Старонка:Замоцін Багдановіч.pdf/38

Гэта старонка была вычытаная

Тэматыка у творчасьці М. Багдановіча; сувязь яе з крыніцамі творчасьці; яе зьмест. Тэматыка беларускай прыроды і быту. Тэматыка соцыяльна-культурных проблем; псыхолёичныя тэмы ў поэзіі М. Багдановіча. Тэматыка, зьвязаная з літаратурнымі крыніцамі ў творчасьці М. Багдановіча, яго мастацкі фольклёрызм, славянскія заходня-эўропейскія тэмы і мотывы ў яго поэзіі. Ідэолёгічны бок у поэзіі М. Багдановіча; пытаньни аб яго пэсымізьме.

Як відаць з папярэдняга нарысу, крыніцы творчасьці М. Багдановіча ўкладваюцца ў нескладаную параўнаўча схэму: бацькаўшчына і ўплывы, з ёю зьвязаныя, сучасныя поэце соцыяльна-культурныя проблемы і настроі і, нарэшце, уласна літаратурныя крыніцы яго твораў. Гэтыя крыніцы абумоўлівалі сабою яго тэматыку, узятую ў асноўных групоўках яго тэм і мотываў.

Тэматыка—гэта тое, аб чым гаворыць поэта; тое, у што ён ператварае крыніцы творчасьці, г. зн. і свае нагляданьні над вакольным жыцьцём і свае інтымныя ўнутраныя перажываньні. Але тэматыка — гэта і тыя формальныя шляхі, г. зн. сюжэты, жанры, композыцыйныя схэмы, па якіх ідзе ператварэньне крыніц творчасьці ў закончаныя мастацкія вобразы, малюнкі, сцэны,—у цэлыя творы. Вось чаму тэматыку можна разглядаць і як суму мастацкіх зарысовак жыцьця, і як суму мастацкіх спосабаў, г. зн. сюжэтаў, мотываў, жанраў, пры дапамозе якіх аформляюцца гэтыя зарысоўкі. У першым выпадку аналіз тэматыкі будзе галоўным чынам соцыялёгічны, які ўвязвае зьмест творчасьці. З соцыяльна-культурнымі абставінамі эпохі; у другім выпадку ён будзе галоўным чынам формальна-мастацкі, г. зн. будзе раскрываць формальную прыроду сюжэтаў, мотываў, жанравых пабудоў у творчасьці.

У гэтым нарысе я маю на ўвазе соцыялёгічную ацэнку тэматыкі М. Багдановіча, пакідаючы формальную ацэнку для спэцыяльнага этуду, які павінен быць прысьвечаны агляду яго поэтыкі.

Тэматыка творчасьці М. Багдановіча, узятая ў роўніцы свайго зьместу, у якім адлюстроўваецца асабовае жыцьцё поэты і яго адносіны да вакольнай рэчаіснасьці, бязумоўна, займе ў гісторыі беларускай літаратуры нашаніўскае пары выдатнае месца, як па рознастайнасьці тэм, так і па іх орыгінальнай апрацоўцы.

Возьмем тэмы, якія зьвязаны з першай крыніцай—бацькаўшчынай поэты і яе ўплывам на яго. Гэтыя тэмы праходзяць праз абодвы разьдзелы яго вершаў—і праз творы 1908-1917 г.г., які ня былі зьмешчаны ў „Вянку", і праз самы зборнік "Вянок". Іх вельмі шмат, іх ня трэба пералічваць: за выключэньнем некаторых вершаў, якія маюць сваім зьместам выключна інтымныя перажываньні поэты або абставіны яго жыцьця на чужыне (галоўным чынам у Яраслаўлі), або, нарэшце, некаторых (таксама далёкіх па тэме ад уражаньняў бацькаўшчыны) твораў, як нерытмованы верш "Над морам" (№ 22), рэшта неразлучна