максіма Адамавіча па беларускай мове і беларускай літаратуры на парозе студэнцкіх гадоў. У студэнцкія гады заняткі "беларусікаю" былі ім значна паглыблены. У бібліотэцы А. Ю-ча, якой Максім карыстаўся з дзіцячых гадоў, быў вялікі падбор ня толькі твораў беларускіх пісьменьнікаў, але і навуковых прац і матар'ялаў па беларусазнаўству. Тут Максім знайшоў зборнікі і працы Шэйна, Раманава, Насовіча, Радчанкі, Доўнар-Запольскага, Карскага, Сабалеўскага і інш. Яшчэ гімназістам прывыкшы карыстацца гэтымі кнігамі, ён у студэнцкія гады цалкам увайшоў у іх. Н. Г. Агурцоў расказвае, што прышоўшы раз да М. Багдановіча-студэнта і застаўшы яго за сталом, заваленым кнігамі, ён пацікавіўся ўведаць, што гэта за кнігі. Выявілася, што больш за ўсё гэта былі кнігі па славянскіх літаратурах―украінскай, беларускай, чэскай і іншых; тут-жа на стале ляжалі і тоўстыя слоўнікі, між іншым і слоўнік беларускай мовы, а сам Максім працаваў над нейкім артыкулам па адной з паказаных літаратур. Упамянёны слоўнік, мусіць, быў слоўнік Насовіча, таму што гэта кніга