Старонка:Замоцін Новая зямля.pdf/3

Гэта старонка была вычытаная

рускай літаратуры нейкіх болей стойкіх і цьвёрдых літаратурных пуцін, па якіх яна павінна прыйсьці да свайго росквіту.

Гаворачы аб гэтых пуцінах, я падыходжу да беларускай літаратуры ня як узыскоўны крытык і ня як натуральны панэгірысты: я падыходжу да яе толькі як радавы дыагносты, узброены гісторыка-літаратурным крытэрыем з тым, каб на аснове свайго дыагнозу сказаць, пры якіх умовах гэты малады, поўны здаровых сіл, організм беларускай літаратуры будзе разьвівацца дальш у кірунку "мужественного" росту і высокай сталасьці,—іначай кажучы, як павінны скласьціся асноўныя пуціны яго разьвіцьця.

Гэтыя пуціны дыктуюцца асноўнымі задачамі беларускай літаратуры. Якія гэта задачы? У тых умовах, у якіх пачынае жыць новая Беларусь, і яе пачынаючая адраджацца культура, беларуская літаратура павінна мастацка рэалізаваць нацыянальнае беларускае самавызначэньне, яна павінна быць фактарам культурнага адраджэньня Беларусі, у мастацкіх вобразах адбіць асноўныя моманты яе жыцьця, узбагаціць літаратурную мову і разам з тым―і гэта найбольш важная задача―яна павінна правесьці ў сузнаньне шырокіх народных мас ідэалы новай соцыяльнасьці, на якіх перабудоўваецца ўсё наша жыцьцё.

Уложым гэтыя задачы ў асадкі асноўных літаратурных коордынатаў, і тады выясьняцца пажаданыя пуціны беларускай творчасьці. Першы момант у коордынацыі літаратурнай творчасьці―тыя крыніцы і матар'ялы, з якімі зьвязан самы гэнэзіс работы мастацка-літаратурнай мысьлі. Падлічваючы налічнасьць конкрэтна жыцьцёвых задач навейшай беларускай літаратуры, мы павінны згадзіцца, што гэты першы момант абавязвае яе ступіць на дарогу шырокага назіраньня і нават экспэрымэнтальнага дасьледваньня беларускага народнага жыцьця і ўсёй беларускай рэчавістасьці, як крыніцы і матар'ялу творчасьці.

Другі момант у літаратурнай коордынацыі ― мастацкая форма, мастацкая тэхніка, у якую ўкладваецца назіранае мастаком жыцьцё. Супастаўляючы з гэтым другім момантам жыцьцёвыя задачы навейшай беларускай літаратуры, мы павінны прызнаць, што яе другая пуціна ― гэта пуціна выпрацаваньня жывога конкрэтнага мастацкага стылю на аснове народнай мовы, як народна-бытавой, так і народна-поэтычнай, і паглыбленьне сваёй поэтыкі ў вобласьці рэальна бытавых літаратурных жанраў.

Трэйці момант у коордынацыі слоўнай мастацкай творчасьці ― гэта тыпізацыя жыцьця, як рэзультат нагледжанай мастаком рэчавістасьці сродкамі яго літаратурнай тэхнікі. У адпаведнасьці з гэтым момантам жыцьцёвыя задачы навейшай беларускай літаратуры выводзяць яе на трэйцюю пуціну ― пуціну мастацкіх абагульненьняў соцыяльна-культурнага жыцьця Беларусі ў прошлым і ў сучасным, на пуціну грамадзянска-псыхолёгічнага яе вытлумачэньня.

Урэшце, чацьверты момант літаратурнай коордынацыі ― гэта тое асабовае (індывідуальнае), звычайна ідэолёгічнае асьвятленьне тыповых вобразаў і малюнкаў жыцьця, якое выходзіць з сьветаразуменьня аўтара. Ажыцьцяўленьне гэтага моманту намячае і яшчэ адну, чацьвертую, пуціну навейшай беларускай літаратуры, іменна мастацкае выяўленьне соцыяльна-культурных задач і правядзеньне ў грамадзянскае сузнаньне новай соцыяльнай ідэялёгіі.

Такавы чатыры пуціны, чатыры конкрэтныя заданьні высокага жыцьцёвага значэньня. На першай пуціне навейшая беларуская літа-