Старонка:Замоцін Багдановіч.pdf/33

Гэта старонка была вычытаная

крыніцы твораў М. Багдановіча на беларускія тэмы маюць ўжо пераважна кніжны характар: іх трэба шукаць у тых кнігах, галоўным чынам, у навуковых творах і зборніках па беларусазнаўству, — над якімі ён працаваў у старэйшых клясах гімназіі і асабліва ў гады навучаньня ў Яраслаўскім Ліцэі, а таксама ў зносінах яго з некаторымі блізкімі яму асобамі, як А. К. Кабанаў, якія маглі даць яму той ці іншы матэрыял у дадзеным кірунку; перапіска яго з беларускімі пісьменьнікамі і грамадзкімі дзеячамі таксама дае ў гэтых адносінах некаторы матэрыял дасьледчыку. Гэта—тож адна з конкрэтных тэм па агульнаму пытаньню аб крыніцах творчасьці М. Багдановіча.

Пабач з уплывам з боку бацькаўшчыны, які ішоў шляхам зносін з жывымі людзьмі і шляхам чытаньня кніг, былі, вядома, нейкія іншыя узьдзеяньні на поэту, што пашыралі кругагляд яго назіраньняў і дум да меж усяе навакольнае дзейнасьці—ня толькі беларускае і украінскае, але і вялікарускае і нават заходня-эўропэйскае. І ў самай рэчы, сярод вершаў поэты ёсьць, як мы пабачым ніжэй, невялікая група такіх, якія напісаны на тэмы не спэцыяльна-беларускага, а, так сказаць наагул сучаснага поэце соцыяльна-бытавога зьместу. Адкуль ідуць гэтыя тэмы ў творчасьці М. Багдановіча? Яны тож, бясспрэчна, не выпадковы. На аснове біографічных матэрыялаў у мяне склалася ўражаньне, што і ў гэтым дачыненьні павінен быў аказаць значны ўплыў на поэту яго бацька. Грамадзкі працаўнік па складу розуму і па характару свае дзейнасьці, у свой час актыўны народаволец (1882-1892), А. Ю. ня мог не перадаць свайму сыну пэўнага грамадзка-політычнага ўхілу ў бок актыўнага народніцтва. Гэтым, вядома, і тлумачыцца, што шмат-якія вершы М. Багдановіча на беларускія тэмы ня проста прасякнуты смутлівым народалюбствам, але і падыхаюць гнеўным протэстам супроць прыгнечаньня народных мас і заклікам да змаганьня за вызваленьне іх ад соцыяльна-экономічнага ўціску. Адсюль-жа вядуць сваё паходжаньне і тыя вершы, што бяруць гэтую тэму аб соцыяльным уціску шырэй, у роўніцы сучасных поэце соцыяльных дачыненьняў наагул (пар. "Мяжы"—аддз. І, № 59). Апрача бацькі, вядомае ўзьдзеяньне на поэту ў тым-жа кірунку маглі аказаць і некаторыя яго знаёмствы. Якое ўласна―пакуль мы ня можам на гэта адказаць конкрэтна, таму што для гэтага няма фактычных дадзеных. "Матэрыялы" А. Ю-ча гавораць, галоўным чынам, яб Яраслаўскіх сувязях поэты, ― асабліва з супрацоўнікамі "Голаса". Зусім магчыма, што ў іхным асяродзьдзі поэта знайшоў і абмяркоўваньне набалелых грамадзка-політычных пытаньняў, асабліва тых соцыяльных супярэчнасьцяй перадрэволюцыйнае пары, што шырока трактаваліся ў пачатку ХХ сталецьця ў колах расійскае інтэлігенцыі, як грамадзкіх, гэтак і літаратурных. Вядомае значэньне ў сэнсе крыніцы грамадзка-політычных настрояў М. Багдановіча мелі таксама і кнігі. Кнігі соцыяльна-політычнага характару ўпяршыню ўспамінаюцца ў біографіі поэты ў гады яго гімназічнае навукі, а ўласна ў гады рэволюцыйнага руху ў Яраслаўскай гімназіі (1905-6 і 1906-7 г.г.). У гэты час яго зацікавілі Бакунін, Прудон, Эльцбахер, Малятэста, Чэркезаў і інш. Выходзячы з гэтых кніжных уплываў, рэволюцыйны ўхіл М. Багдановіча за годы вучнёўства, як відаць, трэба азначыць, як індывідуальна-анархіцкі. Анархізм яго, вядома, нельга разумець, як трывалае захапленьне; але да індывідуалізму ён меў бясспрэчны нахіл. Гэта пацьвярджаецца пазьнейшымі сымпатыямі поэты да соцыялёгічнае тэорыі ўласна такога кірунку. У артыкуле, прысьвечаным Н. Д. Ножыну („Ежем. журнал", 1916, № 6) ён з вялікім захапленьнем гаворыць аб гэтым біолёгу- нігілістым 60-х гадоў, уласна, як аб яскравым выражальніку індывіду-