Старонка:Замоцін Багдановіч.pdf/2

Гэта старонка была вычытаная

руйскага павету, але яшчэ за малада быў перавезены сваім панам у куплены маёнтак пры мястэчку Халопенічах Барысаўскага павету, тут ажаніўся і асталяваўся. Дзед Адама Юравіча, прадзед поэты, Лук'ян Сьцяпанавіч, быў таксама дваровы, па профэсіі садоўнік; яго бацька Сьцяпан, прадзед Адама Юравіча, першы стаў насіць прозьвішча Багдановіч. Сам Адам Юравіч, які радзіўся ў Халопенічах 25-га сакавіка 1862 г., не застаў ужо прыгону, але усё-ж такі, як сын селяніна, нядаўнага панскага дваровага, перацярпеў усе прыкрасьці, якія выпалі на долю сялянскага хлопчыка і падростка ад соцыяльнага складу жыцьця таго часу. На шостым годзе жыцьця ён пачаў вучыцца чытаць і пісаць пад кіраўніцтвам "дамарослага бакаляра з сялянскіх хлапчукоў" і пад агульным наглядам мясцовага дыякана. У сем гадоў ён садзіў бульбу; з дзевяці гадоў стаў падзёньнікам у панскім двары, вучачыся разам з гэтым зімою ў школе, у якой выкладалі настаўнікі з сэмінарыстых. У трынаццаць год ён з посьпехам скончыў вясковую школу і разам з тым вышаў з сям'і на самастойную дарогу. Гэта дарога пашла ўжо не па вясковай, а па гарадзкой лініі; спачатку ён прабыў сем месяцаў вучнем у чыгуначнай майстэрні пры паравозным дэпо ў г. Менску; потым быў закантрактаваны на пяць гадоў вучнем да прыватнага майстра, сьлесара Мінкевіча, таксама ў Менску; прабыўшы тут каля году ва ўмовах, як ён сам кажа, "Чэхаўскага Ванькі“, ён быў аддадзены на вывучку аднаму з менскіх цукернікаў, дзе прабыў каля трох гадоў. Ахвота да кнігі і разумовай працы, набытая з маленства, не дала яму стала ўжыцца ні з адным рамяством і ў 1879 годзе, калі яму было 17 гадоў, ён паступіў у Нясьвіскую настаўніцкую сэмінарыю, якую скончыў у 1882 годзе. Пасьля гэтага ён праслужыў дзесяць гадоў настаўнікам―спачатку у вёсцы, потым у Менску; з 1892 году з прычыны нездароўя, ён пакінуў службу ў школе і стаў служыць у Сялянскім банку, займаючыся разам з гэтым і разумоваю працаю іншых відаў.

Матка поэты, Марыля Апанасаўна, была дачкою дробнага чыноўніка, які служыў наглядальнікам Ігуменскай павятовай больніцы, але па мацеры сваёй і продках бацькі паходзіла з духоўнага званьня; урэшце аб духоўным яе пахаджэньні ў "Матар'ялах" гаворыцца толькі дапушчальна. Хвароба і беднасьць прымусілі яе бацьку адправіць усіх дзяцей (чатырох дачок і сына) для выхаваньня ў Менск у дзіцячы прытулак, дзе дзецям прышлося жыць у цяжкіх умовах бедна абсталяванай зачыненай навучальнай установы. Урэшце, Марылю Апанасаўну, як найбольш жвавую і надораную ад прыроды, параўнальна з яе сёстрамі (брат у скорым часе памёр), папячыцельніца прытулку, асоба, якая мела ўплыў у горадзе, узяла да сябе ў дом, пасылала вучыцца ў жаночае Аляксандраўскае вучылішча, а потым адправіла ў Пецярбург у "жаночую настаўніцкую школу" (больш дакладнага яе абазначэньня ў "Матар'ялах" няма). Тут яна і скончыла сваю адукацыю. У дзевятнаццаць год, у 1889 годзе, яна вышла замуж за Адама Юравіча Багдановіча, а ў 1896 годзе памерла.

Такім чынам, па лініі соцыяльнай спадчыннасьці поэта цесна зьвязаны, у асобе свайго бацькі і яго продкаў, з сялянскай масай; у асобе мацеры ён бліжэй суседзіцца з дробным чыноўнічым асяродзьдзем і часткова, больш далёка, з духавенствам. Гэтыя соцыяльныя ўмовы яго пахаджэньня трэба лічыць адным з сур'ёзных фактараў у разьвіцьці яго асобы і яго творчасьці; праводзячы свае дзіцячыя і вучнёўскія гады ў інтэлігентным асяродзьдзі бацькі, які жыў разумоваю працаю, і мацеры, якая атрымала скончаную, хоць і невялікую, адукацыю, і іх блізкіх сяброў і знаёмых, таксама людзей інтэлігентных,―ён