Старонка:Замоцін Новая зямля.pdf/4

Гэта старонка была вычытаная

ратура павінна выявіць у мэтах прывядзеньня да аднаго мастацкага сынтэзу ўсю многавобразнасьць крыніц і матар'ялаў, гістарычнага, бытавога і, наогул, культурна-этнографічнага характару — крыніц, якія яшчэ доўга будуць карміць беларускую мастацкую творчасьць, у якіх доўга яшчэ будуць знайходзіць свой гэнэзіс найболей яскравыя стварэньні беларускага мастацкага слова.

Такім чынам першая пуціна ― пуціна сынтэзу крыніц, сынтэзу найболей жыцьцёвых даных, абумоўліваючых гэнэзіс і расквіт сучаснай беларускай літаратуры. Гэта сынтэз гэнэтычны. На другой пуціне навейшая беларуская літаратура павінна шырока захапіць тыя сродкі мовы, якія багата заложаны ў жывой народнай гутарцы і ў помніках народнай поэзіі, і скарыстаць іх для выпрацаваньня сваёй поэтыкі і літаратурнай тэхнікі. Гэта сынтээ фармальна-мастацкі. На трэйцяй пуціне культурна-этнографічныя матар'ялы і ўсебаковыя назіраньні над жыцьцём Беларусі, уложаныя ў мастацкія формы, павінны даць многранныя абагульненьні яе соцыяльнага быту. Гэта сынтэз соцыолёгічны. На чацьвертай пуціне ўся гэта многавобразнасьць тыповых абагульненьняў павінна быць зьведзена да аднэй задачы, да аднаго асноўнага ідэялёгічнага асяродку — новай соцыяльнасьці. Гэта сынтэз ідэялёгічны.

Вызначаючы гэтыя пуціны, я зусім не хачу абмяжоўваць сфэру мастацкіх дасягненьняў навейшай беларускай літаратуры. Я добра разумею, што асобным яе прадстаўніком у поўнай меры даступны ня толькі рэальна бытавое апавяданьне, але і мастацкае выяўленьне інтымных глыбін асабоваго лірызму, ня толькі мастацка-рэальная манера пісьма, але і новыя дасягненьні поэтыкі сымболізму, імажынізму і г. д. аж можа быць да футурыстычнай "заразумовай" словатворчасьці, ня толькі мастацкая рэалізацыя сваіх мясцовых тэм, але і асьвятленьне проблемы ўсечалавечага значэньня. І тым ня меней я думаю, што для маладой беларускай літаратуры ўсё, што ляжыць пазамежамі вышэйпамечаных пуцін, зьяўляецца покі настолькі-ж лішнім і нямэтадакладным, як ўсякая зьлішне нэрвовая напружанасьць або фізычнае ператамленьне зьяўляецца непажаданым для юнацкага, толькі што пачаўшага „мужаць" організму. І яна, гэта беларуская літаратура нашых дзён, чутка шукае гэтых пуцін, як у асобе сваіх корыфэяў, так і ў асобе некаторых радавых сваіх работнікаў на полі мастацкага слова.

ІІ.

Налічнасьцю гэтых пуцін, мне здаецца, вызначаецца і значэньне новага буйнага твору поэта Якуба Коласа, іменна яго поэмы «Новая Зямля».

У якой-жа меры гэта поэма стаіць на цьвёрдых пуцінах беларускай літаратуры і ў якой меры пракладае іх далей? Вось пытаньне, якое перш за ўсё выклікае гэты новы твор поэта?

Поэма "Новая зямля" прадстаўляе сабою вялікую цікавасьць перш за ўсё па свайму гэнэзісу, іначай кажучы, па тых крыніцах, з якіх яна склалася. У аснове яе ляжыць "автобиографическая канва“. Вясковы і лясны зацішак, дзе вырас поэта, родная сям'я, незамыславаты быт лясьніка, першыя годы навучаньня, дзіцячыя радасьці і гора, хатняя гаспадарка, вакольная прырода — адным словам дзяцінства і юнацтва, але не ў дваранска-памешчыцкай пасадзе, а ў беларускай хаце—вось