Старонка:Замоцін Новая зямля.pdf/12

Гэта старонка была вычытаная

мократычнае асьвятленьне. Ідэялёгія яго поэмы вызначаецца ўжо самым выбарам тэмы: ён-жа піша аб такіх незаметных людзях, якія ў умовах адзначанай эпохі не прадстаўлялі вялікае цікавасьці для мастацтва і літаратуры: «аб іх гісторый не складаюць, пра іх і песень не сьпяваюць». Але ён злажыў аб іх сваё апавяданьне, бо яго задача была—выявіць тую соцыяльную няпраўду, у ўмовах якой зжывалі свой век яго мала заметныя гэроі. Соцыяльная няпраўда—гэта паднявольная панская служба, гэта «сабачы хлеб», служба «з-за панскага агрызка», «батрацкая доля да магілы», «доля вечнага падпаска». Выйсьце да праўды адно: «прыдбаць свой кут, каб з панскіх выпутацца пут». Гэта думка аб шматку зямлі—ня проста сялянская туга па сваёй уласнасьці: не, яна запала ў сэрца беларуса "як промень волі і свабоды", бо з ёю зьвязан нястрыманы парыў да творчае працы і наогул да новага быту.

У творчасьці новага жыцьця зямля — галоўная апора і падмога: «Зямля дасьць волі, дасьць і сілы, зямля паслужыць да магілы». У зямлі—усе надзеі і чаяньні і ўсе залогі лепшага будучага; зямля, як і прырода, асабліва ў момант яе вясеньняга абуджэньня «лелеет творимую легенду» новага жыцьця, — яна іменна параджае жаданьне «жыць, у шыр разьняцца, за долю лепшую змагацца». Сам поэта цьвёрда верыць у немагчымасьць "назад ход часаў павярнуць", у непарушаную праўду новага жыцьця, у няўхільнасьць гэтага «гістарычнага перавалу», за якім пачынаецца новы сьвет. І ён толькі бясконца смуткуе, што ня ўвесь яго родны край, гэты «край адвечнай мукі», разарваны цяпер на-двое цяжкаю рукою вайны, што ня ўвесь ён радасна ідзе на спатканьне новаму жыцьцю. Але ён хоча надзеяцца, што «хоць ня мы, дык нашы дзеці» убачаць яго цэльным і адзіным. Такоў ідэялёгічны сынтэз поэмы.

Мне астаецца нямнога даказаць аб сваіх уражаньнях, выкліканых поэмай «Новая Зямля». Калі я пачынаў яе праглядаць, я чакаў найці ў ëй поэтычнае апавяданьне з беларускага быту, скомпанованае па манеру літаратурнага народніцтва, прадстаўленага ў расійскай літаратуры, напр. Кальцовым, Мікіціным і др. поэтамі. Прачытаўшы некалькі разьдзелаў, я ўбачыў перад сабою сваеасаблівую амальгаму старога, амаль народнага эпічнага складу з навейшымі дасягненьнямі мастацка-рэальнага стылю, пераходзячага іншы раз у стыль сымболізму. Закончваючы чытаньне, я ужо ніколькі не сумняваўся ў тым, што перада мною―ня твор літаратурнага народніцтва, не перайманьне старожытнай эпіцы і ня сымбалічная модэрнізацыя народна-поэтычнага слова: я зразумеў, што перада мною іменна беларуская мастацкая літаратура моманту, выявіўшая ў поэме Якуба Коласа свой запраўдны орыгінальны твор. І гэта запраўднае сучаснай беларускай літаратуры лепш за ўсё выявілася іменна ў паглыбленьні, у асобе поэта Якуба Коласа, тых асноўных яе літаратурных пуцін, якія вядуць яе да ўсебаковага пазнаньня Беларусі сродкамі мастацкага слова. Прылажэньне гэтых пуцін да літаратурнае практыкі нясумненна ажыцьцяўляецца і другімі беларускімі поэтамі і павінна стаць, думаецца мне, наогул найболей жыцьцёвым кірункам беларускай літаратуры: у гэтым яе найболей яркае цяперашняе, у гэтым яе лепшае будучае.

Прыяцьце і рэалізацыя гэтых пуцін у поэме "Новая Зямля" складаюць умовы яе дваякага значэньня. Першае значэньне――народнае, ня ў сэнсе старога літаратурнага народніцтва, а ў сэнсе запраўднай