Старонка:Замоцін Новая зямля.pdf/2

Гэта старонка была вычытаная

секу, не зраўняў іх з паверхняю беларускай роўнядзі. Яны аказаліся досыць жыцьцястойкімі і моцнымі ў сваім бегу. Іх сіла аднак была ня ў тым, што яны карміліся візантызмам або схолястыкаю, і ня ў тым, што яны часамі ўложваліся ў форму францускага клясыцызму або рамантыкі: іх сіла была ў тым, што пад імі, пад гэтымі літаратурнымі каляінамі, крэпка залёг пласт народнай беларускай мовы і народнай беларускай творчасьці, а над імі мысьлёваму погляду беларускага пісьменьніка заўсёды, нават у тыя цяжкія эпохі гісторыі Беларусі, прадстаўляецца тая будучая шырокая й вольная пуціна беларускага літаратурнага росквіту, той—скажам словамі поэмы Якуба Коласа—«прасторны шлях", на якім павінны былі сыйсьціся разам усе адзіночныя каляіны старых і новых літаратурных шуканьняў. І гэта народная цаліна, па якой прабеглі адпачаткавыя літаратурныя дарогі, і гэты „прасторны шлях", да якога яны імкнуліся, як да канчатковай мэты, у сваёй істоце здаўна былі цьвёрда зьвязаны з лёсамі народу, нягаснуча праменявалі бадзёрую цяплыню жывога народнага цела і беспрастанку выхоўвалі суджаньне беларускіх пісьменьнікаў у духу дэмократычных імкненьнеў. Дзеля гэтага ўсёроўна ці возьмем мы калядную "вертепную" драму і духоўныя "вирши“, або беларускую "Энэіду" і "Тараса на Парнасе", усёды, не гаворачы ўжо аб раньніх бэлетрыстычных спробах на беларускай мове, мы нойдзем нязьменную проэкцыю ў народны быт, усёды пачуем веяньне грамадзянскай жальбы, што йдзе рука ў руку з бадзёрым народным гумарам, і усёды літаратурная творчасьць будзе мець нязьбежны дэмократычны ўхіл.

Вось чаму, калі ў канцы прошлага 19 сталецьця, насталі першыя гады беларускага руху, усе ранейшыя літаратурныя дарогі зьбегліся да тае гістарычнае мяжы, да тых гістарычных варот, на якіх сьветлымі бліскучкамі пачыналі выступаць рысы ўсё болей і болей вызначаючага сябе лёзунгу "Адраджэньне Беларусі". Каля гэтых гістарычных варот канчаліся йшоўшыя здаўна літаратурныя каляіны: за гэтымі варотамі пачыналіся літаратурныя пуціны адроджванай беларускай творчасьці. Вялікая расійская рэволюцыя шырока расчыніла гэтыя вароты ў новую Беларусь, удубальт адрадзіўшы яе да новага жыцыця—і да нацыянальнага самавызначэньня і да аднаўленьня соцыяльнага ладу. І на новых літаратурных пуцінах, разгарнулася ажыўленая і інтэнсыўная работа. Ці трэба даводзіць, што гэта работа навейшай беларускай літаратуры вытворча і многавобразна ў сваіх дасяганьнях? І напраўду: ці аднаўляюць навейшыя беларускія поэты тэхніку стылю? Ці пасоўваюць далей распрацоўку верша? Ці пробуюць свае сілы найболей характэрных літэратурных жанрах? Ці адклікаюцца на новыя словы ў вобласьці поэтычнай формы? Урэшце, ці ўносяць у сваю творчасьць мотывы новага будаўніцтва жыцьця, высунутыя рэволюцыяй? На ўсе гэтыя пытаньні трэба адказаць пацьвярджальна. Але, навейшая беларуская літаратура выпрацоўвае яркі мастацкі стыль, складае гармонічны верш, дае ўзоры ўсіх жанраў ад дробнага апавяданьня да соцыяльнага роману, ад драматычнай хронікі ў наіўна-романтычным духу да значнай па замысьленьню рэальна-бытавой драмы, ад лірыкі асабовых настрояў да лірыкі высокага грамадзянскага сазнаньня: яна горача рэагуе на проблемы новай соцыяльнасьці, яна рэалізуе на сваёй роднай мове поэтыку сымболізму і другіх новых плыняй, яна спорна працуе над словатворчасьцю і пасоўвае наперад разьвіцьцё беларускага мастацкага слова. І тым ня меней мы жадаем маладой бела-