Старонка:Замоцін Багдановіч.pdf/29

Гэта старонка была вычытаная

пасяліўся на Мікалаеўскай вуліцы, дом № 8, у даволі нізкім месцы, недалёка ад мора, што для слабагрудага мала падыходзіла; пакой быў з асобнымі ўсходамі, ізаляваны, мала даступны для дагляду хворага; з харчаваньнем М. Б. уладзіўся таксама няўдала. Спачатку ён пісаў бацьку ў Сымфэропаль даволі супакойлівыя лісты, але потым перапіска спынілася: у пачатку мая месяца бацька не атрымаў адказу на два свае лісты і, заняты службаю, не пасьпеў даведацца аб сыне. А сын у гэты час дажываў апошнія дні. Ён увесь час быў на нагах і нават сам хадзіў па харчы. Але за тыдзень да сьмерці, калі моцна пашла праз горла кроў, ён зьлёг у пасьцель.

Ён памёр 25-га (12-га ст. ст.) мая 1917 г. ў адзіноце, і пахаваны на ялцінскім могільніку недалёка ад Мікалаеўскай вуліцы, дзе жыў перад сьмерцю. Бацька ўведаў аб горы, якое яго агарнула, толькі на чацьверты дзень пасьля сьмерці сына. Уміраючы, сын ня даў кватэрнай гаспадыне адрасу бацькі, ня хочучы яго трывожыць; яна знашла ў паперах нябожчыка яраслаўскі адрас бацькі і тэлеграфавала ў Яраслаў.

Апошнія вершаваныя накіды, напісаныя поэтам слабеючай рукою (гл. Т. І., разьдзел 1, № № 87, 88, 89), гавораць ня толькі аб тым, што ён разумеў набліжэньне сьмерці, але і аб тым, што, уміраючы, таксама любіў жыцьцё ў яго невянуўшым харастве. Апошняя яго прозаічная праца, за якою застала яго сьмерць, была праца над складаньнем беларускага лемантара. Нясупыннае служэньне радзіме ўваходзіла ў яго програму хараства жыцьця.