Старонка:Замоцін Новая зямля.pdf/11

Гэта старонка была вычытаная

праступку перад сям'ёю нейк не адразу йдзе ў хату, залішне бачліва прыглядаецца да розных частак свае гаспадаркі і залішне доўга робіць гаспадарскую вымову двароваму сабаку.

Але як гэтыя сукромныя сямейныя сьвяты, так і звычайнае будзённае жыцьце даюцца беларусу цяжэрнаю працаю і пры тым працаю не на сваім шматку зямлі, а на панскай службе. Самая панская служба зьявілася не адразу, а пасьля цэлага шэрагу блуканыя ў пошуках заработкаў: "Хадзіў на сплаў ён, на віціны, разоў са два схадзіў у Прусы—куды ня трапяць беларусы?"—лірычна дадае аўтар, гэтаю фразаю падкрэсьліваючы цяжкую долю бяздомнага чалавека ў Беларусі.

І ня гледзячы на прыгнечаньне жыцьця, фізычная і моральная бадзёрасьць і сьвежасьць гэрояў поэмы мімавольна спыняе на сабе ўвагу чытальніка. Дзелавітасьць, разумная, сэнсоўная працавітасьць, сьвядомае цягненьне да хараства прыроды, спагадлівая любасьць да ўсяго жывога, не выключаючы воўка, які гіне зімою ў стрыжані, сьветлы оптымізм, што не пакідае чалавека нават у цяжкай долі, — вось тыповыя рысы насельнікаў "лясьніковай пасады". Асабліва тыповы дзядзька Антось, які "майстар быў на штукі і быў маханік на ўсе рукі", з яго нявычэрпаным нязлым юморам, скрозь які ён, як скрозь прызму, з дзіцячаю прастадушнаю мудрасьцю аглядае і расцэньвае ня толькі прыроднае прывольле лясной глушы, але і панскую культуру на прыбраных вуліцах Вільні. Бліжэй усяго да дзядзькі Антося стаяць дзеці, зарысованыя ў поэме з вялікаю псыхолёгічнаю пранікальнасьцю. Мы бачым тут сьвет дзіцячай фантазіі і дзіцячых страхаў, сьвет, які разгортваецца ў цішы лясных балот каля вячэрняга кастра недалёка ад убогай зямлянкі; тут усё ёсьць: "начныя страхі, зданьні, зыкі, ліхая нечысьць, сьмярцьвец", прытуліўшыся пад ёлкаю вядомы дзед, неадлучны прыжывальнік дзіцячай фантастыкі, і над усім гэтым шчамячае сэрца "смутнае бляяньне", якім "баранчык божы" агалошвае жудасную цішыню ляснога балота. Бачым і дзіцячыя забаўкі і ўдзел дзяцей у рабоце дарослых, і зносіны іх з прыродаю, і іх сваеасаблівую вучэбу пад кіраўніцтвам вясковага "дарэктара" з вузел ростам, які жыве тымі-ж самымі дзяціннымі інтарэсамі, як і яго вучні.

Прастата і далікацтва душы працоўнага беларуса асабліва рэльефна выступаюць у поэме радам з тыпамі паноў і іх панскім абыходкам. Пан укліньваецца ў жыцьцё лясніка у асобе новага лясьнічага, чалавека жорсткага, «пана-злыдня», «пана-ката», у асобах княжыцкіх упраўнікаў, пахвальбістых і надзьмутых, што зьяжджаюцца на «панскую пацеху», на паляваньне глушцоў; у вобразе сярдзітага віленскага чыноўніка, да якога трудна падыйсьці блізка; у вобразе чужацкага для простага чалавека ўвабранага натоўпу адкормленых і давольных насельнікаў Вільні. Паміж тым і другім соцыяльным асяродкам адчуваецца непраходны правал: па адным боку правалу—агіда да працы, якая эксплуатуецца, па другім—стрымленае абурэньне, гатовае перайсьці ў навальніцу. Але душэўнае далікацтва і тут сваім пачуцьцём не пераступае граніцы сваёй аддаўнай мужыцкай праўды: дзеля гэтага натоўп лясьнікоў, прышоўшых на пахаваньне старога лясьнічага, які «ня кепскі пан быў», памінаюць яго добрым словам: "стаяць і пану раю жычаць".

V.

Сваім соцыяльна-бытавым абагульненьням беларускага жыцьця, свайму соцыолёгічнаму сынтэзу, аўтар прыдае яскрава выказанае дэ-