Старонка:Замоцін Багдановіч.pdf/21

Гэта старонка была вычытаная

Чыталіся рэфэраты па розных пытаньнях беларусазнаўства. Але габінэтная праца яго ўсё-ж такі пераважала над грамадзкай.

Ня гледзячы, аднак, на гэтую габінэтную замкнёнасьць і, як здавалася, адчужанасьць ад жывой грамадзкасьці, у Максіма Багдановіча было ўсё-ж такі ў студэнцкія гады пэўнае кола сяброў і знаёмых, у гутарцы з якімі ён з беларускіх настрояў, якія яго хвалявалі, уваходзіў у больш шырокую сфэру агульналюдзкіх культурных проблем,―між іншым і проблем соцыяльнага характару. Гэта кола асоб, якія складаюць для Максіма Б-ча тое, што прынята называць грамадзкімі сувязямі, было даволі невялікае. А. Ю. вызначае яго ў наступным выглядзе. З Яраслаўскіх інтэлігентных сем'яў Максіму найбольш былі блізкімі сем'і Дзебольскіх і Крыцкіх. У сям'і Дзебольскіх быў яго равесьнік і таварыш па гімназіі і ліцэю―Дыядор Дзебольскі; у сям'і Крыцкіх таксама былі равесьнікі, дзеці Крыцкіх, і, апрача таго, Максім Б-ч любіў гутарыць з старэйшым у сям'і П. А. Крыцкім, чалавекам вельмі адукаваным, вядомым пэдагогам і відным супрацоўнікам "Голоса", рэдактарам „Русского Экскурсанта". Сябраваў Максім Адамавіч таксама з братамі А. А. і Д. А. Залатаровымі. Асобнае невялікае кола знаёмых Максіма Адамавіча зьвязана было з яго журнальнаю працаю ў Яраслаўскім "Голосе“; з супрацоўнікаў "Голоса" найбольш блізкімі да яго былі Н. Г. Агурцоў і А. Д. Цітоў. У студэнцкія гады Максім Адамавіч таксама падтрымліваў сяброўскую сувязь з В. В. Белавусавым, з якім у яго быў агульны інтарэс да антычнай і заходня-эўропейскай літаратур, і з А. К. Кабановым, які яшчэ ў гімназіі кіраваў яго заняткамі па беларусазнаўству; гэта відаць з лістоў гэтых асоб да Максіма Багдановіча, якія захаваліся і адносяцца да 1913-1914 г. г.; у лісьце А. К. Кабанова (1913 г.) даецца, між іншым, цэлы шэраг бібліографічных паказаньняў па гісторыі Беларусі. З гэтага сяброўскага кола, бязумоўна, вядуць свой пачатак ня толькі некаторыя настроі і перажываньні поэты агульна-культурнага характару, але часамі і асобныя тэмы і мотывы яго вершаў. Так, у адным лісьце з Масквы ад 12-га кастрычніка 1912 году, які належыць, як відаць, Дыядору Зьм. Дзебольскаму, які тады толькі што паступіў у Маскоўскі Унівэрсытэт, мы знаходзім такія радкі: "Між іншым, вось вам тэма ці, праўдзівей, матэрыял для тэмы навуковага вершу: мэтэор, які, аплаўлены і сьвецячыся, імчыцца ў атмосфэры, пакідаючы за сабою віхор распаленых часьцінак, у сярэдзіне халодны, як зоркавы эфір. Ён прыносіць у сабе холад сусьветнае прасторы". Гэта тэма разьвіта Максімам Багдановічам у сонэце ("Прынадна вочы зьзяюць да мяне"), надрукаваным у „Нашай Ніве" за 1914 г. (гл. т. 1, разьдз. 1, № 61). Трэба наогул адзначыць, што з Д. Д. Дзебольскім Максіма Б-ча зьвязвалі тэмы пераважна філёзофскага характару (гл. верш 1911 г. "Д. Д. Дзябольскаму" -т. 1, разьдз. 1, № 40). З гэтага кола знаёмстваў больш за ўсё маглі зрабіць, мне здаецца, пэўны ўплыў на склад грамадзкіх інтарэсаў, Максіма Адамавіча блізкія яму асобы з супрацоўнікаў „Голоса". Ф. Імшэньнік у сваіх успамінах асабліва настойліва падкрэсьлівае ўплыў, і нават політычны ўплыў, на Максіма Багдановіча рэдактара газэты Голос М. П. Дружыніна. „У пэрыод 1913-1916 г. г. ён (М. Б.) быў асобенна блізкі з Дружыніным, які, бязумоўна, меў уплыў на яго політычны сьветагляд. Дружынін, чалавек за 50 з гакам гадоў, быў рэдактарам Яраслаўскае газэты "Голос". "Голос" быу кадэцкім органам, і сам Дружынін быў выбітны кадэт. Ён быў кіраўнік буйнае, пасаднае лібэральнае інтэлігенцыі, пісаў у "Голосе" перадавіцы, дзе выяўляў імкненьні і пажаданьні свае буржуазнае партыі. Дружынін вельмі борзда распазнаў