Старонка:Замоцін Багдановіч.pdf/36

Гэта старонка была вычытаная

хараства жыцьця, больш дэтальна пытаньне аб крыніцах пэсымізму ў М. Багдановіча і аб самым характары яго пэсымізму можна ў дасьледчым парадку устанавіць на аснове вывучэньня ўспамінаў аб ім, яго перапіскі і адпаведнай дадзенаму пытаньню групы вершаў.

Гэткія крыніцы творчасьці М. Багдановіча, што азначаюць да некаторае ступені тэматыку тых яго твораў, у якіх ён рэагуе на соцыяльна-культурныя зьявы і проблемы яго эпохі: на лёс свае бацькаўшчыны, на соцыяльнае жыцьцё свайго часу наагул і на агульна-людзкія проблемы псыхолёгічнага пераважна характару. Побач з гэтымі крыніцамі конкрэтна-жыцьцёвага зьместу, у яго творчасьці мелі месца і літаратурныя крыніцы ды ўплывы. У схэме гэтае групы крыніц, як і ў першай, ужо разгледжанай групе, ёсьць вядомая градацыя: там у сваіх успрыйманьнях конкрэтнага жыцьця, поэта йшоў ад бацькаўшчыны да сучаснасьці наогул і ад навакольнае сучаснасьці да самых шырокіх агульналюдзкіх пытаньняў; тутака, у галіне літаратурных уплываў, ён ідзе аналёгічным шляхам: ад уплываў беларускай народнай поэзіі і беларускай мастацкай літаратуры да уплыву славянскіх літаратур, а ад іх да літаратур Заходня-Эўропэйскіх, г. зн. да літаратурных крыніц усясьветнага маштабу. Пытаньне аб літаратурных уплывах на М. Багдановіча зьяўляецца ў дасьледаваньні яго творчасьці даволі складаным заданьнем і патрабуе папярэдняга аналізу адпаведных матэрыялаў. Тутака, у кароткім нарысе, я магу адно вызначыць паасобныя моманты гэтага заданьня, але не разьвязваць яго дэтальна. Уплыў беларускае літаратуры патрэбна устанавіць у двох відах: уплыў народнае вуснае творчасьці і ўплыў паасобных пісьменьнікаў, асабліва нашаніўскае пары. Параўнальны аналіз тэматыкі яго вершаў фольклёрысцкага характару і роўналежна з імі тых зборнікаў і прац па беларусазнаўству, якімі ён карыстаўся (Шэйна, Раманава, Радчанкі, Карскага і інш.) павінна даць вядомыя вывады па пытаньні аб адносінах яго мастацкага фольклёрызму да матэрыялаў беларускае народнае творчасьці. З уплываў мастацкае літаратуры нашаніўскае пары, я думаю, трэба было-б высьветліць магчымы ўплыў на яго поэзіі Я. Коласа і Я. Купалы, бо некаторыя з вершаў яго, напісаных на беларускія тэмы, крыху нагадваюць літаратурную манеру (тэматыку, композыцыю, ідэёвую ўстаноўку) названых поэтаў; мяркуючы па дадзеных перапіскі, можна думаць, што пэўны ўплыў на мастацкую форму, у прыватнасьці на тэматыку вершаў М. Багдановіча, маглі зрабіць В. Ластоўскі і С. Палуян; высьвятленьне іхняе ролі ў разьвіцьці творчасьці М. Багдановіча павінна скласьці асобнае невялікае дасьледчае заданьне. З славянскіх літаратур найбольш цесна ўвязаў сябе М. Багдановіч з украінскай літаратурай. Мяркуючы па даволі вялікай колькасьці перакладаў з украінскіх поэтаў, а таксама і па крытычных артыкулах, прысьвечаных Шэўчэнку, Самійленку і Чупрынку, трэба зрабіць вывад, што украінская поэзія ня проста займала яго цікавасьць, але да некаторай ступені і жывіла яго формальна, а, можа быць, і ідэёва, паколькі ў украінскіх поэтаў знаходзіліся агульныя тэмы і мотывы з поэтамі беларускімі. Гэтае пытаньне―г. зн. наконт перакладаў М. Багдановіча з украінскае мовы, наконт адносін яго да украінскае поэзіі (па крытычных артыкулах яго) аб супрацоўніцтве яго ў „Украинской Жизни" і аб сувязях з украінскімі пісьменьнікамі і журналістымі павінна скласьці асобны этуд, які дасьць фактычную аснову і для высвятленьня магчымага ўплыву на М. Багдановіча ўкраінскай поэзіі. Артыкулы М. Багдановіча прысьвечаныя этнографіі быту і гісторыі славян, дадуць матэрыял для вызначэньня яго поглядаў на славянства і яго славянскіх сымпатыяў. Уплыў расійскае літаратуры бясспрэчны, таму што М. Багдановіч выхоў-