Старонка:Замоцін Багдановіч.pdf/8

Гэта старонка была вычытаная

ня толькі Ніжагародзкую, але і Ўладзімерскую губэрні. Падрэшт, незалежна ўжо ад службы, паездкі з дзецьмі наладжваліся ў Маскву, па Волзе і Каме, у Крым, але гэтыя сямейныя экскурсіі адносяцца ужо не да раньняга дзяцінства Максіма, а да гадоў яго вучэньня дома і ў школе.

У агульным выніку ўражаньні раньняга дзяцінства трэба лічыць спрыяючымі як для выхаваньня сфэры дзіцячых пачуцьцяў і выабражэньня, так і для першапачатковага разумовага разьвіцьця. Здароўе хлопчыка ў гэтыя першыя шэсьць гадоў не выклікала, як відаць, ніякай небясьпекі. Ён нарадзіўся здаровым дзіцём і разьвіваўся ў нормальнага па здароўю і жвавага хлопчыка. Але і гэтыя гады не абышліся без няўхільных дзіцячых катастроф. У два месяца ад роду дзіця моцна апяклося аб гарачае лямпавае шкло, якое па няшчаснаму здарэньню ўпала яму на голае цельца; вынікам гэтага была болька і доўгае яе лячэньне. На шостым годзе жыцьця, у скорым часе пасьля прыезду ў Ніжні-Ноўгарад, з Максімам здарылася яшчэ адна дзіцячая катастрофа: бегаючы па гладка нацёртай падлозе, ён паваліўся і, стукнуўшыся аб падлогу падбародкам, адсек сабе зубамі кончык языка; адсечаны кусок языка, які ледзь трымаўся адным краечкам у залітым крывёю роце, прышлося прышываць хірургічным спосабам; дзіця вытрымала гэтую опэрацыю, не застагнаўшы, не аказаўшыся. Абадва гэтыя здарэньні, магчыма, не пакінулі сьледу на агульным стане яго здароўя, але, напэўна, не засталіся бяз уплыву на яго павышаную нэрвовасьць. Куды большае значэньне мела для агульнага складу яго псыхікі трэцяя катастрофа—раньняя сьмерць маткі. Хлопчыку ў гэты час было без чаго пяць год. У тую роспачную раніцу, 4-га кастрычніка 1896 г., Максім, які не чакаў блізкае разьвязкі ў хваробе мацеры, быў неяк асабліва шумлівы і вясёлы. Баючыся занепакоіць пры сьмерці Марылю Апанасаўну, бацька спыніў хлопчыка, які раздурэўся, і пасадзіў у суседнім пакоі на крэсла, казаўшы: "сядзі ціха". І вось дзіця, якое па твары бацькі здагадалася, што насоўваецца гора, ",неяк самотна панікла, як-бы асунулася". Праз увесь час перадсьмертнай мукі мацеры яго ня было чутно. І вось, як цяпер (дадае А.Ю.), бачу схіленую маленькую постаць з роспачлівым выразам дзіцячага твару, з пытлівым поглядам. Маленькае падабенства маткі... Ён увесь час паслухмяна сядзеў на крэсьле. І нават сьмерці маткі ня бачыў". Але ён, бязумоўна, гостра адчуў гэту сьмерць, і яна, напэўна, была для яго адным з абуджальнікаў мэлянхолічнага настрою, што праходзіў па яго творчасьці. Гэта-ж сьмерць была мяжою, якая аддзяліла яго раньнія дзіцячыя гады ад гадоў юнацтва, отрацтва і першапачатковага вучэньня. "Маленькае падабенства мацеры", якое жыло ў раньнім дзяцінстве цеснаю спадчыннаю сувязьзю з псыхікаю тыпу „Малевіч", цяпер, пасьля сьмерці мацеры, пераходзіла выключна пад апеку бацькі, які таксама моцна любіў дзяцей, але меў на іх пераважна інтэлектуальны ўплыў: "Малевіч" павінен быў, у сваю чаргу, стаць "Багдановічам", каб пасьля гармонічна зьліць абадва гэтыя душэўныя склады ў адно цэлае ў сваёй творчасьці.

Гады вучэньня прайшлі пад непасрэдным кіраўніцтвам бацькі. Першапачатковае навучаньне дзяцей А. Ю. пачынаў з шасьцёх гадоў і вёў у пэўнай сыстэме. Спачатку лемантар і "Родное Слово" (ч. ч. І і ІІ), потым "Детский мир" Ушынскага; потым гісторыя, географія, пачаткі фізыкі, хіміі, зоолёгіі і іншых навук па папулярных нарысах, апісаньнях падарожжаў, урыўках з адпаведных чытанак і іншых дапаможніках, даступных для дзіцячага ўзросту. Сутнасьць сыстэмы навучаньня ў А. Ю. зводзілася да таго, каб на матар'яле даступных для дзяцей