Старонка:Замоцін Багдановіч.pdf/4

Гэта старонка была вычытаная

чарованым царстве (гл. т. І, аддз. ІІ, "Вянок", №№ 91 і наступн.), дзе, напрыклад, - "Зьмяіны цар" зьяўляецца поэтычнаю перапрацоўкаю народнага павер'я, зьмешчанага ў маіх "Пережитках" са слоў мае шаноўнай бабулі". Зборнік А. Ю. Багдановіча пад гэтым загалоўкам („Пережитки древнего миросозерцания у белоруссов", Гродно, 1895) трэба наогул лічыць аднэю з важных крыніц творчасьці яго сына; але больш дакладнае абсьледваньне гэтага пытаньня адносіцца ўжо не да біографічнага, а да крытычнага нарысу.

Прыродная надоранасьць продкаў поэты па мацярынскай лініі адзначаецца "Матар'яламі" ў асобе бабкі поэты і асабліва ў асобе яго маткі, Марылі Апанасаўны, якая перадала яму свой характар―у сэнсе агульнай псыхічнай організацыі і, у прыватнасьці, у сэнсе нахілу да творчага выабражэньня. А. Ю. характарызуе сваю нябожчыцу жонку, матку поэты, наступнымі рысамі: "Яна шмат чытала. Яе лісты зьдзіўлялі трапнасьцю назіраньняў, жывасьцю і маляўнічасьцю мовы. Адзінае апавяданьне, якое напісана ёю[1] і знаходзіцца сярод матар'ялаў (А. Ю. разумее рукапісныя матар'ялы для біографіі М. А. і для выданьня яго твораў), паказвае, што яна мела здольнасьць выяўленчасьці, а пры гэтай умове з яе магла-б выпрацавацца добрая пісьменьніца... Неабходна адзначыць яшчэ адну рысу: надзвычайную, часамі балючую жывасьць выабражэньня. Ня толькі Дастаеўскі яе мучыў хваравітаю яскравасьцю перажываньняў пры чытаньні (асабліва сон Сьвідрыгайлава), але нават чытаючы соцыялёгію Спэнсэра, дзе праводзіцца аналёгія паміж фізыолёгічным організмам і грамадзкім, яна так жыва выабражала ў чалавекавобразных формах некае цудзішча, галаву якога складаюць літаратары і вучоныя, у грудзëх шавеляцца поэты, у нагах ходзяць возьнікі, машыністыя і іншыя, машыны, паязды, тэлеграф,―што даходзіла жаху ад гэтага кашмарнага стварэньня свае фантазіі, і я толькі жартам мог прагнаць гэты змрок. Нязвычайная жывасьць успрыманьня, пачуцьця і рухаў―была асноўнаю выдатнаю рысаю яе натуры"... А. Ю. адзначае, апрача таго, у характары нябожчыцы свае жонкі, пры вонкавай рухавасьці, вясёласьці і грацыі, наяўнасьць "і таго непераможнага чароўнага хараства, якое прынята называць жаноцкасьцю". Пры гэтым жывы характар Марылі Апанасаўны не пазбаўлен быў і некаторай няўроўнаважанасьці, якая, аднак, ня йшла далей лёгкіх успышак, што хутка гасьлі ў пачуцьці справядлівасьці, якое яе ніколі не пакідала. Павышаная чуласьць у штодзенным жыцьці з яе дробязнымі падзеямі―кажа А. Ю.―часамі выяўлялася ўспыльчывасьцю, з момэнтальнаю адходчывасьцю, але яе прыроджанае пачуцьцё праўды і любасьць да справядлівасьці рабілі бяскрыўдны гэты маленькі недахоп характару (які мне, урэшце, прыносіў толькі задаваленьне): яна тут-жа, сама сабою, усьведамляла сваю віну або несправядлівасьць і шчыра каялася або прасіла прабачэньне". Зарысоўваючы псыхічнае аблічча свае нябожчыцы жонкі, А. Ю. ставіць яе па падабенству ў цесную сувязь з характарам свайго сына Максіма. Па складу свайго характару, мяккага і жаноцкага, па вясёласьці свае натуры, жвавасьці, чуласьці і ўражлівасьці, па паўнаце і мяккасьці нагляданьняў, па сіле ўвображаньня, плястычнасьці і разам маляўнічасьці прадуктаў яго творчасьці, ён больш за ўсё нагадваў сваю матку, асабліва ў маленстве". Разам з тым гэта падабенства псыхічнага аблічча поэты з яго маткай А. Ю. узводзіць да аднае агульнай крыніцы спадчыннасьці, іменна да бабкі поэты з боку маткі, на якую і маці Максіма і ён сам

  1. "Накануне Рождества (святочный рассказ)" - "Гродненские Губернские Ведомости" 1893, 29 сьнеж., №102.