Старонка:Замоцін Багдановіч.pdf/25

Гэта старонка была вычытаная

нім "Максім Крыніца". Праз некалькі тыдняў М. А. прыслаў яшчэ некалькі вершаў разам з лістом, у якім выказваў протэст супроць замены яго прозьвішча псэўдонімам. Вершы яго і ў гэты раз, як дэкадэнскія, папалі ў архіў і праляжалі там да канца жніўня, калі іх адтуль выцягнуў С. Палуян, які адчуў, як і Я. Купала, вялікую здольнасьць у маладым поэце. Апрача Палуяна, М. Б., як поэта, знашоў падтрыманьне ў А. Луцкевічу; потым і іншыя члены рэдакцыі, за выключэньнем толькі Ядвігіна Ш., які ўпарта паказваў на тое, што вершы Максіма Багдановіча "не для народу", прызналі М. Б. за таленавітага поэту, і ў канцы 1909 г. ў "Нашай Ніве“ надрукаваны быў цэлы шэраг яго вершаў („Лясун“, „Край мой радзімы", "З песьняў беларускага мужыка", два вершы з цыклю "Вадзянік“, "На чужыне“, „Пугач", пераклад з Гэйнэ, "Нашай Ніве", "Разрытая магіла", „Цемень"-гл. т. 1. разьдз. 1, № № 3, 7, 11, 13, 16, 18; разьдз. ІІ, V№ 94, 108, 142; разьзд. ІІІ, №№ 203-8); з гэтых вершаў найбольш спадабаліся членам рэдакцыі і, так сказаць, вырашылі лёс поэты вершы "Край мой радзімы" і з цыклю "Вадзянік". Пасьля гэтага М. Б. робіцца ўжо сталым супрацоўнікам "Нашай Нівы" і друкуе там свае творы ў працягу ўсяго існаваньня часопісі, г. зн. да 1914 году ўключна. Яго пасяброўску ахоўваюць за гэтыя гады, як відаць з перапіскі, спачатку С. Палуян, а пасьля яго ад'езду ў Кіеў і трагічнай сьмерці там у 1910 годзе, У. Ластоўскі; у гэтых двух сяброў малады поэта знаходзіў ня толькі крытыку свае мовы, якая звычайна пярэсьцілася русізмамі, але і ацэнку сваіх поэтычных замыслаў і мастацкай тэхнікі. Праўда, нападкі на М. Б-ча былі і пасьля 1909 году, але станавіліся ўсё слабейшымі. З кожнаю новаю прысылкаю вершаў―кажа Ў. Ластоўскі―у разьвіцьці яго таленту адчуваўся значны поступ,―і гэта ўсё больш і больш умацоўвала яго літаратурную рэпутацыю. У 1911 годзе М. Б. гасьцяваў улетку, як мы ужо бачылі, у Вільне і асабіста пазнаёміўся з В. Ластоўскім, А. Луцкевічам і іншымі супрацоўнікамі, "Нашай Нівы"; тут ён узбагаціў сябе новымі тэмамі з галіны беларускай старасьветчыны, якія і апрацаваў у цыклю вершаў "Старая Беларусь"; гарадзкія ўражаньні ад Вільні і лета, праведзенае ў вёсцы, паміж Вілейкаю і Менскам, далі матар'ял і для іншых вершаў. У некалькі месяцаў пасьля ад'езду Вільні ён прыслаў рукапіс з вершамі часткова новымі, часткова ужо раней надрукаванымі ў „Нашай Ніве", і прасіў надрукаваць іх асобным зборнікам. Так пачалася гісторыя Вянка, якая цягнулася да канца 1913 году, калі, нарэшце, здабыты былі сродкі для надрукаваньня гэтага зборніка. Самы зборнік, памечаны 1913 годам, вышаў з друку, як відаць з аднаго ліста Ў. Ластоўскага, толькі ў пачатку 1914 году. Некаторыя падрабязнасьці аб друкаваньні зборніка Ластоўскі дае ў сваіх „Успамінах" (гл. таксама т. 1., увага да 1-га разьдзелу).

Апрача "Нашай Нівы", М. А. стараўся ўстанавіць пэўную сувязь і з іншымі беларускімі пэрыодычнымі выданьнямі. Так, напрыклад, мы бачым з яго перапіскі, што ў яго ў 1912 годзе заснавалася сувязь з "Маладой Беларусьсю", якая тады выдавалася ў Ленінградзе; прынамсі, Е. Хляпцэвіч ня раз паведамляў М. Б-ча ад рэдакцыі "Маладой Беларусі", што прысланыя ім вершы і іншыя матар'ялы будуць надрукаваны. Але чамусьці гэта надрукаваньне не адбылося. І наогул за жыцьцё М. Б-ча ў беларускіх кругабежных выданьнях (апрача "Нашай Нівы" і „Беларускіх Календароў") мы не сустракаем друкаваных яго твораў. Сëе-тое потым надрукавана было ў "Гомане" і ў "Вольнай Беларусі", але ўжо пасьля сьмерці поэты ў 1917-20 гадох. Другая часопісь, у якой, як і ў "Нашай Ніве", М. Б. прыветна прынялі, была "Украінская жизнь", якая выдавалася ў Маскве. У гады студэнцтва,