Старонка:Замоцін Багдановіч.pdf/9

Гэта старонка была вычытаная

нагляданьняў і шляхам чытаньня дапасаваных да ўзросту, па магчымасьці, мастацкіх твораў, даць дзецям, яшчэ да паступленьня іх у сярэднюю школу, —як ён кажа,—"поўнае маленькае кола ведаў". Можна, калі хочаце, пярэчыць з пэдагогічнага і методычнага боку супроць такога падбору першапачатковых навучальных кніг, якія ён паказвае ў сваіх "Матар'ялах", але нічога нельга сказаць супроць гэтай концэнтрацыі (коррэляцыі, нават комплекснасьці—скажам тэрмінолёгіяй нашай сучаснасьці) першапачатковых ведаў, якая, бязумоўна, адыграла вядомую ролю ў формаваньні суцэльнага, таксама сконцэнтраванага сьветапогляду будучага поэты. Пасьля паступленьня дзяцей у гімназію, А. Ю. ня ўмешваўся ў іх школьнае навучаньне, але пастаянна, асабліва ў першыя гады вучэньня ў школе, кіраваў іх хатнім па-за клясавым чытаньнем, якое ў яго "ставілася сыстэматычна і цесна зьвязвалася з агульным ходам навучаньня". У падборы кніг для дамашняга чытаньня ня было твораў спэцыяльна так званай дзіцячай літаратуры, як чыста штучных літаратурных "вырабаў": на іх месца ўведзены былі "помнікі народнай творчасьці і мастацкія творы, даступныя для дзіцячага разуменьня". У сьпісе кніг для хатняга чытаньня паказаных А. Ю-чам у "Матар ялах", мы знаходзім для гэтага: 1) клясыкаў як расійскіх, так і заходня-эўрапейскіх (Арыост, Дантэ, Сэрвантэс, Мільтон, Міцкевіч, Пушкін, Гогаль і г. д.) і 2) рознастайныя ўзоры народнага эпасу (быліны, сербскія і баўгарскія песьні, Эдда, Песьня аб Нібялунгах, романсы аб Сідзе, Рустэм і Зораб, урыўкі з Іліяды, Одысеі і Энэіды і г. д.). Першымі кніжкамі з гэтага сьпісу для Максіма, як і для іншых дзяцей, былі, згодна паказаньня А. Ю-ча, "Детские сказки" Афанасьева і беларускія казкі запісу самога А. Ю-ча, а таксама беларускія казкі з зборнікаў Шэйна і Раманава, якія чыталіся дзяцьмі па выбару бацькі. У гэтым пераліку па-за клясавага чытаньня зварочвае на сябе ўвагу: 1) наяўнасьць беларускай народнай поэтычнай стыхіі, якая з самага раньняга дзяцінства ўдзельнічае ў выхаваньні будучага поэты і 2) шырокае выкарыстаньне узораў сусьветнай народна-эпічнай і мастацка-літаратурнай творчасьці. Апошняя акалічнасьць, бязумоўна, выхоўвала ў будучым поэце тую шырыню літаратурных інтарэсаў, якая з часам вызначылася як у рознастайнасьці жанраў у яго ўласных поэтычных досьледах, так і ў яго шматлікіх перакладах і перайманьнях чужых літаратараў (гл. М. Багдановіч, т. 1, разьдз. ІІІ). Неабходна, гаворачы аб хатнім навучаньні дзяцей пад кіраўніцтвам А. Ю-ча, адзначыць пільную ўвагу кіраўніка да абуджэньня і разьвіцьця эстэтычнага густу ў сваіх вучняў. "Разьвіцьцю густу, эстэтычных пачуцьцяў―расказвае А. Ю.―надавалася вялікае значэньне. Дзеці дэклямавалі і завучвалі вершы толькі высокамастацкія. Побач з гэтым высьвятляліся спосабы мастацкай творчасьці: трапныя і маляўнічыя эпітаты, удалыя мэтафары і усе дапаможныя спосабы мастацкае мовы. А галоўнае―я імкнуўся шляхам чытаньня мастацкіх твораў выклікаць пэўны настрой, абудзіць спачуваньне, прымусіць дрыжаць адказныя струны". Такім чынам, пачуцьці мастацкай формы і знаёмства з мастацкай тэхнікай будучы поэта мог вынесьці ўжо з першапачатковых бацькаўскіх лекцый і гутарак. У інтарэсах больш суцэльнага разьвіцьця чытаньне было так наладжана, каб роўналежна з чысталітаратурным матар'ялам даць юнаком-чытачом і матар'ял па іншых галінах ведаў, напрыклад, па прыродных навуках. Апрача таго, бацька заахвочваў і да фізычных практыкаваньняў ад лёгкай гімнастыкі да лазаньня па дрэвах і крутых берагох. Рабіліся спробы таксама, шляхам практыкаваньняў у сталярным і сьлесарным рамястве, выпрацаваць адпаведныя працоўныя навукі. Але гэты бок выхаваньня