Старонка:Замоцін Багдановіч.pdf/23

Гэта старонка была вычытаная

наце цеснай увязкі поэты з блізкім яму літаратурным асяродзьдзем. Аднак, гэта ўвязка бясспрэчна. Перш за ўсё трэба мець на ўвазе, што для Максіма Адамавіча, па словах яго бацькі, "цэнтрам сардэчнай увагі была беларуская літаратура і поэзія, якая нараджалася". "Ён з замілаваньнем сачыў―кажа А. Ю.―за ўсімі яе расткамі і парасткамі. Усякія дасягненьні ў ёй, якія выходзілі за межы звычайных, яго бясконца радавалі ён зараз-жа прыносіў кніжку, часопісь ці зборнік да мяне, адзінага чалавека, які мог яго зразумець і ацаніць новы твор, каб падзяліцца сваёю радасьцю. Толькі праз яго я знаёміўся з узорамі найноўшай беларускай літаратуры і з агульным ходам беларускага адраджэньня". Потым М. А. ня толькі сачыў за навінкамі беларускага літаратурнага слова, але і выпісваў на свае невялікія сродкі ўсё, што можна было. Яшчэ ў жніўні 1908 году, калі ён быў у 6-ай клясе гімназіі, М. А., як гэта відаць з адказнага ліста выдавецкага таварыства "Загляне сонца і ў наша ваконца", просіць беларускае выдавецтва выслаць яму новыя выданьні―усё, апрача тых, якія ужо ў яго ёсьць; пры гэтым у пераліку прапанованых яму кніг назван і зборнік Я. Купалы "Жалейка", які вышаў у гэтым годзе. У 1913 годзе тое-ж выдавецтва паведамляе яго, што высылае яму новыя кнігі, якія вышлі ў гэтым-жа годзе, менавіта зборнік Я. Купалы, Шляхам жыцьця і яго-ж п'есу "Паўлінка"; абадва лісты падпісаны Бр. Ігн. Эпімах-Шыпілам. Апрача таго, некаторыя з прадстаўнікоў беларускага адраджэньня, якія знаходзіліся ў перапісцы з Максімам Багдановічам, самі, у сваіх лістох да яго, стараліся трымаць яго ў курсе бягучых падзей беларускага літаратурнага жыцьця і гэту інфармацыю рабілі ня толькі з вялікай любасьцю да беларускай літаратуры, але і з цёплаю увагаю да свайго адрасата, маладога пачынаючага поэты. Такія весткі мы знаходзім у лістох С. Палуяна, У. Ластоўскага, В. Лявіцкай і інш. Так, напр., у даўгім лісьце ў. Ластоўскага ад 11 жнівеня 1912 году даюцца кароткія весткі з біографіі і літаратурнай дзейнасьці Ядвігін Ш., Якуба Коласа, Янкі Купалы, Цішкі Гартнага,- М. Б., такім чынам, як-бы замацоўваў завочна сваё асабовае знаёмства з тымі пісьменьнікамі, за творамі якіх сачыў здалёк, жывучы ў Ніжнім-Ноўгарадзе і Яраслаўле. Назапашваючы такім шляхам фактычныя дадзеныя па сучаснай яму літаратуры, М. Б. зводзіў іх часамі ў агульны нарыс (гл. захаваны ў рукапісе артыкул пад загалоўкам „Новый период в истории белорусской литературы", унесены ў ІІІ разьдзел ІІ-га тому[1], а таксама друкаваныя яго артыкулы ў тым-жа разьдзеле "Глыбы і слаі. Агляд беларускай краснай пісьменнасьці 1910 г.-Н. Н." 1911, № № 3, 4, 5 і "За тры гады. Агляд беларускай краснай пісьменнасьці 1911-13 г."-выд. "Калядная пісанка", 1913) і тым самым яшчэ больш цесна падыходзіў да творчасьці пісьменьнікаў-сучасьнікаў. Але не адны толькі фактычныя дадзеныя атрымоўваў ён з непасрэднага і завочнага дачыненьня да беларускіх пісьменьнікаў і наогул культурных працаўнікоў беларускага адраджэньня. Ён атрымоўваў таксама сяброўскае падтрыманьне і сваім шуканьнем у галіне тэматыкі і мастацкай формы. У гэтых адносінах асабліва цікавыя лісты Ў. Ластоўскага і С. Палуяна, якія, разгадаўшы артыстычную натуру М. Багдановіча, ахоўвалі яго творчасьць ад вузкіх тэндэнцый, ад аднастайных і нудных настрояў і заахвочвалі яго да настойлівай і тонкай работы над мастацкаю тэхнікай, якая другім здавалася дэкадэнцтвам.

  1. Другі том твораў М. Багдановіча, які падрыхтован да друку і зьмяшчае ў сабе яго артыкулы гістарычнага. грамадзкага. крытычнага характару і інш., пакуль што яшчэ знаходзіцца ў рукапісе.