Старонка:Замоцін Багдановіч.pdf/26

Гэта старонка была вычытаная

іменна ў 1914-1916 г. г., ён надрукаваў тут шэраг артыкулаў, пераважна крытычных, прысьвечаных украінскай літаратуры. Тут-жа надрукаваны быў і вялікі нарыс пад загалоўкам "Белорусское возрождение", які вышаў асобнаю брашураю ў 1916 годзе. З расійскіх пэрыодычных выданьняў М. А. цясьней за ўсё зышоўся з Яраслаўскім "Голосом", але друкаваўся, апрача таго, у "Нижегородском Листке", у часопісі "Жизнь для всех“, у часопісі "Национальные проблемы" і іншых выданьнях. Спроба яго зьмяшчаць свае творы ў некаторых буйных часопісях таго часу, напрыклад, у „Вестнике Европы", у "Северных Записках", у "Русских Записках", у „Голосе Минувшего", у "Ниве"і інш., не прывялі да спрыяючых вынікаў. Як відаць з лістоў розных рэдакцый за студэнцкія гады, яму або адмаўлялі ў зьмяшчэньні прысланых вершаў і артыкулаў на старонках часопісі ці давалі ня пэўны адказ, які зацягваў пытаньне аб надрукаваньні. Чым вытлумачыць гэта: ці тым, што гэтыя рэдакцыі не хацелі зьмяшчаць вершаваных твораў на беларускія тэмы, ці тым, што проста не разгадалі вялікай здольнасьці ў поэце, які да таго-ж пісаў ня толькі на беларускія тэмы і ня толькі на беларускай мове,―сказаць цяжка. З выдавецтваў ён пасьпеў зыйсьціся толькі з кнігавыдавецтвам К. Ф. Некрасава, дзе былі надрукаваны яго брашуры, прысьвечаныя нарысам славянства; перапіска з кнігавыдавецтвам "Польза" аб надрукаваньні аднае з аповесьцяй Франко, перакладзенай М. Б-чам з украінскай мовы, а таксама з выдавецтвам "Парус" аб іншых перакладах з украінскай (мусіць, вершаў) скончылася, як відаць, нічым.

Нам застаецца сказаць яшчэ некалькі слоў аб адным баку студэнцкіх гадоў М. Б-ча, менавіта аб яго асабовым жыцьці і асабістых захапленьнях, якія таксама ўвайшлі ў выглядзе групы тэм і мотываў у яго лірыку. М Б., чалавек вельмі сьціплы, які да таго-ж мала сачыў за сваім вонкавым выглядам, асабліва за убраньнем, рабіў часамі некалькі нязвычайнае ўражаньне, і, як расказвае А. Д. Цітоў, мог выклікаць ухмылку надзіўленьня пры першым зьяўленьні сваім у грамадзе. Але варта яму было прыняць удзел у агульнай размове, і ўсе пераконваліся, што перад імі "адмысловы і мілы размоўца" чалавек з "чулаю і адзыўнаю душою і з сардэчнымі адносінамі да людзей". Паколькі ён выяўляў сябе ў гутарках і ў больш цесным дачыненьні з іншымі, ён, бязумоўна, павінен быў рабіць ня толькі прыемнае, але часамі і надзвычайнае ўражаньне. На гэтай глебе ствараліся сардэчныя адносіны да яго крэўных і сяброў і проста знаёмых, аб чым сьведчаць лісты да яго асоб яго сваяцкага кола, былых настаўнікаў, таварышоў, нават яго вучняў, з якімі ём займаўся прыватна, і іх бацькоў. Адгэтуль-жа, з яго асабовага абаяньня, бяруць пачатак і некаторыя больш інтымныя яго знаёмствы і сувязі. Конкретна можна адзначыць два-тры выпадкі. Больш раньні выпадак такога знаёмства, якое перайшло ў цеснае сяброўства, адносіцца, паводле сьведчаньня А. Ю-ча, да 1909 г., да летняга прабываньня М. Б-ча, тады яшчэ гімназіста, у Крыме, на ферме "Шалаш" у ваколіцах Ялты. Тут М. Б. пазнаёміўся з аднаею дзяўчынаю М. А. К-ай, захопленай і містычна настроенай; некаторы час, жывучы ў Яраслаўлі, ён падтрымоўваў з ёю перапіску і часамі з прычыны яе поглядаў, якія выклікалі яго на размышленьні, зварочваўся з пытаньнямі да А. Ю-ча. Лісты яе да М. Б-ча памечаны 1912 годам,―такім чынам гэта сяброўства цягнулася і ў студэнцкія яго гады, калі і сама яго карэспандэнтка была ўжо слухальніцаю на Вышэйшых Жаночых курсах. Ёй прысьвечаны верш 1909 г. "Цемень. Афярую М. А. Киц-ной" (т. І, разьдзел 1, № 18). Па думцы А. Ю-ча, да яе-ж зьвернут трыолет, напісаны на адвароце гімназічнай карткі ("Я баль-