Старонка:Замоцін Новая зямля.pdf/10

Гэта старонка была вычытаная

воным прыгожым макам. На агульным фоне гэтых малюнкаў лесу і поля укроплены асобнымі мазкамі характэрныя рысы жывой беларускай прыроды—прылёт птушак, птушыныя крыкі, спатканьні з лясным зьверам, норавы свойскіх жывёлін і г. д.

Асаблівасьць гэтых зарысовак ня проста тыповасьць, але сваеасаблівае іх асьвятленьне з пункту погляду працоўнага чалавека, бо аўтар успрыймае і ажыўляе гэтыя пэйзажы ня як гарадзянін, ня як поэта-урбаністы, а як сын народу, яго вачамі любоўна азіраючы з дзяцінства блізкія яму малюнкі.

Вось чаму з гэтымі пэйзажамі так цесна сплятаюцца тыповыя малюнкі быту, якія склаліся таксама ў умовах працоўнага жыцьця. У поэме ёсьць характэрныя зарысоукі і беларускага жыльбішча: ёсьць тыповая "старая хата ў тры ваконцы", у якой "цёмна, няпрытульна, ў гразі, ў балоце ўсё агульна"; ёсьць і пабудаваная пасьля пажару новая хата, у якой пахне "смалою і сьвежым дрэвам, хваіною". Радам з беднасьцю рысуецца і малюнак дабрабыту ў сваеасаблівым, тыповым для старажытнасьці, разуменьні... Жыта там родзіцца на дзіва: "як едзеш між хлябоў вясною, у іх конь хаваецца з дугою! А з ячмянёў вары хоць піва... А мак, а рэпа! морква, бручка! А буракі, гуркі, пятрушка!"

Таксама характэрны і зарысоўкі тыповага працоўнага абыходку. Даецца падрабязговы малюнак будзёнай работы лясьніка: разам з лясьніком робіць чытаньнік абход лесу, праходзіць міма зваленай чыëюсь сякераю на землю бярозы, каля патравы на сенакосе і г. д. Падробна рысуюцца яго заходы каля свае пасады: мы разам з ім сустрачаем радасны дзень, калі каля яго пасады "запахла сьвежаю ральлёю і густою шчоткаю" ўзышлі "дробныя зярняткі", дзелавіта з усімі бытавымі падрабязгамі, авеянымі поэзіяй працы, апісана касавіца; ярка і вобразна зарысована жніва, калі "жней чародкі ідуць паважна, як лябёдкі", затым нарысованы ў тыповых малюнках рыбная лоўля, стаўляньне бярозавага соку, "падгляд пчол", зьбіраньне грыбоў, калі "ў ранюткі час" бор агалошваецца маладымі галасамі зьбіральнікаў грыбоў.

У поэме рысуецца і ўнутраны быт хаты. Мы прысутнічаем у хаце лясьніка ў той час, калі яго сям'я сядзіць за сталом і адбываецца звычай яды, апісаны са спакоем і дэтальнасьцю старога эпосу; мы бачым, як дарослыя і дзеці ядуць аладкі, "верашчаку і тварог запраўлены сьмятанай". Назіраем сям'ю ў зімовы вечар, калі старшыя ў коле дзяцей "пачнуць казаць свае ўспамінкі, вясьці размовы пра старынкі"; хата цьмяна асьветлена лямпаю, па сьценах дзіўныя цені, вакол жудасная цішыня, і ў цішыне размовы аб чымся таямнічным і вабячым. Бачым сям'ю ў сьвята, напр. на Коляды, калі спраўляецца куцьця, і ў хаце зьяўляецца звычайная сьвяточная ялінка, на якой усе дзіцячыя "радасьці і ўцехі": "На ёй валоскія арэхі, а з пазалочанай паперкі глядзяць панадныя цукеркі"; бачым і ў "Вялікоднік сьвяценькі", "калі са смакам елі і багата—на тое-ж даў бог людзям сьвята". Даецца малюнак і сукромнага вясковага банкету ў часе збору мёду, з няўхільнаю чаркаю і хатнімі закускамі, з ласкавай гаспадарскаю прынукаю і царамоннымі адмаўляньнямі гасьцей, нават з танцамі, якія часткаю выконваюцца "на панскі лад", часткаю без фасону, па натхненьню, бо "ногі скачуць мімавольна". Зрэдка чарка зьяўляецца і паза межамі сьвят, калі нелады па службе гоняць лясьніка ў шынок "к цётцы Хруме", і ў такіх выпадках пад пяром аўтара складаецца тыповы вобраз захмялеўшага сумленнага гаспадара, які ў сузнаньні свайго