Старонка:Замоцін Багдановіч.pdf/31

Гэта старонка была вычытаная

Адкуль ідуць гэтыя выключна трывалыя і, так сказаць, пэрманэнтныя ўражаньні і ўспаміны аб бацькаўшчыне і сувязі з ёй? Вядома, не з абстаноўкі жыцьця поэты ў Менску, адкуль ён выехаў з сям'ёй у Горадню шасьцёх з невялікім месяцаў узросту. І нават ня з раньняга маленства ў Горадні, таму, што, як было яму пяць год, ён ужо выехаў і з Горадні, і, значыцца, ня мог вынесьці з гэтае пары свайго жыцьця больш ці менш трывалых успамінаў аб прыродзе, быце і мове свае бацькаўшчыны. І поэтаў бацька, Адам Юравіч, і сам поэта спасылаюцца ў дадзеным выпадку на атавізм, які даў, на іх погляд, аснову беларускім настроям поэты; але атавізм сам па сабе яшчэ нічога не высьвятляе, таму што з карэньня атавізму, як-бы яно ня было глыбокае, яшчэ не маглі-б узрасьці краскі творчасьці ўласна на беларускія тэмы, калі-б сам атавізм не атрымоўваў бязупыннага жыўленьня і ў маленстве і ў юнацтве поэты. У гэтым жыўленьні і карэніцца прычына ўхілу творчасьці М. Багдановіча ў бок бацькаўшчыны і тэм, зьвязаных з ёю. Сюды, да крыніц, што жывілі гэты пераважна беларускі ўхіл творчасьці М. Багдановіча, належыць перш за ўсё ўплыў на поэту радні, дзе падтрымоўваліся беларускія традыцыі,—гэтае, як выражаецца А. Ю., беларускае колёніі ў далёкім краі пры сутоку "Окі і Волгі". Колёнія гэта складалася з бацькі поэты і яго сваякоў—сем'яў Гапановічаў і Галаванаў; у гэтай "беларускай колёніі" поэта мог ужо ў маленстве часам чуць беларускую мову (з успамінаў А. Ю. ня відаць, аднак, у якой ступені ў гэтым сваяцкім асяродзьдзі карысталіся беларускаю моваю), нярэдка чуў беларускія казкі, песьні, прыказкі і "крылатыя слоўцы" з народнае мовы. Найбольшы ўплыў у гэтым асяродзьдзі мог мець на поэту яго бацька. Уласна ён пры дапамозе сваіх вусных гутарак на народна-поэтычныя тэмы і сваіх запісаў фольклёрнага матэрыялу, атрыманых ім сваім парадкам ад свае бабкі (поэтавае прабабкі) Р. К. Асьмак, перадаў свайму сыну конкрэтную спадчыну ў выглядзе твораў народнае творчасьці, народна-поэтычных тэм і мотываў мітатворчага зьместу, народна-поэтычных вобразаў, сымболяў, параўнаньняў ды іншых спосабаў народна поэтычнага стылю. У гэтым пункце перад дасьледчыкам беларускае літаратуры, у прыватнасьці дасьледчыкам уласна творчасьці М. Багдановіча, паўстае зусім конкрэтнае пытаньне аб генэтычнай сувязі шмат-якіх яго вершаў, — асабліва тых, што пабудованы на вобразах і малюнках з галіны роднае мітатворчасьці,—з матэрыялам кнігі яго бацькі "Пережитки древнего миросозерцания у белоруссов" (Гродно, 1895). Гэта—тэма для невялікіх, але дакумэнтальных дасьледзін, якія павінны знайсьці свайго аўтара ці сярод пачынаючых гісторыкаў беларускае літаратуры, ці, па меншай меры, у абыйме студэнцкіх навуковых практыкаваньняў падвышанага тыпу (сэмінарскія работы старэйшых курсаў, дыплёмныя работы). З тае прычыны, што апрача матэрыялаў па народнай творчасьці, што меліся ў руках бацькі, М. А. яшчэ ў маленстве, пры першапачатковым сваім навучаньні, карыстаўся зборнікамі Шэйна і Раманава, дык перагляд гэтых зборнікаў пад кутом іхняга ўплыву, як крыніцы, на творчасьць М. А., быў-бы тож ня лішнім і таксама мог-бы ўкласьціся ў конкрэтнае гістарычна-літаратурнае заданьне.

Паміма непасрэднага ўплыву радні ("беларускае колёніі") і хатняга чытаньня зборнікаў беларускай народнай поэзіі, суздром конкрэтнай крыніцай для беларускіх тэм у творчасьці М. Багдановіча трэба лічыць яго пабыўку на бацькаўшчыне ў 1911 годзе. Ён пабыў два разы ў Вільні, прабавіўшыся там увогуле некалькі дзён, і пражыў каля месяцу ў сялібе аднаго з сваякоў А. Луцкевіча, якая знаходзілася недзе паміж Вялейкаю і Менскам. Непасрэдныя ўражаньні ад