Старонка:Замоцін Багдановіч.pdf/32

Гэта старонка была вычытаная

прыроды і быту бацькаўшчыны, непасрэдныя сустрэчы з землякамі, — пісьменьнікамі і грамадзкімі дзеячамі, якія стаялі тады ў шэрагах беларускага руху, нават непасрэдны агляд некаторых памятак беларускае старасьвеччыны (рукапісныя славянскія кнігі, слуцкія паясы і да т. п.), — усё гэта ўзбагаціла яго сьвежымі настроямі і думамі на беларускія тэмы, узьняло яго бадзёрасьць і веру ў свае сілы. Нездарма поэта ў 1910 годзе, калі ён толькі яшчэ лятуцеў аб пабыўцы на бацькаўшчыне, у адным вершы параўноўвае сябе з Антэем, які даткнуўся да грудзей роднае зямлі і чэрпае ў яе новую моц для жыцьцёвага змаганьня:

Паломаны жыцьцём, чакаючы магілы,
Радзімая зямля, прынікнуў я к табе.
І бодрасьць ты ўліла ў слабеючыя жылы.
Зварушыла маёй душы драмаўшай сілы,
І месца ў ёй з тых пор няма ўжо больш жальбе.

Гэты верш ("Калі зваліў дужы Геракл у пыл Антэя" аддз. ІІ, № 153), з якога я бяру другую строфу, як-бы папераджаў захапленьне ад тых уражаньняў, што пасьля ён вынес з паездкі ў 1911 годзе. Сапраўды, тое, што напісана ім пад простым уплывам гэтае паездкі, г. зн., прыкладам, вершы "У вёсцы", "Вэроніка", шэраг вершаў, прысьвечаных уражаньням ад гарадзкога жыцьця Вільні і згрупованых пад цыклем "Места" (пар. аддз. ІІ, №№ 131 і 132), урэшце, некалькі вершаў, што складалі цыкль "Старая Беларусь" (аддз. ІІ, №№ 123, 124, 125, 126, 127)―усё адзначаецца нязвычайнай сьвежасьцю фарбаў, конкрэтнасьцю і жыцьцёвасьцю зьместу. У той час, як больш раньнія яго вершы на беларускія тэмы даюць замалёўку беларускае прыроды, бытавога жыцьця і псыхікі па ўстаноўленаму яшчэ перад ім у беларускай поэзіі шаблёну смутлівага народніцтва, — вершы, напісаныя пад уплывам уражаньняў лета 1911 г., даюць бадзёрае і радаснае ўспрыйманьне бацькаўшчыны, у якой поэта знаходзіць яскравыя фарбы і сьветлыя блікі. Да гэтай групы вершаў, больш бадзёрых па тону і больш жыцьцёвых па тэме, трэба, мне здаецца, аднесьці таксама некаторыя вершы, што не увайшлі ў свой час у "Вянок" і былі надрукованы на старонках "Нашае Нівы"; гэта, прыкл., вершы "Ізноў пабачыў я сялібы" і „Споўненае абяцаньне" (аддз. 1, №№ 49, 50). Вывучэньне гэтае крыніцы творчасьці М. Багдановіча, г. зн. віленскіх і вясковых яго ўражаньняў, перажытых улетку 1911 г., становіць таксама конкрэтнае заданьне дасьледчыку дадзенага пытаньня; але для выкананьня гэтага заданьня пакуль няма выстарчальнае колькасьці матэрыялу, г. зн., па меншай меры, адпаведных успамінаў аб бытаваньні поэты у Вільні і ў сялібе дзядзькі А. Луцкевіча (успаміны В. Ластоўскага даюць для гэтай мэты мала даведак). Таксама-ж, пакуль ня высьветлены выстарчальна конкрэтна і крыніцы вершаў М. Багдановіча, прысьвечаных гістарычнай Беларусі і таксама навеяныя паездкаю 1911 году. Дасьледчык творчасьці М. Багдановіча, вядома, установіць: пад якімі бліжэйшымі уражаньнямі напісаны такія, прыкл., вершы, як "Кніга" (аддз. ІІ, № 125), што мае на ўвазе пэўную кніжную памятку, з якою поэта мог азнаёміцца ў Вільні, ці верш "Безнадзейнасьць" (аддз. ІІ, № 127), зьвязаны з традыцыяй аб асобе Фр. Скарыны. Крыніца вершу "Слуцкія ткачыхі" (аддз. ІІ, №№ 126a і 126б) больш выразная: гэта―бясспрэчна, самыя орыгіналы паясоў, што ён бачыў у Вільні і тая гістарычная даведка, якую ён там наконт іх атрымаў. Даведка аказалася недакладнай і прымусіла поэту паграшыць супроць гісторыі (гл. т. І, увагу да верш. №№ 126а і 126б), але той мастацкі вобраз, што склаўся на гэтай аснове, атрымаўся закончаным па тэме і павабным па сваёй маляўніча-эмоцыянальнай апрацоўцы. Іншыя