Старонка:Замоцін Багдановіч.pdf/6

Гэта старонка была вычытаная

крытыкаю,―адносяцца яго артыкулы ў "Материалах для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края" П. В. Шейна („Сборники отделения русского языка и словесности Ак. Н.", т. т. 41, 51 і 57), "Нечистая сила по воззрениям белоруссов“ („Научное Обозрение" 1894 г.), "Про панщину. Очерки крепостного быта в Белоруссии (Гродна, 1895 г.) і інш; шэраг артыкулаў і нарысаў А. Ю-ча прысьвечаны зямельным пытаньням, зьвязаным з дзейнасьцю Сялянскага Пазямельнага Банку.

Неабходна ўзяць пад увагу пастаянны ўдзел А. Ю-ча ў розных таварыствах і выступленьні яго там з дакладам па навуковых і літаратурных пытаньнях, а таксама яго цесную сувязь з мясцоваю інтэлігенцыяй ува ўсіх гарадох, дзе яму прыходзілася служыць. Такім чынам, атмосфэра бесьперарыўна разумовай працы і сур'ёзных разумовых інтарэсаў з пэўным ухілам у бок перадавой грамадзкасьці пастаянна абкружала будучага поэту, з самых раньніх гадоў яго маленства. Уплыў А. Ю-ча на выхаваньне і разумовае разьвіцьцё сына больш конкрэтна, вядома, адбіўся ў гады хатняга першапачатковага навучаньня, якім, як мы ўбачым ніжэй, ён кіраваў сам; але і незалежна ад гэтага ўся абстаноўка жыцьця ў сям'і, дзе на першым месцы стаялі інтэлектуальныя і грамадзкія інтарэсы, павінна была зрабіць адпаведны ўплыў на фармаваньне сьветапогляду маленькага Максіма.

Са спадчыннасьцю па лініі фізычнага складу справа стаіць далёка ня так добра, як са спадчыннасьцю па лініі псыхікі. Продкі А. Ю. з боку бацькі вызначаліся доўгавечнасьцю, але з боку маткі здароўе яго продкаў ужо зьяўляецца неаднастайным: ёсьць выпадкі даволі раньняй сьмерці (ува ўзросьце каля 36-37 гадоў), сьмерці ад сухот, запаленьня лёгкіх. Адзначаючы гэтыя факты, А. Ю. робіць вывад, што спадчыннае здароўе ў яго раду было ўва ўсякім разе ня ніжэй сярэдняга. Значна горш гэта спадчыннасьць была з боку маткі, Марылі Апанасавай. Яе бацька памёр параўнаўча рана, калі дзеці яго былі яшчэ малалетнімі, ад некай "цяжкай хваробы", якая больш дакладна ў "Матар'ялах" не азначана. Сама Марыля Апанасаўна пасьля нараджэньня чацьвертага свайго дзіцяці захварэла скорацечнымі сухотамі і памерла ў Гародні у 1896 г., калі ей было крыху больш як 27 гадоў ад роду. Максім Адамавіч, як відаць, насьледваў слабое здароўе мацеры, і гэта абставіна, ня гледзячы на ўсе профіляктычныя захады, зробленыя бацькам, вельмі рана выявілася ў нахіле яго да сухотаў.

II

Абстаноўка раньняга дзяцінства Максіма і першапачатковае навучаньне (1891-1902). Жыцьцё ў Гародні; блізкасьць да роднай прыроды. Выхаваўчы ўплыў бацькі і маткі. Здароўе хлопчыка. Дзіцячыя катастрофы. Сьмерць мацеры. Пераезд у Ніжні-Ноўгарад і жыцьцё там. Першапачатковае навучаньне да паступленьня ў школу пад кіраўніцтвам бацькі; сыстэма навучаньня і яе ўплыў на разьвіцьцё будучага поэты; кола дамашняга чытаньня; першае знаёмства з беларускай народнай поэзіяй.

_____________

Абстаноўка раньняга дзяцінства, на першы погляд, нескладаная і не яскравая, была, аднак, досыць значная па зьместу для таго, каб унесьці ў разьвіцьцё будучага поэты шэраг значных момантаў.

Максім Багдановіч быў другім па ўзросту дзіцём у сям'і. Дата нараджэньня яго―27 лістапада (ст. ст.) 1891 г. Як і старэйшы яго брат Вадзім (першы ў сям'і), Максім нарадзіўся ў Менску на Траецкай