Старонка:Замоцін Новая зямля.pdf/1

Гэта старонка была вычытаная
Пуціны беларускай літаратуры.
(Якуб Колас, "Новая зямля").
Проф. і. Замоцін.

Ой, вы дарожанькі людзкія,
Пуцінкі вузкія, крывыя!
Вы сьледам цьмяным снуяцеся
І ўсё блукаеце, бы ў лесе.
Вас горне шлях прасторнай плыні
І далягляд ружова-сіні,
Дзе так панадна сьвеціць сонца,
Дзе думка тчэ свае красёнцы.
Каб новы сьвет жыцьця саткаць
Заспакаеньне сэрцу даць
І разагнаць яго трывогі...
Прасторны шлях! калі-ж, калі
Ты закрасуеш на зямлі
І злучыш нашы ўсе дарогі?Якуб Колас.

І.

Калі ўглядвацца ў гістарычныя далі беларускай культурнай старажытнасьці, то пачатковыя пуціны беларускай літаратуры прадставяцца погляду назіральніка, як дзіўныя (причудливые) каляіны, там, то тут перасякаючыя адвечную народную цаліну. Зарадзіўшыся на гістарычным перасеку дарог з усходу на захад, на этнографічнай паласе пляменнай і рэлігійнай барацьбы, яны, гэтыя раньнія літаратурныя каляіны, часам рэзка, часам паволі, чуць закранаючы, барозьняць глебу Беларусі, нясучы з сабою то чужацкі ёй цьвет візантыйскага рытарызму, то суровую прастэчу старажытнага летапісу, то "вычварнае" пляценьне славес заходняй схолястычнай мудрасьці. Яны праходзяць і праз духоўныя "віршы" і "канты", і праз жартлівыя пародыі клясыцызму ў вобразе "Энэіды навыварат" або «Тараса на Парнасе», і праз нібы, народную песьню, і праз сэнтыментальна-романтычную манеру мастацкага ўспрыйманьня жыцьця. Праходзяць праз усё борзда, не паглыбляючыся ў глебу ніводнаю з наносных манер, і на першы погляд здаецца, што ў цяжкім гістарычным складзе дарэволюцыйнага беларускага жыцьця літаратура ніяк ня можа пусьціць глыбокіх карэньняў, і што гэтыя, выпадкова бягучыя па яе паверхні, літаратурныя каляіны вось-вось змые перавал гісторыі, які столькі разоў бурліва пранасіўся па зямлі Беларусі.

Але гэта ня так. І гэтага ня здарылася. Перавал гісторыі іх ня змыў, і непакойны вецер, бязьзьменна дзьмуўшы на гістарычным пера-