Старонка:Замоцін Багдановіч.pdf/3

Гэта старонка была вычытаная

у той самы час ня мог набыць ад бацькоў ніякіх вузка-саслоўных ці вузка-пабытовых традыцый і, наадварот, атрымаў, як спадак, у іх асобе моцную сувязь з працоўным народным жыцьцём і жыцьцём працоўнай інтэлігенцыі.

Ня менш значнымі былі ўплывы на будучага поэту і па лініі псыхічнай, асабліва інтэлектуальнай спадчыннасьці. Тут, перш за ўсё, карыстаючыся сьведчаньнем А. Ю. Багдановіча, прыходзіцца адзначыць выпадкі прыроднай надоранасьці сярод продкаў поэты з боку бацькі. Яго бабка па бацькаўскай лініі (Анеля Тамашова Асьмак) "мела надзвычайныя матэматычныя здольнасьці: ня гледзячы на тое, што была няпісьменнай, яна па чуцьцю разьвязвала нялёгкія альгебраічныя задачы".... "Некаторыя з яе ўнукаў, як відаць, пераняўшы спадчынай ад яе гэтую здольнасьць, разьвілі яе настолькі, што зьдзіўлялі знаўцаў выключнаю сілаю свае матэматычнае здольнасьці. Прынамсі, адзін з іх, родны брат Максіма, ня ведаў цяжкасьці ў гэтай галіне. Апрача таго, яна была здольнаю апавядальніцаю народных казак—здольнасьць, бязумоўна, поэтычная—насьледваўшы гэтую здольнасьць часткова ад свае маткі Рузалі Казіміраўны Асьмак, якая ў гэтым дачыненьні была вельмі здольнаю". У гэтым сьведчаньні А. Ю. Багдановіча аб надоранасьці яго мацеры (бабкі поэты) біографа павінна цікавіць менавіта другая адзнака гэтай надоранасьці, г. зн. не матэматычныя здольнасьці Анелі Тамашовай, а яе нахіл да мастацкага фольклёрызму,—рыса, уласьцівая як самому М. Багдановічу, так і шмат каму з яго старэйшых сучасьнікаў па літаратурнай эпосе.

Галоўным прычыньнікам гэтага ўхілу ў бок мастацкага фольклëрызму як непасрэдна для А. Ю. Багдановіча, так праз яго пасрэдніцтва і для яго сына—была ня столькі бабка поэты, колькі яго прабабка, Рузаля Казіміраўна. Перадача казачнага сюжэту для яе—так характарызуе яе поэтычную здольнасьць А. Ю.—была творчым актам; кожны раз яна ўносіла ў апрацоўку сюжэтаў новыя рысы; гаварыла моцна і нарасьпеў, надаючы гаворцы прыкметную рытмічнасьць. Яна ведала напамяць шмат беларускіх песень, і наогул была нашэльніцаю і хавальніцаю народнай старасьветчыны: абрадаў, звычаяў, варажбы, паданьняў, пасловіц, прыказак, загадак, народных лекаў і інш. Яе вядомасьць і ўплыў, як варажбіткі, знахаркі і захавальніцы народнага абраду ў выдатныя моманты народнага жыцьця (радзіны, хрэзьбіны, вясельлі, хаўтуры, засеўкі, зажынкі, дажынкі, талокі, улазіны і інш.), шырока была пашырана ў Халопеніцкай акрузе; да яе прыходзілі за парадамі і кіраўніцтвам, і ва ўсіх урачыстых выпадках запрашалі распарадніцаю—"парадак даваць"... "У сваіх этнографічных працах—робіць, паміж іншым, А. Ю. каштоўнае паказаньне—шмат што я скарыстаў з вялізарнага запасу яе ведаў, якія, паводле яе слоў, былі спадчыннымі ў раду Лісоўскіх і Парэцкіх (па яе бацьку і матцы)". Перадача спадчыннасьці ў сэнсе уплыву на генэзіс творчасьці М. Багдановіча ў дадзеным выпадку устанаўляецца фактычна: Багдановіч-бацька рабіў запісы фольклёрнага матар'ялу на падставе таго, што ён чуў ад свае бабкі, здольнай сказальніцы, а Багдановіч-сын скарыстаў запісы бацькі для сваіх мастацка-фольклёрыстычных вобразаў і малюнкаў. Па гэтых казках—кажа А. Ю., разумеючы казкі бабкі Рузалі—Максім азнаёміўся ўпяршыню з беларускаю моваю". У другім месцы сваіх "Матар'ялаў" ён ужо больш конкрэтна паказвае сувязь поэзіі свайго сына з фольклёрнаю спадчынаю, якая перашла да поэты ад яго прабабкі праз бацьку: "Сëе-тое запазычанае мною з гэтай крыніцы, праз мае пісаньні, адбілася на творчасьці яе (г. зн. Рузалі Казіміраўны) праўнука Максіма, пасвойму ім ператворанае, асабліва ў цыкле "У за-