Старонка:Замоцін Новая зямля.pdf/13

Гэта старонка была вычытаная

дэмократызацыі мастацкага слова. Разгляданая з гэтага боку поэма Якуба Коласа можа і павінна заняць месца ў кожнай беларускай школе, у кожнай вясковай і гарадзкой чытальні на тэрыторыі Беларусі: для вёскі яна—зразуменьне свайго быту, для гораду—зразуменьне вёскі, у выніку―пуціны да іх узаемнага пазнаньня і братэрскіх зносін у справе будаўніцтва новага жыцьця. Але поэма Якуба Коласа ў сваім значэньні пераходзіць граніцы Беларусі. Яна прачытаецца, як братэрскае прывітаньне, і за яе заходнім рубяжом яе роднымі, цяпер адарванымі ад нас брацьцямі; прачытаецца, як дружацкае прызнаньне, на ўсходзе і на поўдні, цяпер соцыяльна-зьнітаваным з ёю вялікарусам і ўкраінцам, урэшце, у ўдатным перакладзе, яна зацікавіць і заходнія літаратуры сваім яркім мясцовым, этнографічным колёрытам і чалавецка-значным асьвятленьнем народна-пролетарскага быту. У гэтым яе другое, больш шырокае, соцыяльна-культурнае значэньне.

Гаворачы аб гэтых значэньнях поэмы, я ня проста мысьлю іx тэорытычна, як крытык і гісторык літаратуры, але я і перажываю іх, як чытаньнік, на асабовай спробе. Успамінкі аб уласным дзяцінстве ў абстаноўцы вёскі Цьвярской губэрні, у сялянскай хаце і сям'і, дзе мой айцец прадсталяў сабою першае, а я толькі другое пакаленьне сялян, вышаўшых з-пад крэпасной няволі, ― гэтыя ўспамінкі ярка ўстаюць перада мною пры чытаньні поэмы Якуба Коласа; яна варочае мяне да аддаўнай, але з гадамі аслабеўшай, сувязі з прыродай, зямлёю і вясковым бытам, і мне становіцца асабіста зразумелым яе пepшае значэньне, як мастацкага сродку пазнаваньня шырокага народнага жыцьця. Але я чытаю гэту поэму ня толькі, як селянін пa нараджэньню, які цікавіцца апавяданьнем аб сялянскім быце: я чытаю яе яшчэ і як вялікарус, зьявіўшыся ў адноўленую Беларусь для дружацкага супрацоўніцтва ў яе новым культурным будаўніцтве, у гэтым выпадку я чутка сузнаю другое значэньне поэмы Якуба Коласа, як мастацкага апарату, прыбліжваючага нас, вялікарусаў, да братэрскага пазнаньня Беларусі і да добрых зносін з ёю. У гэтым выпадку поэма "Новая Зямля" гаворыць не аб адных літаратурных пуцінах: яна ўваскрошвае ў нашай памяці і тыя цёмныя „проселки" нядаўнага старога быту, тыя, скажам словамі поэмы, "дарожанькі людзкія, пуцінкі вузкія, крывыя", па якіх яшчэ нядаўна мы ўсе, і вялікарусы і беларусы, блукалі ў пошуках выйсьця на новую шырокую дарогу, на прасторны шлях. Поэма Якуба Коласа, якая рысуе падзеі 1890-1900 гадоў, падводзіць сваіх гэрояў і сваіх чытаньнікаў да гэтага "прасторнага шляху" новага жыцьця, якое будуецца ў нашы дні.

На гэтай шырокай пуціне новай, братэрскай соцыяльнасьці павінны па слову поэта зысьціся ўсе чалавецкія мацаваньні, усе мэты, павінны сьціхнуць усе трывогі.

"Прасторны шлях! калі-ж, калі
Ты закрасуеш на зямлі
І злучыш нашы ўсе дарогі?


30-ХІ-1923 г.