Старонка:Замоцін Багдановіч.pdf/40

Гэта старонка была вычытаная

увязка з малюнкамі прыроды вобразаў і малюнкаў мітатворчага зьместу. Ізноў-жа гэта не вынаходка М. Багдановіча. Карыстаньне мітатворчымі мотывамі ўласьціва і другім беларускім поэтам. Ды і наогул у эпоху М. Багдановіча, калі ажывіўся ў літаратуры мастацкі фольклёрызм, зварот да міту, легенды, народна-поэтычнага вобразу зрабіўся адным з мастацкіх спосабаў ў поэзіі, асабліва ў школе сымболістых, паасобку, напр., у Бальмонта, Блока, А. Белага і інш. Але адносіны М. Багдановіча да мітатворчасьці―свае, асаблівыя. Ён не навязвае народным міталёгічным вобразам тых ці іншых сымболісцкіх настрояў і перажываньняў, але ўспрыймае гэтыя вобразы беспасрэдна, проста, з якойсьці дзіцячай наіўнасьцю і даверчывасьцю, г. зн амаль зусім так, як ён, мабыць, спрымаў іх у маленстве з апавяданьняў бацькі і з першых кніг для чытаньня. Гэта зусім ня значыць, што поэта не падняўся вышэй народнага сьветаразуменьня, ― гэта значыць усяго, што ён здолеў успрыняць гэта сьветаразуменьне і памастацку яго выказаць; вось чаму яго малюнкі прыроды ня толькі тыповы па свайму конкрэтнаму зьместу, але яны псыхічна блізкія да народнага ўспрыяцьця прыроды. Адсюль зразумела, што малюнкі прыроды, зарысованыя М. Багдановічам у мітатворчых тонах, ня робяць уражаньня вузкай тэндэнцыйнасьці, а ўспрымаюцца лёгка і жыва. Такім чынам, і тое прозьвішча "Лесавік", якое было дадзена поэту адным з яго крытыкаў у першыя гады яго супрацоўніцтва у "Нашай Ніве", не павінна ў сучасны момант гучаць, як дакор яго літаратурнаму дзівацтву, а хутчэй як прызнаньне за ім мастацкага чуцьця да народнай мітатворчасьці. У кожным выпадку ўсе вершы на тэмы з беларускай прыроды, напісаныя ў мітатворчых тонах, чытаюцца і зараз з вялікай цікавасьцю і робяць вялікае ўражаньне сваёй беспасрэднай блізкасьцю да народнапоэтычных вобразаў і мотываў (напр. "Хрэзьбіны лясуна"-№ 9, „Лясун“-№ 11, "Старасьць" № 12, "Падвей" -№ 15, "Зьмяіны цар" № 23, "Срэбныя зьмеі" -№ 33, цыкль "У зачарованым царстве" - No No 91-98).

Трэцяя асаблівасьць М. Багдановіча, якая датычыць зьместу яго тэматыкі наогул і тэматыкі прыроды ў паасобку, гэта няўхільнае для яго малюнкаў прыроды ідзёвае або псыхолёгічнае іх аформаваньне, якое надае яго малюнку пэўнае ўнутраное адзінства і асвятленьне. Прысутнасьць у мастацкім творы адзінай асновы, якая яго аб'ядноўвае, думкі, або, прынамсі, адзінага настрою, які яго прасякае,―гэта, можна сказаць, элементарная ўмова мастацкасьці, без якой праца мастака слова ня можа лічыцца закончанай. У гэтым выпадку М. Багдановіч робіць тое, што павінен рабіць кожны поэта, які мае сваё мастацкае чуцьцё. Але ўсё пытаньне якраз у тым, як ён гэта робіць. Ён не надае сваім малюнкам якіх-небудзь пэўных філёзофскіх формул або мотываў (напр., з галіны пантэізму або з галіны містыкі, якою карысталіся ў яго час сымболістыя), не надае ім таго ці іншага тэндэнцыйнага асьвятленьня―публіцыстычнага або моральнага; ён проста ўвязвае з імі свае асабовыя перажываньні або мотывы свайго асаблівага светаадчуваньня, але ўвязвае шчыльна, да ступені пранізваньня гэтымі мотывамі ўсіх частак яго поэмы; пры гэтым яго асаблівыя перажываньні ў гэтым выпадку не выпадковыя і не разлучныя, таму што ўсеяны групуюцца вакол аднаго стрыжня―і якраз не навокал прыроды, узятай сама па сабе, але прыроды, узятай у сэнсе яе ўплыву на чалавечую псыхіку, на склад нашага сьветаадчуваньня, значыць у сэнсе, так сказаць, яе чалавечай значымасьці.

Такім чынам, малюнкі беларускай прыроды, нарысованыя М. Багдановічам, могуць быць названы складанымі, паколькі яны складаюцца