Старонка:Замоцін Багдановіч.pdf/39

Гэта старонка была вычытаная

зьвязана з бацькаўшчынай і адлюстроўвае яе поўна і рознастайна. Пры гэтым заслугоўвае ўвагі тая асаблівасьць здольнасьці М. Багдановіча, што ён―больш лірык, чым эпік,―амаль у кожным вершы настолькі перамагае свой прыродны мастацкі індывідуалізм, што часта дае тыповыя зарысоўкі беларускай прыроды і жыцьця, якія вызначаюцца той умоўнай об'ектыўнасьцю, якая даступна ня кожнаму лірыку. Вось чаму ў вершах М. Багдановіча на беларускія тэмы мы знаходзім ня проста агульныя імкненьні поэты да бацькаўшчыны, але і конкрэтныя адлюстраваньні беларускай прыроды, беларускага быту і псыхікі працоўнага беларуса,―адным словам, усе тыя тэмы, якія дазваляюць крытыку-соцыолёгу ўвязаць лірыку поэты з соцыяльна-культурнымі абставінамі жыцьця яго часу.

Зарысоўкі беларускай прыроды мы знаходзім у целым шэрагу вершаў, напр., у №№ 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17 і г. д. у першым разьдзеле і яшчэ больш у разьдзеле "Вянок", дзе першыя тры цыклі вершаў амаль усе скомпанованы на фоне малюнкаў беларускай прыроды. Але, вядома, ня тое толькі важна, што М. Багдановіч малюе ў сваіх вершах прыроду: гэта робяць і другія поэты яго пары. Важна тое―з пункту погляду крытыка-соцыолëга, у якой меры удаецца М. Багдановічу падвесьці ў гэтым выпадку сваіх чытачоў да таго пазнаньня жыцьця, якога соцыолёгічная крытыка з поўным правам шукае ў творах мастацтва. У гэтым пункце якраз і ёсьць уласьцівая М. Багдановічу асаблівасьць яго тэматыкі беларускай прыроды: ён удачна схоплівае якраз яе абагульняючыя рысы і дае звычайна сьціслыя, але у той-жа час, бязумоўна, тыповыя, зарысоўкі беларускіх краявідаў і пэйзажаў. Гэта тым больш зварочвае на сябе ўвагу, што поэта да 1911 году ня бачыў беспасрэдна беларускай прыроды, а пазнаваў яе апасрэднымі шляхамі (цераз апавяданьні другіх асоб, апісаньні, ілюстрацыі і г. д.). І тым ня менш даволі прачытаць некалькі юнацкіх яго вершаў, якія напісаны яшчэ да 1911 году, напр. "Лясун" (№ 11), "Старасьць" (№ 12), "Асеньняй ноччу" (№ 14), "Падвей" (№ 15) і г. д., каб схапіць агульны колёрыт і нават агульныя вобразныя адзнакі пэйзажу беларускага лесу і поля. Поэта не дэталізуе сваіх малюнкаў, таму што ён піша не на аснове асабовага вопыту, а больш па дагадцы, інтуіцыўна; ён опэруе тут нязначным лікам мазкоў і контураў для сваіх зарысовак (цёмная пушча, мох, сьпелая брусьніца, галіны вальхі і г. д.), але дзякуючы ўдачлівай композыцыйнай растаноўцы і адпаведнай рытміцы і рыфмоўцы ад гэтых нязначных лікам і простых элемэнтаў малярства атрымоўваецца закончанае тыповае цэлае, якое робіць уражаньне конкрэтнасьці і колëрытнасьці. У наступныя гады, калі ў яго, дзякуючы паездцы на бацькаўшчыну ў 1911 годзе, набраліся ўласныя ўражаньні ад беларускае прыроды, яго малюнкі сталі прыкметна дэталёвей, але захавалі гэты пераважны ўхіл у бок абагульненьня і тыпізацыі. У гэтых адносінах, як прыклады, асабліва цікавы вершы „Ізноў пабачыў я сялібы" (№ 49, 1913 г.), "Споўненае абяцаньне" (№ 50, 1913г.), "У вёсцы" і "Вэроніка" (№№ 183-184, 1911-12 г.); у гэтых вершах заросшая травой сяліба, прарэзаны чыгуначным насыпам і заліты сонцам бор, убогі вясковы краявід, з крывой ігрушай і разнаколёрным макам, адзічэлы сад пры старасьвецкім доме―усё ўзьведзена ў шэраг няштучна-простых і ў той-жа час мастацка-закончаных тыповых малюнкаў, якія бязумоўна даюць чытачу пазнаньне беларускай прыроды, ўзятай у мастацкіх абагульненьнях.

Ухіл да тыпізацыі―гэта адна з асаблівасьцяй тэматыкі М. Багдановіча, у тым ліку і яго тэматыка прыроды. Другая асаблівасьць: ―