Старонка:Замоцін Багдановіч.pdf/45

Гэта старонка была вычытаная

псыхікі, душэўна роднай і блізкай; і хоць большасьць яго вершаў на тэмы аб каханьні навеяны яго асабовымі юнацкімі знаёмствамі і захапленьнямі, — захапленьнямі ў большай частцы романтычнага і нават плятонічнага характару, — тым ня менш у яго лірыцы каханьня можна стрэць шмат мотываў, тыповых наогул для пачуцьця каханьня, якое заснована на моральным сваяцтве і адпаведным захапленьні (напр., "Пад ценьню цёмных ліп"-№ 38, "Учора шчасьце толькі глянула нясьмела" ― № 42, "Зорка Вэнэра", романс - № 115, "Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы" -№№ 69, 268, "Я вспоминаю Вас" -№ 283 і інш.). Таксама і ў вершах, якія напісаны на тэмы аб мастацкай самасьвядомасьці поэты і наогул аб прыродзе яго творчасьці (напр., "Скрылась кветамі"―№ 20, "Ціхія мае ўсе песьні"-№ 29, "Пэўна любіце вы" -№ 31, "Замерзла ноччу шпаркая крыніца"-№ 41, "Ліст да Ластоўскага" № 44, "Просьценькі вершык"-№ 46, "Калі ў ракавіну цёмную жамчужніцы" № 158, "Вы кажаце мне, што душа ў поэты" -№ 163, "Бывае, вада перапоўніць"-№ 243, „Двайняткі“-№ 244, „Ёсьць гэткая японская забаўка" -№ 246 і інш.) мы знаходзім поплеч з чыста асабовымі прызнаньнямі поэты, якія ўскрываюць інтымныя бакі яго творчай працы, таксама апісаньне і аналіз некаторых агульных тыповых мотываў псыхолёгіі творчасьці. Нельга прайсьці маўчаньнем і тую невялікую паранаўча групу вершаў, дзе поэта гаворыць аб сваім самаадчуваньні хворага чалавека, на якога цёмная здань блізкай сьмерці кідае ўжо свае цені, якія творчую радасьць робяць больш змрочнай. Такія, напр., вершы: "Я бальны, бяскрыдлаты поэт"-№ 6, „Ня кувай ты, шэрая зязюля"№ 119, "Ой, чаму я стаў поэтам"-№ 151, "Даўно ўжо целам хварэю" - № 152. У іх, вядома, поэта гаворыць аб сабе, аб сваёй хваробе, аб сваім блізкім канцы; але і тут між асабовых яго настрояў можна знайсьці тыповыя рысы звычайнай чалавечай псыхікі цяжкага прадчуваньня, — няздарма ў вершы „Ня кувай ты, шэрая зязюля" поэта дае свайму прадчуваньню народна-поэтычнае аформаваньне, атуляючы яго ў "згукі бацькаўшчыны", і тым самым як-бы ня хоча абасабляць сваёй суб'ектыўнай жыцьцягорнасьці ад тыповых мотываў народнага гора і цярпеньня.

Трэцяя крыніца тэматыкі М. Багдановіча—гэта літаратурныя ўплывы і—скажам шырэй—яго літаратурныя сымпатыі і імкненьні. У гэтай крыніцы тры плыні: беларуская народна-поэтычная творчасьць, блізкія поэту славянскія літаратуры і літаратура заходня-эўропейская, галоўным чынам, нямецкая і француская.

Сувязь М. Багдановіча з беларускай народна-поэтычнай творчасьцю, выхаваная ў ім з маленства яго бацькам і сваяцкім асяродзьдзем, якое яго атачала, а пасьля замацованая адпаведнымі кніжнымі ўплывамі, праходзіць цераз шмат якія яго творы, і можна нават сказаць, што яго тэматыка і стыль наогул носяць сьляды ўплыву народнай поэзіі. Сабраць паасобныя рысы гэтага ўплыву і прыкласьці да іх гісторыка-літаратурны аналіз—чарговая тэма ў дасьследваньні творчасьці Багдановіча. Але калі гаварыць аб больш выразных яго тэмах, якія беспасрэдна і поўнасьцю зьвязаны з народнай творчасьцю, дык гэта значыць гаварыць аб яго мастацкім фольклёрызьме. У гэтай галіне Багдановіч зьяўляецца вялікім майстрам: ён ня толькі ўвёў у абыход беларуска-мастацкай літаратуры цэлы шэраг тэм з галіны народнай творчасьці (тэм міталёгічных, легендарных, бытавых, гісторычных), але і апрацаваў іх з максымальным набліжэньнем да народна-поэтычнага стылю. Сюды належаць яго невялікія поэмы "Мушка-зелянушка" і "Максім і Магдалена" і шэраг вершаў, якія напісаны ў мастацка