Старонка:Замоцін Багдановіч.pdf/27

Гэта старонка была вычытаная

ны, бясскрыдлаты поэт"), які таксама адносіцца да 1909 году (т. І., разьдз. 1, № 6). Першы верш гаворыць аб тым, што М. Б. цікавіўся настроямі М. А. К-ай, але цалкам іх ня мог успрыняць па самым характары свайго сьветаразуменьня. Другі выпадак інтымнага знаёмства, які таксама пакінуў сьлед у лірыцы М. Б-ча, адносіцца да 1915 году, таксама да летняга прабываньня на поўдні, іменна ў Старым Крыме. Тут захапленьне М. Б-ча набыло больш глыбокі характар. А. Ю. называе гэты выпадак адзіным романічным эпізодам жыцьця свайго сына; прадмет яго захапленьня ён называе Клаваю, спасылаючыся на перапіску сына. У іншых успамінах гэты выпадак таксама адзначаны. Н. Г. Агурцоў расказвае аб гэтым так: "Асабіста ад мяне ён не хаваў, што знаходзіцца ў інтымнай перапісцы з аднаею асобаю, з якою ён пазнаёміўся ў Крыме і пакахаў. Я ня ведаў гэтай асобы і лічыў нялоўкім распытваць аб яго адносінах да гэтае асобы. Але, як мне здавалася, яго пачуцьцë было сур'ёзнае і моцна адбівалася на яго здароў'і. Адчувалася, што ён перажывае нейкі цяжкі ўнутраны крызіса. Прыблізна ў такіх-жа рысах робіць заўвагу аб гэтым выпадку і А.Д. Цітоў: „У мінуты адкрытасьці Максім Адамавіч расказваў мне, перадаючы, як тайну, гісторыю свайго захапленьня. Знаходзячыся на поудні, ён закахаўся ў адну жанчыну, але каханьне было няроўным і няўдачным і прымусіла толькі яго нямала хвалявацца". З імем Клавы захаваўся толькі адзін верш на расійскай мове (т. І, разьдзел V, № 282); зьмест яго гаворыць аб складанасьці перажытага М. А-чам пачуцьця. Трэці выпадак з асабовых захапленьняў нябожчыка поэты, які адбіўся ў яго лірыцы, адносіцца да жыцьця яго ў Яраслаўлі: цэлы шэраг вершаў на беларускай і расійскай мове (гл. т. 1, разьдз. ІV і V), вершаў пяшчотных і чулых, згрупаваны каля імя "Аня“, у якім трэба бачыць, па думцы А. Ю-ча, адну з знаёмых М. Б-ча па Яраслаўлі. Усе гэтыя выпадкі з інтымнага жыцьця поэты, што ўвайшлі, як крыніца, у яго і лірыку, сьцьвярджаюць выказаную яго бацькам думку, што суадносіны М. Б-ча да пачуцьця каханьня былі заўсёды надзвычайна чыстымі і нават паважлівымі. Той вобраз "Мадонны", аб якім ён гаворыць у сваіх вершах "На вёсцы" і „Вэроніка" (т. 1, разьдз. ІІ, № № 183, 184) у раньнім апавяданьні "Мадонны" (т. 1, разьдз. VІІ), быў відавочна не выпадковым стварэньнем яго фантазіі, а сапраўдным выяўленьнем уласьцівых яму адносін да жанчыны і да пачуцьця каханьня.

VI

Жыцьцё ў Менску (1916-1917). Другая паездка на радзіму. Служба ў Менску. Грамадзкая дзейнасьць, грамадзкія сувязі і знаёмствы. Літаратурная дзейнасьць. Стан здароўя. Апошняя паездка ў Крым. Апошнія дні жыцьця ў Ялце.

________

У пачатку восені 1916 г. М. А. здаў апошнія залікі па Ліцэі і ў верасьні таго-ж году паехаў у Менск, сказаўшы бацьку, што едзе на пэўнае месца. А. Ю. адпусьціў сына, хвароба якога ўсё больш і больш разьвівалася, з трывожным пачуцьцём, але ён ведаў, што М. Б. едзе працаваць на карысьць радзімы, якая была "цэнтрам яго цягаценьня", і дзеля гэтага ўтрымоўваць яго ня мог. Некаторыя дадзеныя аб гэтым апошнім эпізодзе жыцьця М. Б. мы чэрпаем ужо не з успамінаў бацькі, які, заняты ў гэты час вялікаю работаю па службе, ня мог пільна сачыць за жыцьцём і дзейнасьцю сына, а з успамінаў тых блізкіх М. Б-чу асоб, з якімі ён падтрымоўваў цесную сувязь у Менску. Я разумею А. Смоліча і Зьм. Бядулю, у якіх і атрыманы весткі, якія ніжэй падаюцца.