Старонка:Замоцін Багдановіч.pdf/24

Гэта старонка была вычытаная

Умацоўваючы сваё знаёмства з пісьменьніцкім беларускім асяродзьдзем, М. Б. разам з тым увесь час шукаў і сувязяй з рэдакцыямі і выдавецтвамі, дзе можна было-б надаць друкаваны выгляд сваёй уласнай літаратурнай продукцыі. Па вестках А. Ю-ча вершы яго сына ўпяршыню зьявіліся ў "Нашай Ніве" ў 1906 ці 1907 годзе (дакладна ён не памятае). Друкаваных вершаў М. А-ча за гэтыя гады мы ня ведаем. У 1907 г., сапраўды, быў надрукаваны ў „Нашай Ніве" № 24 адзін з яго твораў, але ня вершы, а аповесьць "Музыка". Першы-ж верш, які зьявіўся ў друку―гэта верш "Над магілай"; ён быў надрукаваны ў № 1 "Нашай Нівы" за 1909 г.; нумар памечан 1 (14) студзеня. З "Нашай Ніваю М. Б. моцна зьвязаўся, пачынаючы з 1909 г., і большасьць яго вершаў і аповесьцяй надрукаваны былі менавіта ў гэтым пэрыодычным выданьні. Больш падрабязна аб яго ўдзеле ў "Нашай Ніве" гаворыць У. Ластоўскі ў сваіх „Успамінах“. M. A. пачаў тут сваё супрацоўніцтва ў цяжкі рэакцыйны час. "Год 1909―кажа Ў. Ластоўскі―быў асабліва трудным у разьвіцьці беларускага адраджэньня. Рэвалюцыйны ўздым 1905-1906 г. г. астаўся недзе далёка паза сінімі лясамі. Маладая беларуская сялянская дэмократыя, за годы наступіўшай пасьля ўздыму рэакцыі, была разьбіта. Адны сядзелі ў турмах (Я. Колас, А. Бурбіс і інш.), другія былі сасланы (Прушынскі, Лёсік і іншыя), а трэція дапасоўвалі свае сілы да варункаў паднявольнага жыцьця, чацьвертыя адкрыта пайшлі ў воражы адраджэньню абоз, далучаючыся да расійскай і польскай рэакціі"... "Склад рэдакцыі „Наша Ніва" у 1909 годзе быў такі: А. Ўласаў, браты Ііван і Антон Луцкевічы, Ядвігін Ш. (Лявіцкі), Янка Купала, В. Ластоўскі і дарыўкамі Язэп Манькоўскі (Янка Окліч) ды Чыж (Альгерд Бульба). А на пачатку лета 1909 г. прыбыў яшчэ С. Палуян". Пры гэтым складзе рэдакцыі "Нашай Нівы" пачаўся ўдзел Максіма Адамавіча ў гэтым выданьні. Спачатку яго супрацоўніцтва тут праходзіла ня зусім гладка. Па вестках У. Ластоўскага М. Б. упяршыню прыслаў у рэдакцыю "Нашай Нівы" некалькі лісточкаў сваіх вершаў за сваім подпісам у пачатку 1909 г. Адносна гэтай першай прысылкі У. Ластоўскі дае наступную доведку: „Вершы для кожнага нумару Нашай Нівы падбіраў Янка Купала, бо, акром Я. Коласа, Купалы і яшчэ двух трох поэтаў, 99 проц. вершаў, надсыланых у рэдакцыю, былі з дэфэктамі. Павіннасьцю Я. Купалы было папраўляць іх перад здачай у друк. Друкавалі-ж адзін-два вершы кожнага новага "поэта", каб заахвоціць яго да пісаньня. Былі ці ня былі зроблены якія папраўкі ў вершах "Над магілай" і „Прыдзе вясна", я ня памятую, можа памятае гэта сам Я. Купала, але гэта былі адны з першых вершаў, надрукаваных з подпісам праўдзівага прозьвішча і імя аўтара. Мяркуючы па тым, што першы з гэтых двух вершаў надрукаваны быў у тым нумары Нашай Нівы, які вышаў 1 (14) студзеня, прыходзіцца аднесьці першую прысылку вершаў М. Б-чам не к пачатку 1909 году, як паказвае Ул. Ластоўскі, а к самаму канцу 1908 году. У пачатку мая месяца 1909 году М. А. прыслаў у рэдакцыю „Н. Н." яшчэ маленькі сшытак, у якім зьмяшчалася 8-9 вершаў. На гэты раз літаратурная прадукцыя М. Б-ча сустрэла больш суровыя адносіны: Ядвігін Ш. назваў гэты сшытак вершаў дэкадэншчынай". А. Уласаў прапанаваў іх здаць у архіў, і толькі Я. Купала, які ўгадаў у пачынаючым поэце вялікага мастака слова, знашоў магчымым надрукаваць з папраўкамі ў мове і пад псэўдонімам (згодна з устаноўленым у рэдакцыі звычаем) два вершы пад загалоўкамі "Две песьні, пераклад з Ю. Сьвятагора" (гл. т. 1, раздз. ІІІ, № 232). Сапраўды, абадва вершы з папраўкамі Я. Купалы былі надрукаваны ў „Нашай Ніве" 1909 г. № 19; пад імі быў падпісан прыдуманы Ядвігіным Ш. псэўдо-