Старонка:Замоцін Багдановіч.pdf/44

Гэта старонка была вычытаная

і нацыянальнага прыгнечаньня бацькаўшчыны; гэты протэстуюча-заклікаючы настрой асабліва адчуваецца ў вершах №№ 47, 84, 145-147; першыя два з іх— "Народ, беларускі народ" і "Пагоня"—і ў ідэёвай і ў мастацкай апрацоўцы прыкметна вылучаюцца з шэрагу іншых; асобнае месца паміж соцыяльна-нацыянальных тэм, апрацованых М. Багдановічам займае верш "Эміграцкая песьня" (№ 58), дзе поэта так конкрэтна і ў той-жа час эмоцыянальна разьвінае перад чытачом пытаньне аб эміграцыі на яго бацькаўшчыне ў дарэволюцыйную эпоху. У некаторых вершах гэтай групы поэта выходзіць з сфэры соцыяльна-нацыянальнай тэматыкі і ставіць пытаньне аб соцыяльных супярэчнасьцях сваёй эпохі наогул, у шырокім ахопе, і трэба падкрэсьліць, што ў гэтым выпадку соцыяльная тэма бярэцца ім глыбока і апрацоўваецца закончана ня толькі ў мастацкіх, але і ў грамадзкіх адносінах; зазначым, напрыклад, на верш "Мяжы" (№ 59) і „Вы, панове, пазіраеце далёка" (№ 164).

Да гэтай-жа другой групы вершаў поэты, якія ўвязаны з соцыяльнымі і псыхолёгічнымі проблемамі, далучаюцца ўсе вершы, напісаныя ім на псыхолёгічныя тэмы, якія маюць ня толькі асабовую, аўтобіографічную, але і агульначалавечую цікавасьць. Гэтых вершаў шмат; можна нават сказаць, што большасьць вершаў Багдановіча, — нават такіх, якія на першы погляд шчыльна зьвязаны з прыродай або бытам, — абавязкова распрацоўваюць тую ці іншую псыхолёгічную тэму, якая надае ўсяму вершу канчатковае аформаваньне, што падказана адным з мотываў аўтарскага сьветаразуменьня. Але, бязумоўна, ёсьць група вершаў гэтага парадку, якія, так сказаць, а exellenc псыхолёгічны. Зазначым некаторыя з іх. Перагартваючы першыя два разьдзелы вершаў, мы спатыкаем паміж іх цэлы шэраг тэм, якія апрацаваны ў роўніцы псыхолёгічных проблем і настрояў; такія, напр. наступныя тэмы: пачуцьцë бадзёрасьці і душэўнага ўздыму („Мая душа" -№ 28), каханьне мацней сьмерці („На могілках" - № 53), страта блізкага чалавека, як бязвыходнае гора ("За газэтай"-№ 60), проблема ўзаемнага каханьня("Сонэт" № 61), шчасьце і радасьць маладосьці ("Маладыя гады"-№ 76), ("Вышаў з хаты" - № 77), маладосьць, як крыніца жыцьцярадасьці („Мы гаворым удвох"-№ 81), пачуцьцё адзіноты ("Ужо пара мне да дому зьбірацца"-№ 82), балючасьць успамінаў ("Разрытая магіла" -№ 108) і г. д.

Цэлы шэраг вершаў Багдановіча перадаюць рознастайныя адценьні пачуцьця прыроды, якое ў поэты было пачалавечаму вялікасна і артыстычна-густоўна; гэтыя вершы расьсеяны па абодвых першых разьдзелах першага тому, асабліва-ж іх шмат паміж вершаў "Вянка"; такія, напр., вершы: „Прывет табе, жыцьцë на волі", „Блішчыць у небе зор пасеў", „Добрай ночы, зара-зараніца“, „Ціха па мяккай траве", "Вечар на захадзе ў попеле тушыць", "Падымі ў гару сваё вока", "Панад белым пухам вішняў" (№№ 99, 100, 102, 103, 104, 113, 114 і г. д.). У гэтай групе вершаў прырода ўспрымаецца, вядома, так, як яна адбіваецца на чуткім апараце псыхікі поэты; але разам з тым паміж рознастайных выпадкаў выяўленьня ў поэты пачуцьця прыроды спатыкаюцца і выпадкі тыповыя, г. зн. уласьцівыя наогул чалавечай псыхолёгіі. Паміж тэм псыхолёгічнага зьместу нельга не адзначыць яшчэ дзьвëх, якія маюць вялікае значэньне для зразуменьня асобы поэты і прыроды яго творчасьці; гэта тэмы, пасьвечаныя пачуцьцю каханьня і пачуцьцю самасьвядомасьці мастака. Першая з гэтых тэм распрацавана М. Багдановічам з вялікім піэтэтам і глыбінёй; пачуцьце каханьня ў яго вельмі рэдка мяжуе і з пачуцьцёвасьцю і звычайна трактуецца як зацікаўленасьць у другой псыхічнай організацыі, або, нават, як імкненьне да другой