Старонка:Замоцін Багдановіч.pdf/41

Гэта старонка была вычытаная

з трох частак: асноўнага фону―рэальнага малюнку прыроды, верхняга напластаваньня―мітатворчых контураў і вобразаў і адзінага ідзёва-псыхолёгічнага аформаваньня, якім прасякнута ўся зарысоўка ў цэлым. Але пры гэтай складанасьці яго малюнкі просты і суцельны, бо ніводная частка іх ня выходзіць з агульных рамак, і, наадварот, усе часткі зьліваюцца для чытача ў адно агульнае ўражаньне. У вадным з ранейшых сваіх артыкулаў („Літаратурная спадчына М. Багдановіча"―„Полымя" 1927, No 3) я прыводзіў некаторыя прыклады сваяасаблівай апрацоўкі ў М. Багдановіча тэматыкі прыроды. Малюнак прыроды, ўзяты як nature morte, спачатку ажыўляецца ў яго мітатворчым зьместам, а затым і nature morte і народны міт яднаюцца ў адным ідзёва-псыхолёгічным аформаваньні, якое падказана сьветаадчуваньнем поэты і яго адчуваньнем прыроды. Я напомню гэтыя прыклады, верш „Возера" і "Над возерам" (т. І, №№ 90 і 93). У першым з іх малюнак прыроды ажыўляецца мітам аб загінутым лясуне, пры чым і малюнак прыроды і міт зьвязаны ў адно мастацкае цэлае думкай аб мінулым даўнейшым, у якое сіліцца заглянуць сучаснае. У другім―таксама малюнак прыроды, якая ўся ажыўлена і стылізавана ў духу жывой мітычнай сцэны (русалкі, якія забаўляюцца ў праменьнях месяца), а абодвы малюнкі, зьлітыя адно цэлае, прасякнуты адным настроем усёперамагаючай цішыні і спакою надышоўшай ночы. Такіх прыкладаў можна прывесьці даволі шмат. Уважлівы чытач знайдзе падобную-ж апрацоўку тэмы ў вершах "Лясун"-№ 11, "Старасьць"-№ 12, "Вадзянік" -№ 94, "Дзесь у хмарах" -№ 107, "Падымі у гару сваё вока"-№ 113 і інш.

Гэта трохскладаная або, так сказаць, трыадзіная пабудова малюнкаў прыроды ўжываецца М. Багдановічам ня толькі тады, калі ў яго тэму ўваходзяць элементы народнай мітатворчасьці, але і ў іншых выпадках, г. зн. калі няма наяўна мітычных вобразаў і ўяўленьняў, з тэю толькі розьніцай, што тады на месца народнай міталёгіі поэта ўводзіць сваё анімізаваньне прыроды, і такім чынам композыцыя яго малюнкаў няўхільна захоўвае сваю сваяасаблівую складанасьць. Прыкладамі можна прывесьці наступныя вершы: "Вось і ноч"―№ 27, "У небе ля хмары грымотнай" - № 97, "Цёплы вечар, ціхі вецер“-№ 101, "Добрай ночы, зара-зараніца"-№ 102, "Плакала лета" N 106 і інш. Тут усюды мы бачым, як поэта сам, уласнымі мастацкімі сродкамі, ажыўляе прыроду, дапаўняючы гэтым адсутны ў даным выпадку ў яго пад рукой матар'ял народнай мітатворчасьці: наогул-жа малюнак прыроды і тут застаецца трох складаны, г. зн. складаецца з конкрэтнага рысунку nature morte, з анімізаваньня некаторых зьяў прыроды, якія ўваходзяць у склад гэтага малюнку, і з ідэёва-псыхолёгічнага настрою, які яднае ўвесь малюнак.

У залежнасьці ад першай крыніцы творчасьці (бацькаўшчына і яе ўплыў) знаходзяцца ў М. Багдановіча таксама і тэмы бытавога зьместу. Насычаць тэму бытавым зьместам па дагадцы, ня маючы беспасрэдных крыніц і нагляданьняў, было ужо куды цяжэй, чым праробліваць тую-ж работу ў адносінах да тэм прырода-апісальнага характару. Таму ў першых вершах М. Багдановіча, якія былі напісаны яшчэ да паездкі яго на бацькаўшчыну ў 1911 годзе, бытавыя зарысоўкі нявыразныя, малаконкрэтныя і нагадваюць некаторыя агульныя шаблёны як папярэдняй, так і сучаснай яму беларускай поэзіі. Возьмем для прыкладу верш "Мае песьні" -№ 2, „На чужыне" № 3, „Над магілай"-№ 17, "Скрылась кветамі" № 20, "Над магілай мужыка"-№ 25, "Дождж у полі і холад" № 26 і г. д. У гэтых вершах бытавыя зарысоўкі зводзяца да паасобных рысаў і выразаў: "доля горкая мужыцкая",