Старонка:Замоцін Багдановіч.pdf/20

Гэта старонка была вычытаная

рысах і артыкулах ня выказвае. Наогул, яго нацыяналізм у гэты час носіць некаторыя адзнакі народніцкай романтыкі, таму што такія менавіта і ўплывы асяродзьдзя і уплывы кніжныя, пад якімі ён разьвіваўся. Але романтычная закаханасьць у радзіму і ў выключна ёй уласьцівыя гістарычныя задачы ўмяраліся ўжо ў яго ў гэтыя гады сьвядомасьцю, што гістарычныя шляхі ўсіх нацый павінны весьці да ўнівэрсальнага людзкага прогрэсу. Гэта апошняя думка вядзе свой пачатак таксама з эпохі романтызму і доўгі час, амаль на працягу ўсяго стагодзьдзя, захоўвае сваю романтычную афарбоўку; але ў гады маладосьці Максіма Багдановіча, г. зн. у перадрэвалюцыйныя гады, яна набывае больш конкрэтны характар, як думка аб соцыяльна-рэволюцыйным руху, які набліжаецца, і для якога дадзены нацыянальны рух зьяўляецца толькі сродкам ці формаю.

V

Грамадзкія інтарэсы Максіма Багдановіча ў студэнцкія гады. Недахоп актыўнасьці ў гэтых адносінах; нахіл да габінэтнай работы. Кола знаёмых М. Б-ча ў студэнцкія гады і агульныя з імі інтарэсы. Сяброўская сувязь з супрацоўнікамі „Голаса" і іх уплыў. Роля беларускіх сяброў Максіма Б-ча й разьвіцьці яго грамадзкасьці. Літаратурныя інтарэсы Максіма Б-ча за гады студэнцтва. Адносіны яго да беларускіх пісьменьнікаў-сучасьнікаў і да навінак беларускай літаратуры. Супрацоўніцтва яго ў "Нашай Ніве“; кароткая гісторыя гэтага супрацоўніцтва. Праца ў іншых часопісях і выдавецтвах―беларускіх, украінскіх і расійскіх. Сямейныя і асабовыя адносіны ў жыцьці Максіма Б-ча за гэтыя гады і іх ўвязка з яго творчасьцю.

_______

З папярэдняга прыходзіцца зрабіць вывад, што разумовыя інтарэсы Максіма Багдановіча павінны былі ў студэнцкую пару ўскладніцца і чыста соцыяльнымі запатрабаваньнямі і тэмамі, узятымі ня толькі ў роўніцы беларускага руху, але і ў агульналюдзкім маштабе. Так і здарылася, наколькі можна меркаваць ня толькі па яго вершах і апавяданьнях гэтых гадоў, але і па публіцыстычных артыкулах і рукапісных накідах, якія маюць соцыялёгічны характар. Гэты бок яго разьвіцьця ў студэнцкія гады меў крыніцамі ня толькі кнігі, але і некаторыя жывыя грамадзкія ўплывы. Гаворачы наогул, "Максім Кніжнік" ня быў актыўным грамадзкім дзеячом і ня быў нават звычайным абавязковым заўсягдальнікам таго ці іншага грамадзкага асяродзьдзя, таму што ён вельмі аддаваўся сваім габінэтным заняткам. А. Ю. гаворыць, што ў студэнцкія гады Максім вёў "жыцьцё ціхае, замкнёнае ў сабе самым". У сваіх „Матар'ялах" ён прыводзіць толькі адзін выпадак публічнага выступленьня свайго сына: „Публічна выступаў (ён), я памятаю, адзін толькі раз на вечары, прысьвечаным славянскім народнасьцям з прычыны вайны, дзе ён выступаў з прамоваю аб галічанах, іх культуры і літаратуры, пратэстуючы супроць русіфікатарскай політыкі, якую вялі ў той час у Галіцыі гр. Бобрынскі і еп. Евлогі". Аб адносінах Максіма Багдановіча да такіх грамадзкіх разьвесяленьняў, як тэатр, А. Ю. дае такую доведку: "Тэатр (ён) наведваў вельмі рэдка, толькі ў выключных выпадках, калі ішлі якія-небудзь выдатныя творы і пры выдатных выканаўцах". Урэшце, грамадзкая актыўнасьць Максіма Б-ча заўсёды значна павышалася, калі справа ішла аб беларускім руху. Так, напр., ён у ліцэйскія гады прымаў чынны ўдзел у організацыі беларускага зямляцтва, у якім наладжваліся вечары з чытаньнем беларускіх твораў і сьпяваньнем беларускіх песень.