Старонка:Замоцін Багдановіч.pdf/46

Гэта старонка была вычытаная

-фольклёрысцкай манеры: "Песьня пра князя Ізяслава Полацкага" з "Слова о палку Ігараве" ( 35), "Скірпуся" (№ 73), "Страцім-Лебедзь" (№ 85), "Цёмнай ноччу лучына дагарала" (№ 67), „Як Базыль у паходзе канаў" (№ 68), "Вершы беларускага складу" (№ 86), „Уся ў сьлязах дзяўчына" (№ 117), "Сумна мне, а ў сэрцы смутак ціха запявае" (№ 118), „Ой, грымі, грымі, труба, ўранку рана" (№ 253) і інш. Як мастак фольклёрысты Багдановіч займае выдатнае месца паміж поэтаў сваёй пары, і яго творы гэтага парадку заслугоўваюць дэталёвага вывучэньня.

Другая група тэм, якія зьвязаны з літаратурнымі крыніцамі, ― гэта тыя тэмы, якія поэта набыў з галіны літаратур славянскіх―паасобку украінскай, расійскай, сербскай. Конкрэтна пакуль што можна гаварыць толькі аб перакладах і насьледваньнях, тэмы для якіх узяты з паказаных літаратур. Больш усяго мы знаходзім перакладаў з украінскіх поэтаў (Шэўчэнкі, Крымскага, Чарняўскага, Олэся, Самойленкі, Франко), куды менш з расійскіх поэтаў (Пушкіна, А. Майкова, Розэнгейма) і адно насьледаваньне сербскаму эпосу ў выглядзе быліны "Сьмерць шэршня" (№ 238), напісанай у жартаўлівым тоне. Пры больш дэталёвым дасьледаваньні гэтай групы вершаў Багдановіча, мабыць, удасца ўстанавіць і некаторыя ўплывы на яго з боку, напр., украінскай і расійскай поэзіі яго часу (напр., поэзіі сымболістых).

Куды больш прыкметна захапленьне поэты заходня-эўропейскімі літаратурнымі крыніцамі. Тут мы знаходзім вялікую групу вершаў, перакладзеных з Вэрлена (№№ 210-230), пераклад аднаго ўрыўку з Вэрхарна (№ 231), шэраг перакладаў з Шыльлера і Гэйнэ (No№ 202-208), адзін пераклад з фінскага поэты Рунэбэрга (№ 201), два пераклады з антычных поэтаў (№№ 199-200-верш Горацыя „Памятнік" і ўрывак з „Мэтарморфоз" Овідыя). Апроч таго, у Багдановіча ёсьць некалькі выдатных па тэматыцы і стылёвай апрацоўцы насьледаваньняў эўропейскім і па-заэўропейскім літаратурным жанрам; гэта вершаваныя творы на скандынаўскія, гішпанскія, пэрсыцкія і японскія мотывы. Цікава адзначыць, што ў выбары чужаземных аўтараў і іх твораў для перакладаў і насьледаваньняў поэта ішоў па лініі сваёй звычайнай тэматыкі: ён выбіраў тое, што адпавядала яго настроям і зьвязаным з імі тэмам і мотывам псыхолёгічнага зьместу (пар. пераклады з Вэрлена), і таксама тое, што ідэёва зьвязвалася з хваляваўшымі яго пытаньнямі беларускага адраджэньня (такія, напр., некаторыя пераклады з украінскіх поэтаў).

Тое, што М. Багдановіч увёў у беларускую мастацкую літаратуру тэмы і мотывы заходня-эўропейскай і нават больш―часткова сусьветнай мастацка-літаратурнай творчасьці і разам з тым знайшоў у беларускай літаратурнай мове сродкі для перадачы, і перадачы высокамастацкай, гэтых чужаземных тэм і жанраў,―гэта складае бязумоўную заслугу Багдановіча, як мастака слова, і яго пераклады і насьледаваньні таксама чакаюць свайго дасьледчыка.

Кароткі агляд тэматыкі М. Багдановіча з боку яе зьместу гаворыць аб тым, што паставленыя поэтай тэмы былі вельмі рознастайны і зусім адпавядалі яго шырокаму рознастайнаму ўспрыйманьню жыцьця. Ня гледзячы, аднак, на гэту рознастайнасьць, усе тэмы поэзіі Багдановіча сходзяцца каля аднаго цэнтру—яго сьветаадчуваньня і сьветапазнаньня. Як-жа ён, выходзячы з сваіх поглядаў на вакольнае жыцьцё і на чалавечыя адносіны, ўвязвае сваю тэматыку ў адно цэлае. Ставячы такое запытаньне, мы вяртаемся, такім чынам, да ідэолёгічнага боку яго творчасьці, аб якім ужо гаварылася ў разьдзеле VІІ гэтых