Старонка:Замоцін Багдановіч.pdf/5

Гэта старонка была вычытаная

аднакава падобны былі характарам. Дзеля гэтага А. Ю. любіў, жартуючы, называць сына „Малевіч", г. зн. дзявоцкім прозьвішчам яго бабкі (Тацяны Язэпаўны Малевіч, замужам Мякота), сымболізуючы гэтым словам той душэўны склад, які быў агульным і для Марылі Апанасаўны і для яе сына Максіма. Лічачы асноўнай рысаю псыхічнага тыпу "Малевіч" павышаную жывасьць выабражэньня, А. Ю. знаходзіць магчымым пытаньне аб генэзысе поэтычнай здольнасьці свайго сына формуляваць так: "...яго поэтычны талент ёсьць дар яго маткі, які ў ёй самой драмаў у няразьвітым стане"; урэшце, ён дапускае, што гэты талент мог быць таксама і "асколкам поэтычнай здольнасьці яго прабабкі Рузалі, казкам якой і песьням (у запісах А. Ю.) ён абавязаны абуджэньнем свайго таленту. Устанавіць больш дакладна ўплыў мацеры на асобныя бакі творчасьці поэты―пытаньне спэцыяльнага аналізу яго літаратурных твораў. Пакуль што можна, аднак, сказаць, што гэты ўплыў бязумоўна быў. І вось адзін конкрэтны прыклад: у памянёнай вышэй характарыстыцы Марылі Апанасауны ёсьць паказаньне А. Ю. на адзін з прадуктаў яе павышанай адчувальнасьці― створаны ёю, пад уплывам чытаньня Спэнсэра, вобраз чалавекавобразнага цудзішча, якое ўвасабляе жыцьцё грамадзкага організму. Гэты вобраз у некаторай варыяцыі адноўлен у вершаваных накıдах поэты, напісаных, напэўна, таксама пад уплывам Спэнсэра (гл. разьдзел ІV, № 261). Праўда, тут чалавекавобразнае цудзішча заменена цудзішчам спрутам, або сіфонофорай, (як відаць, не бяз уплыву аднаго з артыкулаў Н. Д. Ножына―гл. артыкул М. А. Багдановіча аб Ножыне у "Ежем. Журн.", 1916, № 6), але сам мотыў увасабленьня вельмі нагадвае вышэйпамянёны выпадак з асабовых перажываньняў Марылі Апанасаўны.

Калі з боку маткі поэта атрымаў у спадчыну жывасьць увображаньня, то з боку бацькі яму дадзены былі бязумоўныя задаткі да інтэлектуальнага разьвіцьця. Яго бацька, Адам Юравіч, які прабіваў спачатку, у дзяцінстве і ў раньнім юнацтве, сабе дарогу цяжкаю фізычнаю працаю, урэшце дабіўся адукацыі і стаў жыць разумоваю працаю, спачатку працуючы ў школе на вёсцы і ў Менску (агулам у працягу дзесяцёх гадоў, 1882-1892), потым служачы на розных пасадах у Сялянскім банку ў Гародне, Ніжнім-Ноўгарадзе і Яраслаўлі (1892-1920). Разам з тым ён загадваў у працягу шэрагу гадоў спачатку гародзенскаю публічнаю бібліотэкаю, потым аднэю з Ніжагародзкіх бібліотэк. Цяпер, прапрацаваўшы ў галіне разумовай працы звыш 40 гадоў, ён лічыцца загадчыкам Навуковай бібліотекі пры Гістарычным музэі у гор. Яраслаўлі. Роўналежна з службаю А. Ю. з маладых гадоў аддаваў свае сілы і перадавой політычнай дзейнасьці: з 1882 па 1892 г. ён лічыўся членам партыі "Народнай Волі", праводзіў організацыйную працу партыі ў вёсцы і ў Менску, кіраваў падпольнымі гурткамі самаадукацыі. Самую службу ў Сялянскім Пазямельным Банку ён выбраў сьвядома, як такую, якая найбольш адпавядала яго народніцкім пераконаньням, і на працягу амаль 28 гадоў, у якасьці ацэншчыка і зямляўпарадчыка, спрыяў пераходу у рукі працоўнага народу звыш 400.000 дзесяцін зямлі (па яго прыблізнаму падліку) у розных губэрнях―Гародзенскай, Ніжагародзкай, Уладзімерскай, Яраслаўскай, Валагодзкай і Таўрычаскай. Ня гледзячы на тое, што служба брала шмат часу і энергіі, А. Ю. не парываў сувязі з літаратурнаю навуковай працай; апрача цэлага шэрагу навуковых і літаратурных артыкулаў, якія А. Ю. зьмяшчаў з 1885 году ў пэрыодычных провінцыяльных выданьнях, яго пяру належыць некалькі каштоўных прац па этнографіі Беларусі. Сюды,―апрача ўжо цытаванае вышэй працы "Пережитки древнего миросозерцания у белоруссов", у свой час адзначанай навуковаю