Старонка:Замоцін Багдановіч.pdf/34

Гэта старонка была вычытаная

альна-соцыялёгічнага сьветагляду. Ён выкладае яго тэорыю таго тыпу грамадзтва, які можна назваць грамадзтвам "аднародным" ці "нядробным"; у васнове гэтага грамадзкага ладу ляжаць "інтарэсы асобы"; гэты тып грамадзтва Ножын проціставіць другому тыпу грамадзкага жыцьця, пры якім "асоба блізка зьведзена на ступень простага органу грамадзкага цэлага". Ножын, вывучаўшы на ўзьбярэжжы Міжземнага мора прасьцейшых морскіх жывёлін, прототып першага грамадзкага ўкладу бачыў у "коленіі“ гідраў (гідра—прасьцейшая вадзяная жывёліна), а прототып другога віду грамадзтва—у колёніі сыфонофор (прасьцейшыя морскія жывёліны). Сымпатыі М. Багдановіча, відаць, на баку першага тыпу, дзе грамадзтва не паглынае асобы, і, наадварот, ён адмоўна ставіцца да другога віду грамадзкага жыцьця, што відаць, паміж іншым, з яго вершаванага накіду (аддз. ІV, № 261- "Усплывае грамада сыфонофора"), дзе ў вобразе "грамады" сыфонофор ён у мінорных рэгістрах гаворыць аб такім грамадзтве, якое жыве "бяз шчасьця і бяз гора". Ацэньваючы крыху раней ("Голас", 1914, № 22) Н. К. Міхайлоўскага, уласна як вучня Н. Д. Ножына, ён з асаблівай увагай сунімаецца на індывідуалістычным баку сьветапогляду Міхайлоўскага і нават цытуе яго формулу прогрэсу, дзе, як вядома, адведзена відная мясьціна (ужывём тэрмін П. Л. Лаўрова) "крытычна-мысьлячай асобе“. „Прогрэс ёсьць—цытуе М. Багдановіч Міхайлоўскага—паступовае набліжэньне да суцэльнасьці непадзельных (г. зн. асоб), да магчыма поўнага і ўсебаковага падзелу працы паміж органамі і магчыма меншага падзелу працы між людзьмі ... Гэтую формулу М. Багдановіч называе "вельмі ўдалай", такой, "якая азначае сабою зьмест усяе літаратурнае спадчыны, што засталася ад Міхайлоўскага". Адсюль можна думаць, што самога поэту і ў гады гімназічнае навукі, і ў студэнцкія гады больш цікавіла тая форма грамадзкага жыцьця, якую раскрывалі ў сваіх артыкулах Ножын і Міхайлоўскі. Гэтая форма разумеецца ў Ножына як "такая сыстэма грамадзкага ладу", якая "найбольш забясьпечвае гармонічнае разьвіцьцё асобы" (цытую артыкул М. Багдановіча аб Ножыну). Я ня хочу гэтым сказаць, што мысьлю М. Багдановіча, як такога, які цалком падзяляў пераконаньні Ножына ці, прынамсі, Міхайлоўскага. Але мне здаецца ўсё-ткі, што ў соцыяльнай самасьвядомасьці поэты індывідуалізм быў кіраўнічым факторам. Гэта ў цалку адпавядала таму інтэлігенцкаму асяродзьдзю, якое было блізкім поэце і якое часткаю жыло яшчэ традыцыямі ідэй Лаурова і Міхайлоўскага, часткаю шукала новых аўторытэтаў для ўгрунтаваньня свайго сынтэзу свабоды асобы і канечнасьці грамадзкага слугаваньня. З гэтых даведак больш ці менш азначаецца соцыяльна-культурная позыцыя поэты ў гады яго студэнцтва. Калі выразна паставіць пытаньне, да якой уласна грамадзкай групы ён належаў па складу сваіх пераконаньняў, дык на гэтае пытаньне льга адказаць так. Ён належаў да тае часткі інтэлігенцыі перадрэволюцыйнае пары, якая рашуча адмежавалася ад інтэлігенцкага мяшчанства, што жыло дробна-буржуазнымі ідэаламі, але ня прыстала і да актыўнага рэволюцыйнага руху. Гэтая частка інтэлігенцыі заняла асаблівую позыцыю: ставячыся адмоўна да соцыяльнае неўпарадкаванасьці сучаснага ёй ладу жыцьця, яна ў той-жа час проціставіла яму не якую-небудзь выразную програму новае соцыяльнасьці, а адно агульныя імкненьні, накірованыя да жыцьця больш культурнага, больш чалавечнага і больш дасканальнага ў соцыяльным сэнсе. Гэта тая частка інтэлігенцыі, якую мы адчуваем у некаторых індывідуалістых раньніх твораў М. Горкага, што протэстуюць супроць навакольнага соцыяльнага зла ў імя лепшае будучыны; гэта тая інтэлігенцыя, што зарысована ў асобе чэхаўскае моладзі ў