Старонка:Замоцін Багдановіч.pdf/47

Гэта старонка была вычытаная

нарысаў. Калі браць яго ідэолёгічную позыцыю па лініі соцыяльна-політычнай, дык яна ў агульных рысах можа быць ахарактарызована так: выхаваны бацькам-народавольцам, ён прайшоў у сваім ідэолёгічным росьце цераз фазу настрояў актыўнага народніцтва, потым, калі быў гімназыстым, аддаў некаторую дань захапленьню політычнымі тэорыямі Прудона, Бакуніна і інш., уважліва і прыхільна супыніўся на соцыялёгічных падставах Міхайлоўскага і яго папярэднікаў, накшталт Ножына, і ўсё гэта ўвязаў з сваімі гарачымі сымпатыямі да беларускага адраджэньня, узятага ў яго соцыяльна-нацыяльных імкненьнях. Усё перадуманае і перажытае М. Багдановічам у гэтай галіне, праўда, не дало яму выразнай грамадзка-політычнай праграмы, але ў кожным выпадку адмежавала яго ад інтэлігэнцкага мяшчанства і паставіла ў шэрагі тэй перадавой інтэлігэнцыі, якая, востра разумеючы адмоўныя бакі старога політычнага і соцыяльнага укладу жыцьця, горача супроць іх протэставала і шукала выхаду ў шырокім абнаўленьні жыцьця ў політычных і соцыяльных адносінах. Для Беларусі, інтарэсамі якой Багдановіч жыў з вучнёўскіх гадоў, гэта абнаўленьне павінна было стаць нацыянальна-соцыяльным, паколькі краіна разам з агульным соцыяльным прыгнечаньнем перажывала і прыгнечаньне нацыянальнае. Так склаўся Багдановіч―ідэолёг: гарачы ўдзельнік беларускага адраджэньня, ён разам з тым жыў у пастаянным прадчуваньні і чаканьні тых політычных і соцыяльных зрухаў, якія павінны былі вырашыць набалеўшыя пытаньні ў адносінах ня толькі Беларусі, але і сучаснага яму соцыяльнага ўкладу жыцьця наогул. Гэта шырокае асьвятленьне тэматыкі,―больш выразнае ў тэмах, якія зьвязаны з яго бацькаўшчынай, і больш расплыўчатае ў тэмах, якія ахапляюць наогул яго эпоху,―мы, сапраўды, і павінны констатаваць у большасьці яго вершаў. Застаецца яшчэ пытаньне аб яго пэсымізьме, які паасобнымі мотывамі часамі ўваходзіць у яго творчасьць. Вырашаючы гэтае пытаньне, перш за ўсё нельга паняцьце пэсымізму ўжываць у якімсьці няпэўна-шырокім і таму ня маючым ніякіх акрэсьленьняў сэнсе. Пэсымізм, прыстасоўючы яго да мастака слова, можа быць пэсымізмам філëзофскага зьместу, калі ў сьветапоглядзе поэты ёсьць пэсымістычная аснова, якая складзаецца часамі пад пэўнымі філёзофскімі ўплывамі або пад уплывамі наогул соцыяльна-культурнага ўкладу жыцьця яго эпохі. Пэсымізм, прыстасоўваючы да пісьменьніка-мастака, як і да ўсякага чалавека, можа быць пэсымізмам псыхофізіолёгічнага характару, калі пісьменьнік па самому складу свайго здароўя і сваёй псыхікі мае нахіл да вялага, маркотнага, часамі іпохондрычнага ўспрыняцьця рэчаіснасьці. Нарэшце, пэсымізм можа быць формай абыватальскага сьветаадчуваньня, калі чалавек, у грамадзкім жыцьці індыфэрэнтны і індывідуальна-нявыяўлены, жыве вяла, абыяк і, замыкаючыся ў вузкае кола мяшчанства бытавога і моральнага, даходзіць да апатыі і да утраты ўсякай жыцьцярадасьці. Апошні від пэсымізму ня мае ніякіх адносін да М. Багдановіча. Першыя два віды часткова маглі яго захапіць. Я ўжо меў выпадак сказаць вышэй (раз. VІІ), што эпоха магла накласьці на яго ў гэтым сэнсе некаторы адбітак, паколькі і соцыяльна-культурныя яе абставіны і некаторыя літаратурныя плыні гэтага часу выклікалі пэсымістычныя настроі у некаторых колах інтэлігэнцыі. Акрамя таго, стан здароўя М. Багдановіча таксама ўносіў часамі ў яго творчасьць сумныя ноты, якія гармонічна зьліваліся з пэсымістычным сьветаадчуваньнем. Але, дапушчаючы гэты некаторы ўхіл поэты ў пэсымізм першага і другога віду, трэба зрабіць дзьве сур'ёзныя агаворкі: па-першае, т. з. "пэсымізм" Багдановіча ня быў філëзофска абаснованы, таму што мы ня