Старонка:Замоцін Багдановіч.pdf/22

Гэта старонка была вычытаная

талент М. Б., прыблізіў яго да сябе і зрабіў яго пастаянным супрацоўнікам свае газэты... Політычныя погляды Дружыніна сталі паступова захапляць і М. Б., які, памаему, і зрабіўся таксама кадэтам". Політычная позыцыя Максіма Багдановіча наогул нявыразная ды наўдачу ці пасьпела злажыцца ў ліцэйскія гады; у прыватнасьці, кадэцкая яго партыйнасьць не сьцьвярджаецца ў належнай меры ні біографічнымі фактамі, ні яго літаратурнымі творамі[1]. Уплыў кола знаёмых, якія ўваходзілі у рэдакцыю "Голоса", бязумоўна быў больш шырокі: тут, мяркуючы па ўспамінах А. Д. Цітова і, асабліва, Н. Г. Агурцова і А. А. Залатарова, падымаліся пытаньні агульна-культурнага характару, пытаньні аб прыродзе, значэньні мастацтва, аб літаратуры і яе адносінах да грамадзкасьці, аб увязцы нацыянальных запатрабаваньняў з агульналюдзкімі і г. д. Трэба думаць, што ў гэтым-жа асяродзьдзі падымаліся пытаньні соцыяльнага характару, якія гостра ўставалі ў гэтыя перадрэволюцыйныя гады, што супадаюць з студэнцтвам Максіма Багдановіча. Гэтым, разумеецца, і можна толькі вытлумачыць цікавасьць поэты да соцыяльных проблем, якія к гэтаму часу ўзмацніліся і якія ён ставіць ня толькі дапасавальна да лёсу Беларусі, але і значна шырэй (гл. т. 1, разьдз. І, верш "Мяжы" -№ 59, "На глухіх вулках-ноч глухая" -№ 134, "Вы, панове, пазіраеце далека" - 164, а таксама артыкулы: "Н. Д. Ножын. К пятидесятилетию со дня смерти" ў "Ежемесячном журнале" 1916, № 6-і "М. К. Міхайлоўскі. К десятилетию со дня кончины" ў "Голосе" 1914 г. № 22).

Невялікія дадаткі да гэтых доведак аб грамадзкім ухіле Максіма Багдановіча дае таксама і тая частка перапіскі яго, якая захавалася[2]. Так, напр., некаторыя лісты, асабліва за перадрэволюцыйныя 1915-1916 гады, зарысоўваюць, — вядома, у адрывачных рысах,—політычныя моманты і настроі гэтых гадоў, а частка лістоў, —ад беларускіх сяброў Максіма Б-ча,—больш-менш конкрэтна ўскрываюць стан беларускага руху за тыя-ж гады; сюды, напрыклад, адносяцца лісты Ал. Бурбіса, часткова Ў. Ластоўскага і В. Лявіцкай. Такім чынам, для таго, хто вывучае творчасьць М. Багдановіча, важна адзначыць, як факт, што ён стаяў у курсе ня толькі настрояў уласьціва беларускіх, але і наогул політычных настрояў у тагочаснай Расіі на пярэдадні рэволюцыі; дзеля гэтага дасьледчык мае права шукаць у тэматыцы яго вершаў і артыкулаў шырокага адбіцьця яго эпохі.

Але калі нават прызнаць, што грамадзкія сувязі і інтарэсы Максіма Багдановіча ў студэнцкія гады былі выяўлены не даволі выразна, то літаратурныя знаёмствы і адносіны яго студэнцкіх гадоў трэба адзначыць, як вельмі жывыя і значныя па зьместу. Вялізарную ролю ў яго літаратурнай сьвядомасьці і разьвіцьці адыгралі, бязумоўна, беларускія пісьменьнікі нашаніўскае пары, якія амаль усе былі на адно пакаленьне старэйшыя за яго па ўзросту. Для высьвятленьня гэтай ролі мы маем пакуль што мала дакумантальнага матар'ялу, дзеля таго, што пакуль што амаль няма ўспамінаў аб М. Багдановічу, якія вышлі з-пад пяра пісьменьнікаў―яго сучасьнікаў.

Праўда, у перапісцы нябожчыка поэты захавалася некаторая колькасьць лістоў да яго Я. Купалы (2), Цёткі (1), С. Палуяна (8), Ул. Ластоўскага (20) і інш., але гэтыя лісты не асьвятляюць у належнай паў-

  1. Бацька поэты ў лісьце ад 18.-V-1927 г. рашуча супярэчыць гэтай думцы Імшэніка
  2. Лісты розных асоб да М. А. Багдановіча, перададзеныя А. Ю-чам сярод іншых матар'ялаў для біографіі і выданьня твораў яго сына, цяпер захоўваюцца у рукапісах і надрукаваньню ў поўным выглядзе бяз згоды на тое іх адпраўнікаў-корэспандэнтаў Максіма Багдановіча не падлягаюць. Для дадзенага нарысу яны выкарыстаны толькі часткова, паколькі ў іх знаходзяцца некаторыя фактычныя дадзеныя для біографіі поэты.