Старонка:Замоцін Багдановіч.pdf/35

Гэта старонка была вычытаная

яго драмах,―моладзі, што гаворыць аб жыцьці працоўным, праўдзівым і прыгожым; тая інтэлігенцыя, якую малюе Купрын у васобе сваіх герояў, мысьляць і пярэчаць (але не актыўна, а адно эмоцыянальна) супроць "Молоха" капіталу і яго сьвятароў-хіжакоў жыцьця. У склад гэтае інтэлігенцыі уваходзіла значная частка расійскіх бэлетрыстых і поэтаў канца ХІХ-га і пачатку ХХ-га веку, ― паміж іншым, і поэты-сымболістыя. Я думаю, што да гэтай часткі інтэлігенцыі свайго часу можа быць да вядомае ступені залічаны і М. Багдановіч. Гэтым уласна і тлумачыцца, што ён, будучы далёкім ад інтэлігенцкага мяшчанства, ня выявіў, аднак, больш азначана свае грамадзка-політычнае позыцыі, а жыў агульным адмаўленьнем сучасных яму соцыяльных супярэчнасьцяй і агульнымі думамі ды лятуценьнямі аб абнаўленьні соцыяльнага ладу. Конкрэтнае заданьне гісторыку літаратуры ў дадзеным выпадку зводзіцца таго, каб уважліва выўчыць рукапісны матэрыял, што захаваўся (поэтавы сшыткі, запісы яго паасобных лісткох, сьпіс прачытаных ім ці прызначаных на прачытаньне кніг і г. д.) і ўстанавіць больш дакладна круг грамадзкіх інтарэсаў і ідэй, сярод якіх ён жыў і якія ператварыў у мастацкія вобразы сваіх вершаў, напісаных на сучасныя яму соцыяльна-культурныя тэмы.

З тае прычыны, што апрача вершаў на беларускія тэмы і вершаў на сучасныя поэце соцыяльна-культурныя тэмы, поэзіі М. Багдановіча ўласьцівы і вершаваныя творы, прысьвечаныя агульна-людзкім проблемам, пераважна псыхолёгічнага характару, дык трэба думаць пра наяўнасьць у яго творчасьці яшчэ і трэцяе крыніцы (апрача дзьвёх, ужо паказаных), якая азначала гэтую трэцюю групу яго тэм. Трэба ўзяць пад увагу, што апрацоўка і асьвятленьне тэм гэтае групы адрозьніваецца некаторым налётам пэсымізму. Пэсымізм наогул быў уласьцівы тэй групе інтэлігенцыі, да якой мы толькі-што залічылі М. Багдановіча. Для адных крыніцаю гэтага пэсымізму была рэакцыйная эпоха канца ХІХ сталецьця і той грамадзкі індэфэрэнтызм, які парадзіла гэтая эпоха; у другіх пэсымістычны настрой жывіўся філёзофіяй Гартмана, Шопэнгаўэра і нават Ніцшэ; трэція сваеасаблівую сымфонію пэсымізму падслухалі ў сучаснай ім сымболістычнай поэзіі, асабліва ў францускіх сымболістых. Пры гэтых адменнасьцях агульным у інтэлігентаў пэсымістых канца ХІХ-пачатку ХХ стал. было тое, што яны падыходзілі да хворых пытаньняў, што мучылі іх, не з культурнага, а з філёзофскага і псыхолёгічнага пунктаў гледжаньня, і ў такой уласна роўніцы разьвязвалі пытаньні аб каштоўнасьці чалавечага пачуцьця, чалавечае мысьлі, волі, чалавечае моралі і да т. п. Гэты павеў эпохі бясспрэчна захапіў і М. Багдановіча,—адным, прынамсі, крылом. У поэзіі яго маюць месца і пэсымістычныя мотывы. Крыніцы яго пэсымізму былі падвойнага роду—і соцыяльна-культурнага, і чыста-літаратурнага характару. Першую крыніцу трэба шукаць у умовах соцыяльна-культурнага быту яго бацькаўшчыны, гістарычны лёс якое ён перажываў дужа чутка і нават хваравіта, хоць і браў пасільны яму ўдзел у яе адраджэньні. Другая крыніца крыецца ў сымболізьме, асабліва ў францускім, і ў прыватнасьці ў Вэрленаўскім, таму што якраз у Верлена М. Багдановіч сустрэў тое пэсымістычнае сьветаразуменьне, з якім у яго псыхіцы знайшліся некаторыя агульныя перажываньні. Азначаючы гэты пэсымізм, як адбітак эпохі, як forme d'esprіt таго часу, трэба прызнаць, што М. Багдановіч аддаў яму вядомую даніну, але разам з тым ўдвая яго перамог: смутак аб лёсе бацькаўшчыны ў яго саступаў месца надзеям на яе адраджэньне, а пэсымістычныя настроі сымболізму рашчыняліся ў яго ў сьветлых мотывах красуючага