Старонка:Замоцін Багдановіч.pdf/48

Гэта старонка была вычытаная

бачым у яго ніякага захапленьня філёзофіяй пэсымізму (напр. Шопэнгауэрам, Гартманам), як гэта было ў некаторай часцы інтэлігенцыі к XІX―п. ХХ стаг., і таму ён зводзіўся толькі да паасобных настрояў і мотываў, якія ня мелі стойкага і пастаяннага характару; па-другое, упадак яго псыхікі, які набліжаецца да пэсымістычнага сьветаадчуваньня і зьвязаны з яго хваробай, таксама ня быў пастаянным і, судзячы па яго вершах, выяўляўся ўсяго часамі, як нейкі пароксызм хваробы, і пасьля ізноў праходзіў, калі часова ўзмацнялася здароўе, а з ім разам вярталася бадзёрасьць і некаторая жыцьцярадаснасьць. Гэтым, вядома, і тлумачыцца, што вершаў, у якіх адчуваецца некаторы ўпадак жыцьцярадаснасьці і часовая утрата веры ў значнасьць жыцьця, у Багдановіча параўнаўча мала (пар. "Цемень"-№ 18, "Над морам"-№ 22, "Прыдзецца, бачу, пазайздрыць бяздольнаму Марку" -№ 79, „Усё у жыцьці мне даўно ўжо абрыдла" -№ 247). Апроч таго, я павінен паўтарыць тут, што ўжо сказаў і вышэй, што Багдановіч заўсёды перамагае тыя пэсымістычныя настроі, якія часамі ў яго бывалі: ён перамагае іх бадзёрымі адносінамі да лепшага будучага як сваёй бацькаўшчыны, так і чалавечага жыцьця наогул; ён перамагае іх сваёй бязупыннай і таксама бадзёрай працай на літаратурнай ніве, сваім служэньнем хараству жыцьця, як аднаму з фактараў культурнага росту чалавецтва. Гэта перамога сумных настрояў асабліва прыкметна ў прозаічных творах поэты (крытычнага, публіцыстычнага, этнографічнага і іншага зьместу,—гл. ІІ том збору твораў), дзе пэсымізму няма ў яго месца.

У гэтым нарысе застаўся ня высьветленым яшчэ адзін бок творчасьці М. Багдановіча―гэта яго поэтыка, у прыватнасьці яго стыль. Пытаньне аб формальна-мастацкім баку яго поэзіі вымагае спэцыяльнага нарысу, які павінен быць пабудаваны ня толькі на яго вершах, але і на яго крытычных і гісторыка-літаратурных артыкулах, якія ўваходзяць у другі том яго твораў. Мастацкая тэхніка Багдановіча наогул ўяўляе сабою вельмі значную зьяву у гісторыі беларускай літаратуры: цікавасьць да яе павялічваецца яшчэ і тым, што сам поэта як у мастацкіх, так і ў прозаічных сваіх творах даў накіды сваіх поглядаў на мастацтва і ў прыватнасьці на поэзію. Перагляд усяго матар'ялу―як тэорэтычных палажэньняў поэты, так і яго мастацкіх спосабаў, якія выявіліся ў яго творах, вялікае і цікавае дасьледчае заданьне.