Старонка:Замоцін Багдановіч.pdf/43

Гэта старонка была вычытаная

момант у эволюцыі тэм з галіны народнай псыхікі―зарысоўкі яе больш бадзёрыя і актуальныя, пабудованыя ўжо ў іншым, чым раней, рэгістры. Тут адбітак народнай нядолі і зьвязаных з ёю настрояў працоўнага чалавека пераходзіць часта ў протэст супроць соцыяльнай несправядлівасьці старога ладу жыцьця і нават у прадчуваньне блізкага соцыяльнага зруху. Другі з двух вершаў, якія маюць агульны загаловак "З песьняў беларускага мужыка", у якім соцыяльнае адцураньне багатых ад людзкой беднаты адбіваецца вобразна ў выглядзе вялізнай каменнай сьцяны, канчаецца пытаньнем аб тым, каго пахавае пад сабою гэта сьцяна, калі яна абваліцца: "Што-ж будзе, як дрогне, як рухне яна, каго пад сабой пахавае?" Гэтае пытаньне, укладзенае ў вусны працоўнага, соцыяльна пакрыўджанага чалавека, гучыць, як яго намёк на страшнае будучае, і гаворыць аб яго абуджанай сьвядомасьці. Таксама першая з чатырох эпіграм (з цыклю"Усьмешкі"-№ 43) зьмяшчае ў сабе зусім ня двухсэнсавае пярэчаньне мужыка, які зразумеў сваю няволю, па адрасу таго заняволеньня, якое ўтворана для мужыкоў панамі: мужык ужо ведае, што зямля стаіць не на трох кітах, але на мужычай сьпіне, і гэта веданьне хутка ў яго вырасьце у протэст супроць панскага прыгнечаньня. Бязумоўна, вершаў на тэмы з галіны народнай беларускай псыхікі наогул у Багдановіча мала: для апрацоўкі такіх тэм у яго ня было даволі матар'ялу, таму што, жывучы, галоўным чынам, ў інтэлігенцкім асяродку, ён мала сутыкаўся з бытам працоўнага чалавека. Але і тыя не шматлікія апрацоўкі тэм гэтай катэгорыі, якія мы только што прывялі, гавораць аб тым, што ў гэтых адносінах поэта стаяў на ўзроўні перадавых настрояў і перажываньняў сваёй эпохі.

Другую групу крыніц творчасьці М. Багдановіча мы азначылі, як соцыяльна-культурныя і псыхолёгічныя проблемы сучаснай поэту эпохі. У папярэднім нарысе было ўжо сказана, пад якімі ўплывамі маглі скласьціся соцыяльна-політычныя погляды М. Багдановіча. Як яго бацька, так і тое грамадзкае і кніжнае атачэньне, у асяродку якога ëн разьвіваўся ў юнацкія гады, стварылі ў ім адмоўныя адносіны да соцыяльных супярэчнасьцяй яго часу, але разам з тым не далі яму выразнай грамадзка-політычнай програмы. Адсюль усе соцыяльныя тэмы яго вершаў варочаюцца каля аднаго центру—каля пярэчаньняў супроць соцыяльнага зла, і каля набалеўшых пытаньняў соцыяльнага неўпарадкаваньня; часамі гэтыя пярэчаньні вырастаюць у гарачы протэст супроць соцыяльна-політычнага прыгнечаньня, што бывае, галоўным чынам, у тых выпадках, калі поэта прысьвячае соцыяльную тэму цяжкаму становішчу беларускага народу наогул і, у прыватнасьці, соцыяльнаму прыгнечаньню працоўнага беларуса. Такіх вершаў на соцыяльна-політычныя тэмы параўнаўча мала, але яны напісаны з вялікім уздымам пачуцьця і па ідэёваму аформаваньню належаць да найбольш вытрыманых і выразных. Сюды належаць наступныя вершы: "З песьняў беларускага мужыка" (№ 16, 1-ll), "Над магілай мужыка" (№ 25), "Дождж у полі і холад" (№ 26), „Пан і мужык" (№ 43,1), "Народ, беларускі народ" (№ 47), "Эміграцкая песьня" (№ 58), "Мяжы" (№ 59), "Пагоня" (№ 84), "Краю мой родны" (№ 142), "Зразаюць галіны таполі" (№ 145), "Рушымся, брацьця, хутчэй" (№ 146), "Нашых дзедаў душылі абшары лясоў" (№ 147), "Вы, панове, пазіраеце далёка" (№ 164) і інш. У большасьці з іх поэта ставіць пытаньне аб соцыяльным стане працоўнай Беларусі (№№ 16, 25, 26, 43, 47) і вырашае яго, як ужо вышэй было заўважана, нявыключна ў тонах народніцкай романтыкі, але і больш конкрэтна―шляхам закліку да протесту і барацьбы супроць соцыяльнага