Старонка:Замоцін Багдановіч.pdf/42

Гэта старонка была вычытаная

"бедная, далёкая старана", "адзінокая магіла... каля шляху", "старая магіла сьцяпная", "труна..халодная магіла... здабытак бедака", "радзімая старонка глухая... няшчасная доля яе" і інш. Пасьля паездкі ў 1911 годзе бытавыя зарысоўкі прымаюць больш конкрэтны выгляд і месцамі вырастаюць да высокага майстэрства. Гэты паварот у яго бытавым малюнку адчуваецца ў зазначаным ужо вышэй вершы "Ізноў пабачыў я сялібы" -№ 49, асабліва-ж гэта прыкметна ў цыклі "Мадонны" („У вёсцы" і „Вэроніка" № 183-4), дзе бытавы фон ("вëска... летняю рабочаю парой", старасьвецкі дом паноў Забелаў з цяністым адзічэлым садам" і дзіцячыя гульні ў абставінах ціхага мястэчка або хутара) зарысованы ўжо паіншаму, конкрэтна і колёрытна; па гэтых зарысоўках можна констатаваць ня толькі беспасрэднае знаёмства поэты з бытам Беларусі (у паездку 1911 года), але і першыя удачныя спробы мастацкага абагульненьня бачаных ім бытавых малюнкаў. Такія малюнкі пасьля 1911 года наогул усё больш і больш удаюцца поэце. Аб гэтым сьведчаць, напрыклад, такія вершы, якія ўваходзяць у "Вянок“, як „Ціхі вечар, зьнікнула сьпякота" і "Па ляду, у глухім бары" (№№ 128-129), у якіх бытавыя малюнкі (стары млын і млынар, які замаўляе дзявочую прысуху; глухі пасёлак з трох хат і гаспадар, які робіць абыход свайго поля), хоць і вельмі сьціслыя, але аднак у той-жа час увязаны з якімісьці беспасрэднымі асабовымі ўражаньнямі поэты ад беларускага быту. Між іншым, для першага з гэтых вершаў захавалася ў аўтографах поэты дата 1912 году: такім чынам, ён склаўся пасьля паездкі 1911 года; можна дапушчаць такую-ж прыблізна датыроўку і для другога вершу, час напісаньня якога дакладна не ўстаноўлены. Такую-ж конкрэтную і ў той жа час мастацка-закончаную зарысоўку быту мы знаходзім у тых вершах, якія прысьвечаны гарадзкому жыцьцю ("Вянок", цыкль "Места"-№№ 131-134, 137); у прыватнасьці вершы, тэмаю якіх зьяўляецца гарадзкое жыцьцë Вільні (№№ 131-132), зьвязаны з беспасрэднымі ўражаньнямі ад той-жа паездкі поэты на бацькаўшчыну ў 1911 годзе, і таму ў іх бытавыя малюнкі распрацованы асабліва колёрытна і дэталёва. Трэба адзначыць, што гэта мастацкае ўдасканаленьне бытавога малюнку не абмінула пасьля 1911 году і такіх твораў поэты, якія напісаны на гісторычныя тэмы. Я маю на ўвазе некаторыя вершы, якія ўвайшлі ў цыкль "Старая Беларусь" („Вянок" -№№ 123-127) і датаваны 1912-1913 гадамі; у іх поэта, кіруючыся сваімі ўражаньнямі ад гісторычнай Беларусі, якія ён набыў у Вільні, надае і гісторычным малюнкам быту конкрэтны і колёрытны выгляд. Тое-ж самае можна сказаць і пра некаторыя творы, якія былі напісаны ў гэтую пару на народна-поэтычныя тэмы; напр., бытавы бок поэмкі "Мушка-зелянушка" таксама выпаўнены ў тонах мастацка-рэальнага малярства.

З першай крыніцай тэматыкі М. Багдановіча ўвязваюцца, нарэшце, і тэмы з галіны народнай псыхікі, у апрацоўцы якіх у поэты таксама заўважваецца некаторая эволюцыя. Першы момант у гэтай эволюцыі―зарысоўка прыгнечанай псыхікі працоўнага беларуса, які пакутуе і ў той-жа час няўхільна пакорны сваёй цяжкай долі; гэтыя зарысоўкі зроблены ў мінорных тонах старой літаратурнай народніцкай романтыкі, якой М. Багдановіч сваячасова аддаў некаторую дань. Для прыкладу зазначым на вершы: "Мае песьні" (№ 1), "З песень беларускага мужыка" (№ 16-1), "Над магілай мужыка" (№ 25). Тут перажываньні працоўнага беларуса адбіваюцца, як цяжкае жыцьцё ў роднай краіне, як бязупынная, цяжкая праца, як непрасьветнае гора і, нарэшце, як сьмерць і халодная магіла―адзіны выхад з беднасьці і няволі. Чарговы