Старонка:Замоцін Багдановіч.pdf/7

Гэта старонка была вычытаная

Гары (цяпер Пляц Парыскай Камуны) па Аляксандраўскай (цяпер Камунальнай) вуліцы ў доме Коркозовіча (цяпер дом № 25), у дварэ, на другім паверсе; там зьмяшчалася тагды 1-ае прыходзкае вучылішча і настаўніцкая кватэра А. Ю-ча; двое іншых дзяцей А. Ю-ча і Марылі Апанасаўны (усяго было чацьвёра дзяцей), сын Леў і дачка Ніна, нарадзіліся ў Гародні, куды А. Ю. па службе перавёўся з Менску ў чэрвені 1892 году.

Раньняе дзяцінства Максіма, такім чынам, праходзіла ужо ня ў Менску, а ў Гародні (1892-1896); разам з усёю сям'ёю ён перавезен быў туды 6 месяцаў ад роду. У Гародні А. Ю. пасяліўся на краі гораду, дзе ўмовы выхаваньня малых дзяцей былі, як ён сам паказвае, зусім спрыяючымі: "на дварэ садзік, наўкол сады, поле, непадалёку лес, ды і Нёман недалёка". Дзеці, карыстаючыся досыць мяккім кліматам, шмат часу праводзілі на чыстым паветры. "Увесь вольны час―расказвае Ю.―я аддаваў дзецям, каб палегчыць цяжар мацеры, у якой праз два гады пасьля Максіма зноў нарадзілася дзіця-сын Лёва. Я часта браў іх на прагулку―і ў поле, і у лес, і на Нёман, цягаючы Максіма, як меншага, за плячыма". Калі узяць пад увагу, што маленькі Максім пражыў у Гародні першыя пяць гадоў свайго жыцьця, да пераезду бацькі ў Ніжні-Ноўгарад у кастрычніку 1896 году, то нельга не адзначыць гэтых раньніх і, бязумоўна, спрыяючых, уражаньняў ад роднай прыроды, якая адыграла вельмі значную роль у разьвіцьці яго поэтычнай творчасьці,―тым больш, што зноў беларускае жыцьцё і прыроду ён убачыў толькі ў 1911 годзе, калі, па сканчэньні гімні, паехаў у Вільню.

Другою акалічнасьцю, зьвязанаю з раньнім дзяцінствам,―і якая таксама, бязумоўна, мела дачыненьне да яго разьвіцьця,-быў выхаваучы ўплыў мацеры. Педагог па адукацыі, Марыля Апанасаўна пробавала дапасаваць да сваіх дзяцей фрэбелеўскую сыстэму выхаваньня пачуцьцяў, і дзеля гэтага некаторы час яна старалася згуртаваць увагу дзяцей на так званых "разумных цацках". Сыстэма гэта, аднак, у сям'і не прыжылася. Затое―кажа А. Ю.―матка была нявычарпальная ў справе вынаходжаньня розных гульняў і забавак для дзяцей і сама аддавалася ім з шчырым захапленьнем. Варочаючыся са службы, я ўжо чуў у дварэ, у садзе альбо ў пакоі вясёлы дзіцячы сьмех, валтузьню, бегатню. Асабліва сьмяшлівы, з быстрымі, урэшце, пераходамі да плачу, быў Максім. Хутка плаксівасьць прайшла, а сьмяшлівасьць засталася аж да юнацтва“. Такім чынам, у мацярынскім выхаваньні спадчынная жывасьць пачуцьця і выабражэньне знаходзіла здаровую, умацавальную абстаноўку.

У канцы пятага году ад нараджэньня маленькі Максім застаўся бяз маткі (сканала 4-га кастрычніка 1896 г.) і хутка пераехаў з усёю сям'ёю ў Ніжні-Ноўгарад, куды бацьку назначылі на службу. Нябожчыцу матку замяніла спачатку іх цётка па бацьку, сястра А. Ю-ча, Марыля Юраўна, потым другая жонка А. Ю-ча, якая таксама хутка памерла, і, нарэшце, цётка з боку маткі, Аляксандра Апанасаўна. "Але выхаваньне і першапачатковае навучаньне дзяцей у гэты Ніжагародзкі кругабег (1896―1908) заставалася цалкам на абавязку бацькі. Жыцьцё дзяцей у Ніжнім, як расказвае сам А. Ю., было такое-ж, як і ў Гародні. Амаль штодзень бацька браў дзяцей на прагулку у сады, летам на Волгу, на берагі Окі, або за горад, у гай і поле. У час прагулак вяліся даступныя для дзяцей нагляданьні над прыродаю і адпаведныя гутаркі. Калі дзеці сталі падрастаць, А. Ю. стаў іх браць па чарзе з сабою у службовыя паездкі (для агляду і ацэнкі зямель па даручэньню Сялянскага Пазямельнага Банку), раён якіх ахапляў